Прапусціць свае думкі і ўчынкі праз сіта выгады

 |  Ангеліна Пакачайла  |  На скрыжаванні
Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары паразважаем з Вамі пра цану нашага збаўлення, сучаснае камерцыйнае мысленне і тарыф для сувязі з Хрыстом. Даведаемся аб заступніку студэнтаў і аб тым, што спытаюць на Страшным судзе.
   Што ж, наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Вы куплены дарагой цаною; не станавіцеся нявольнікамі людзей” (1 Кар 7, 23).
   За збаўленне кожнага з нас Бог заплаціў высокую цану крывёю свайго Сына. З рабства граху мы вызваляемся ў Езусе Хрысце. Калі мы дагаджаем іншым людзям і робім нешта супрацьзаконнае, то супярэчым Божай волі і становімся рабамі людзей.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб быў ліквідаваны гандаль людзьмі, сучасная форма рабства
   Сёння часта эксплуатуюцца цела і праца чалавека. З гэтай прычыны пашыраецца прастытуцыя, прымусовая праца, гандаль органамі. Бог глыбока смуткуе, бачачы на зямлі прыгнёт і несправядлівасць. Молімся ў інтэнцыі ліквідацыі гэтых жудасных з’яў рэчаіснасці.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
   гандаль
   Няма такога перыяду ў гісторыі, калі гандаль не аказваў уплыву на грамадскае жыццё. Ён узнік яшчэ ў каменным веку у сувязі з падзелам працы і абменам лішкамі вырабляемых прадуктаў. Паступова паміж людзьмі наладзіліся таварна-грашовыя адносіны – і панеслася... Сёння гандаль займае важнае месца ў жыцці кожнага чалавека: трэба апрануцца, абуцца, паесці, дзесьці і неяк жыць. Сумна, калі чалавечае існаванне нагадвае бег вавёркі ў коле: здабыць грошы – набыць нешта, і наадварот. За шалупіннем матэрыяльных даброт хаваецца штосьці больш важнае.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   прапусціць свае думкі і ўчынкі праз сіта выгады
   Мысленне сучасных людзей часта прасякнута выгадай: “а што мне за гэта будзе?”, “калі я табе дапамагу, дык і ты мне будзь ласкавы” і інш. З-за гэтага ў свядомасці чалавека сціраецца разуменне бескарыслівасці, велікадушнасці, сардэчнасці. Асоба перастае аддаваць – і толькі патрабуе сама.
    Час прапусціць свае думкі і ўчынкі праз сіта выгады. Мажліва, чорнае зерне паніжае якасць добрых учынкаў?
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   зрабіць дабро для людзей, не таргуючыся
   Хтосьці прыгожа сказаў: “Бог не спытае, які ў цябе быў дом, Ён спытае, колькі ў гэтым доме пабывала ўдзячных табе людзей; не спытае, якая ў цябе была машына, але колькіх людзей ты падвёз; не спытае і пра колькасць сяброў, але пра тое, колькі людзей цябе лічылі сваім сябрам; не спытае, колькі ў цябе было адзення, але колькі вопраткі ты аддаў тым, хто мае ў ёй патрэбу; не спытае Ён і аб тым, колькі ў цябе было грошай, але аб тым, хто кім валодаў: ты – імі або яны – табой”.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Тарыф Езуса”, Rema-X
   Гурт выконвае песню аб стартавым пакеце, “які самы выгадны і лепшы на планеце”. За сувязь з Хрыстом не належыць плаціць: “паколькі за цябе ўжо паспелі заплаціць”. “Табе не патрэбен тэлефон, каб пазваніць; усё, што трэба ад цябе – гэта гаварыць”.


 КНІГА МЕСЯЦА:

   “Той, хто разрывае аковы”, Ніл Андэрсан
   Кожны дзень – гэта барацьба. Існуе шмат рэчаў, якія перашкаджаюць нам быць тымі, кім мы з’яўляемся на самой справе. Штодня мы абяцаем Богу стаць лепшымі, але нічога не змяняецца. Гатовы да перамен?
    Прапаную Вашай увазе моладзевае выданне, якое дапаможа вызваліцца ад жудасных звычак і глыбокіх расчараванняў. Памятайце, кожны з нас можа разарваць аковы і быць свабодным у Хрысце.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

   святы Ян з Кентаў
   Нарадзіўся Ян 24 чэрвеня 1390 года ў Кентах (Польшча). Ва ўзросце 23-х гадоў паступіў у Кракаўскую акадэмію на аддзяленне філасофіі. Скончыў яе ў 1418 годзе са ступенню магістра. Хутчэй за ўсё, у гэты ж час ён падрыхтаваўся да прыняцця святарскага пасвячэння, якое атрымаў у санктуарыі айцоў рэдэмптарыстаў у Тухаве.
    На працягу васьмі гадоў кіраваў школай пры кляштары ў горадзе Мехаве. Пазней – выкладаў у Кракаўскай акадэміі тэалогію. У далейшым атрымаў ступень доктара багаслоўскіх навук.
    Вёў сціплы вобраз жыцця. Ахвотна дапамагаў бедным студэнтам, раздаючы ім заробленыя грошы. Быў таксама вядомы сваёй праўдзівасцю і пазбяганнем абгавораў. Жабракоў сустракаў словамі: “Хрыстос прыходзіць”, і заўсёды саступаў ім сваё месца. Здзейсніў паломніцтва ў Ерузалем, і некалькі разоў пешшу хадзіў у Рым.
    Памёр 24 снежня 1473 года, акружаны ўсеагульнай павагай, любоўю і гонарам. Пахаваны ў касцёле святой Ганны ў Кракаве. Беатыфікаваны папам Інакенціем ХІ у 1680 годзе. Кананізаваны ў 1767 годзе папам Кліментам ХІІІ. З’яўляецца заступнікам Кракаўскай архідыяцэзіі, а таксама выкладчыкаў і студэнтаў.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў кастрычніку?
   св. Тэрэза (1 кастрычніка),
    св. Францішак (4 кастрычніка),
    св. Ігар (5 кастрычніка),
    св. Пелагея (8 кастрычніка),
    св. Эдуард (13 кастрычніка),
    св. Дамінік (14 кастрычніка),
    св. Пётр (18 кастрычніка),
    св. Ян (20 кастрычніка),
    св. Уршуля (21 кастрычніка),
    св. Сабіна (27 кастрычніка),
    св. Альфонс (31 кастрычніка).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top