Акультурыць свае паводзіны

 |  Ангеліна Пакачайла  |  На скрыжаванні
Хвала Хрысту!
    Вітаю ўсіх чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра высакародныя паводзіны, самаадданасць і бескарыслівасць. Даведаемся, як акультурыць глебу душы і пражыць жыццё так, каб потым ні пра што не шкадаваць.
   Што ж, наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат шляхетнага паходжання” (1 Кар 1, 26).
   Гаворка ідзе пра мудрасць, уплывовасць і знатнае паходжанне. Але Бог часцей заклікае людзей простых, якія нічым не вылучаюцца, бо чалавек павінен не хваліцца перад Усявышнім, а хваліць Яго.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб усе людзі, якія працуюць на ніве валанцёрства, велікадушна служылі патрабуючым
   Добраахвотнікі робяць гэты свет крышачку дабрэйшым. Кожны з нас можа аддаць ім кроплю сваёй сілы праз малітоўную падтрымку. Зробім разам вялікую справу!
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
   высакароднасць
   Першапачаткова высакароднасць азначала знатнае паходжанне, пазней – маральную якасць чалавека незалежна ад яго сацыяльнага становішча. Сёння высакароднай лічыцца асоба сумленная і самаадданая, гатовая дапамагчы таму, хто мае ў гэтым патрэбу. Пад высакароднасцю разумеецца душэўная чысціня, высокая маральнасць, разуменне таго, што кожны заслугоўвае справядлівасці.
    Ці ёсць месца высакароднасці ў маім жыцці? Ці лічу я сябе высакароднай асобай? Час паразважаць над гэтымі пытаннямі.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   акультурыць свае паводзіны
   Звычайна акультурваюць, напрыклад, прыкасцёльную тэрыторыю або ўчастак каля хаты. Паспрабуем жа акультурыць свае думкі і пачуцці, а разам з імі – і ўчынкі. Для гэтага трэба ўзвысіцца і напоўніцца глыбокім сэнсам. Дапамогай паслужыць літаратура, мастацтва, праца. Пасля гэтага паводзіны, безумоўна, набудуць высакародны бляск і адценне ўзнёсласці.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   зрабіць учынак “на карысць рода”
   Раней людзей з маленства вучылі жыць сумленна, каб не зганьбіць свой род. Высакародны чалавек імкнуўся праславіць дынастыю добрымі справамі. Аснову ўчынкаў складалі бескарыслівасць і гатоўнасць паступіцца асабістымі інтарэсамі.
  Мажліва, варта задумацца над тым, як выказаць падзяку продкам? Дзякуючы ім, Ты як мінімум атрымаў у спадчыну сваё прозвішча.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Вельмі важна”, Наталля Літвіенка
   “Вельмі важна пражыць гэтае жыццё, і потым ні пра што не шкадаваць”. Песня пра тое, як трэба цаніць кожную хвіліну свайго існавання. Радасць дзяліць з бліжнім, яго патрэбу і гора прапускаць праз сябе. “Каб потым ні пра што не шкадаваць, трэба Госпаду верна служыць”, – спяваецца ў прыпеве.

 КНІГА МЕСЯЦА:

   “Няма нічога немагчымага з Богам”, Кэтрын Кульман
   На старонках гэтай кнігі Вы сустрэнецеся з марскім капітанам, які вылечыўся ад раку кішэчніка, з актрысай, якая цудоўным чынам пакінула наркотыкі, з доктарам, жонка якога за секунды ачуняла ад СНІДу, а таксама з многімі-многімі іншымі. Гэтыя ўнікальныя гісторыі з’яўляюцца неабвержным сведчаннем цудоўнага пераўтварэння, якое Бог можа даць кожнаму, хто Яго шукае.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

   святая Клара
   Нарадзілася Клара ў 1194 годзе ў Асізі (Італія). Сям’я дзяўчынкі была адной з самых багатых дваранскіх сямей той мясцовасці. Лінія продкаў Клары прасочваецца ажно да Карла Вялікага. Дзяўчынка была старэйшай сярод трох сясцёр. Калі Клары споўнілася 12 гадоў, бацькі намерваліся аддаць яе замуж. Але ў яе атрымлівалася ўпэўніць іх пачакаць з планамі аб замужжы ажно да 18-годдзя.
    Клара ведала гісторыю навяртання Францішка Асізскага. Акрамя таго, два першых яго паслядоўніка – Руфіно і святар Сільвестр – былі яе дваюраднымі братамі. Падчас Вялікага посту ў 1212 годзе ў саборы Сан Руфіно Францішак прамовіў некалькі казанняў. Узрушаная яго словамі, Клара прыняла канчатковае рашэнне пайсці за Хрыстом па прыкладзе Францішка, а пасля асабістай сустрэчы з ім дзяўчына вырашыла збегчы з дому.
    У Пальмовую нядзелю таго ж года Клара прыбыла ў Порцыункулу, дзе яе чакаў Францішак. Перад алтаром у капліцы ён абрэзаў яе доўгія валасы і выбрыў танзуру. Там дзяўчына змяніла сваё элегантнае ўбранне на строгае францішканскае адзенне і склала шлюбы. З-за рашучага жадання сям’і вярнуць Клару дадому, яна вымушана была ўцякаць і хавацца. Пазней заснавала ордэн кларысак.
    Памерла Клара 11 жніўня 1253 года. Кананізавана папам Аляксандрам ІV у 1255 годзе. З’яўляецца заступніцай тэлебачання.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў жніўні?
    Св. Лідзія (3 жніўня),
    св. Клаўдзія (7 жніўня),
    св. Дамінік (8 жніўня),
    св. Раман (9 жніўня),
    св. Клара (11 жніўня),
    св. Максім (13 жніўня),
    св. Стэфан (16 жніўня),
    св. Алена (18 жніўня),
    св. Эмілія (24 жніўня),
    св. Наталля (26 жніўня),
    св. Фелікс (30 жніўня).
   
    Усе заўвагі, пажаданні і конкурсныя лісты дасылаць на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі
    Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top