Узбіць душу, як падушку

 |  Ангеліна Пакачайла  |  На скрыжаванні
Хвала Хрысту!
    Рада вітаць Вас у моладзевай рубрыцы “На скрыжаванні”. Жадаю ўсім сонечнага настрою і натхнення на кожны дзень. Няхай усё атрымаецца!
    Сёння мы з Вамі паразважаем аб культуры абыякавасці, заўчаснай смерці і гераічнасці. Даведаемся, хто “раўняе” душы і навошта патрэбна ўмець пераводзіць стрэлкі на сябе.
    Што ж, наперад з Богам!
   
    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне” (Мц 24, 12)
   Аднойчы вучні спыталі ў Езуса, калі настане канец света. І Ён пералічыў мноства нягод, якія чакаюць чалавецтва. Апошняй з іх было раўнадушша. І дадаў: “Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены” (Мц 24, 13).
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб мы, адмаўляючы культуру абыякавасці, маглі займацца пакутамі бліжніх, асабліва хворых і ўбогіх
   Папа Францішак заклікае ўсіх католікаў свету маліцца аб чуласці і спагадлівасці сэрцаў. Відавочна, сёння свет гэтага асабліва патрабуе.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
   раўнадушша
   Знакаміты рускі пісьменнік Антон Чэхаў аднойчы сказаў, што “раўнадушша – гэта параліч душы, заўчасная смерць”. І сапраўды, душа жыве перажываннямі, пачуццямі, эмоцыямі. Калі кветку не паліваць, вядома, яна загіне. Так і душа – пачынае згасаць. З абыякавасцю прыходзіць бессардэчнасць і безуважнасць.
    Паразважаем, ці не трапілі мы ў пастку злога, які “раўняе” душы? Ці не надзяваем маску абыякавасці, калі нам гэта зручна?
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   узбіць душу, як падушку
   Мабыць, не адзін з Вас любіць узбіваць перад сном падушку. Тады яна робіцца мякчэйшай і, здаецца, больш утульнай. Прапаную ўзбіць душу! Дазволіць ёй натуральна рэагаваць, нягледзячы на ўстоі грамадства і агульнапрынятыя нормы. Не сумнявайцеся, гэта будзе правільны крок насустрач сабе.
    Як гэта зрабіць? Глядзіце “справу месяца”.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   пераводзіць стрэлкі на сябе
   Вам прапануецца незвычайная іголкатэрапія. Перад кожнай справай або фразай варта задумвацца: “А калі б мне так?”. Не памылюся, калі скажу, што гэтая думка пазбавіла б свет многіх няшчасцяў.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
   “Раўнадушша”, G.O.N.G.
   Выканаўца спявае аб тым, што раўнадушша – гэта сухая зямля. “Раўнадушша з’ядае мяне”, – ключавыя словы ў прыпеве. “Гэта вайна! Жыццё адно! Абыякавасць забівае! Але ведаю, на зямлі толькі любоў уратуе!”. У канцы аўтар падводзіць рысу: “Раўнадушша не для цябе”.

 КНІГА МЕСЯЦА:

   “Пра Эўхарыстыю. Маёвыя разважанні”, кс. Францішак Груднёк
   Кніга невялікага фармату, якую зручна насіць з сабой. Выданне змяшчае разважанні на кожны дзень на дзвюх мовах: беларускай і польскай. Пасля кожнага разважання – малітва.
  “Разважанні, складзеныя вядомым польскім рэлігійным публіцыстам ксяндзом Францішкам Груднёкам, былі ўзятыя з кнігі «Пан ідзе з неба. Роздумы над хрысціянскім жыццём» (Бытам, 1997). Яны могуць быць выкарыстаны ў касцёлах і капліцах падчас паралітургічных набажэнстваў пад кіраўніцтвам святара, падчас супольнай малітвы групы вернікаў, а таксама для прыватнага чытання і разважання”, – напісана ва ўступным слове біскупа Антонія Дзям’янкі.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

   святая Жана д’Арк
   Нарадзілася Жана каля 1411 г. у сям’і збяднелых дваран у французскай вёсцы Дамрэмі. Ніколі не вучылася ў школе, таму не ўмела ні чытаць, ні пісаць. Выконвала звычайныя хатнія абавязкі.
    Жана расла пабожнай дзяўчынкай. Ва ўзросце 13 гадоў яна ўпершыню, як сама ўспамінае, пачула галасы святога арханёла Міхала, святой Кацярыны Александрыйскай і, як лічыцца, святой Маргарыты з Антыёхіі. Праз іх дзяўчына дазналася пра трагічную сітуацыю на сваёй Радзіме і ролю, якую для яе выбраў Бог. Менавіта Жане было наканавана зняць аблогу з Арлеана, узвесці дафіна на трон і выгнаць захопнікаў з каралеўства. Ішла Стогадовая вайна.
    З глыбокай верай 17-гадовая дзяўчына прыбыла да караля і абвясціла яму, што паслана Небам для вызвалення краіны. Кароль завагаўся, але пасля шматлікіх праверак прызначыў яе галоўнакамандуючай. Жана атрымала дазвол насіць мужчынскае адзенне і надзела даспехі. Голас з неба сказаў ёй, дзе быў закапаны меч, пазначаны пяццю крыжамі. На сваім сцягу дзяўчына змясціла абраз Езуса і Марыі.
    У 1429 г. Жана з невялікім атрадам вызваліла Арлеан, пасля чаго была празвана “Арлеанскай Дзевай”. Дзяўчына прынесла краіне шмат перамог, пад яе заклікам быў каранаваны кароль Францыі. Але з-за прыдворных інтрыг Жана была здраджана і трапіла ў палон да ворагаў.
    Пачаўся судовы працэс. Яна была абвінавачана ў зносінах з д’яблам. У ходзе працэсу высветлілася, што абвінаваціць падсудную будзе не так ужо і проста – дзяўчына трымалася мужна і ўпэўнена, абыходзячы шматлікія пасткі. Суд пайшоў іншым шляхам: абвінаваціў дзяўчыну ў нашэнні мужчынскага адзення. Насуперак нормам царкоўнага суда Жане не дазволілі падаць апеляцыю Папе. Яна была спалена зажыва 30 мая 1431 г. на плошчы Старога Рынка ў Руане.
    Пасля Стогадовай вайны, якая скончылася перамогай Францыі, добрае імя Жаны д’Арк было адноўлена. Беатыфікавана папам Піем Х у 1909 г., кананізавана ў 1920 г. Бенедыктым ХV. Касцёл успамінае святую 30 мая.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў сакавіку?
    Св. Зігмунд (2 мая),
    св. Фларыян (4 мая),
    св. Ірына (5 мая),
    св. Людміла (7 мая),
    св. Мацей (14 мая),
    св. Зоф’я (15 мая),
    св. Андрэй (16 мая),
    св. Рыта (22 мая),
    св. Філіп (26 мая),
    св. Аўгустын (27 мая),
    св. Жана (30 мая).
   
    Усе заўвагі, пажаданні і конкурсныя лісты дасылаць на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі
    Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top