Прабачыць і ўпусціць вясну ў сэрца!

 |  Ангеліна Пакачайла  |  На скрыжаванні
Пахвалёны Езус Хрыстус!
    Вітаю ўсіх чытачоў “Слова Жыцця”. Ужо другі раз мы сустракаемся з вамі на старонках газеты. Хочацца спадзявацца, што ў папярэднім матэрыяле моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні” кожны нешта для сябе адзначыў. Паяднаўшыся з Богам у думках і дзеяннях,вы сталі бліжэй да Яго.
    Я, напрыклад, з гонарам магу сказаць, што навучылася шчырай малітве. Адчуваю, што Бог размаўляе са мною. Аднойчы было дастаткова прыйсці ў касцёл і ў думках звярнуцца да Усявышняга. Ёе адказаў мне і блаславіў. Я адчула гэта! А яшчэ я ведаю, што бабулі і дзядулю было прыемна атрымаць ад мяне паштоўку, у якой я яшчэ раз нагадала, як я іх люблю. Здаецца, узляціш, калі сэрца адкрыта для добрых учынкаў. А давайце паспрабуем дзяліцца сваімі думкамі, разам падводзіць вынікі і ставіць перад сабою новыя мэты. Пішыце на адрас рэдакцыі!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “І, калі саграшыць супраць цябе брат твой, ідзі і пасварыся на яго ў чатыры вокі. І, калі ён паслухае цябе, здабудзеш брата твайго” (Мц 18,15).
    Сакавік на дварэ – вясна на душы. Пачынае раставаць снег, свеціць сонца, нават праглядвае дзе-нідзе зялёная трава. Разам з прыродай абуджаецца і наша сэрца. Хочацца скінуць з сябе цяжкі кажух і ўдыхнуць свежага паветра. Мажліва, кажух запэцкаўся. Яго трэба пачысціць. І толькі пасля гэтага з лёгкасцю ўпусціць у сваё чыстае сэрца вясну.

   Мэта месяца: падрыхтавацца да посту

    9 сакавіка – Папяльцовая серада, пачатак Вялікага посту. А пост - гэта час для таго, каб змяніць сваё жыццё ў лепшы бок. І перад тым, каб нешта рабіць, трэба падрыхтавацца. Няхай хвіліны роздуму падкажуць, што неабходна тваёй душы. Ачысціцца, паяднацца, адважыцца, зрабіць пастанову. Бог заўсёды з табою.

    Прадмет разважанняў месяца: мае слабыя месцы
    Яны ёсць у кожнага з нас. Нашы слабыя месцы падобныя да дзірак у адзенні. Відавочна, што падранае адзенне не надае нам прыгажосці. Патрэбны латкі.
    Ці магчыма засяродзіць цяпер на іх увагу (а калі, як не сёння?) і паспрабаваць змагацца з тым, што часам так замінае?

    Справа месяца: выправіць свае памылкі.
    У жыцці часта многае забываецца, і прабачэнне застаецца толькі ў думках. А яшчэ часцей здараецца так, што мы не згаджаемся з тым, што вінаватыя. І цягнецца хвост непаразумення. Каб пазбавіцца ад яго, трэба азірнуцца, прааналізаваць жыццё - і прыйсці да думкі, што нешта патрабуе змен з твайго боку. Галоўнае - памятаць, што выправіцца ніколі не позна.

    Aсоба месяца: Ян Непамуцкі Чэшскі
   каталіцкі святар, прызнаны касцёлам святым у 1729 годзе. Жыў у другой палове ХІV ст. Вывучаў права, маючы сан святара. У Празе атрымаў ступень бакалаўра, у Падуі – доктарскую ступень. Чэшскі кароль Вацлаў IV лічыў каталіцкае духавенства сваім апанентам ва ўнутранай палітыцы і заўсёды канфліктаваў са святаром. У 1393 годзе ўладай былі схоплены тры святары, у тым ліку і Ян Непамуцкі. Пазней двух яго таварышаў адпусцілі, а ён пасля катавання быў скінуты з Карлавага маста ў Влтаву. Гэта адбылося 20 сакавіка 1393 года. Паводле меркаванняў хранікёраў, святар адмовіўся раскрыць каралю тайну споведзі каралевы.
    Існуе паданне, што на тым месцы, куды было скінута цела Яна Непамуцкага, з’явілася ззянне з пяці зорак. Пасля гэтага святога прадстаўляюць на абразах з пяццю зоркамі над галавой і пальмавай галінкай у руках.
    Дзень памяці духоўнага заступніка спавядальнікаў - 16 мая.

    Песня месяца: “Вера вылечыць” (“Вера исцелит”), “Ave”.
    Група “Ave” мае некалькі альбомаў з песнямі на рускай, беларускай і польскай мовах. Кожны вернік, які хоча паслухаць змястоўную песню, знойдзе ў зборніках групы тое, што шукаў.
    Кампазіцыя “Вера вылечыць” - аб сутнасці веры, аб яе моцы. Часам, калі твая вера ставіцца пад сумненне, хочацца пачуць словы падтрымкі. А калі слухаеш гэтую песню - ведаеш, што вера надае сілы. І кажаш (ужо падпяваеш): “не теряй надежду, если трудно устоять”.
    “Так важно стремиться туда, где свет, где правда есть, где жизни след”.

    Кніга месяца: “Бог даў мне другі шанс”, Глорыя Пола.
    Прапаную пачытаць кнігу жанчыны, якая перажыла Божы суд і па волі Усявышняга вярнулася на зямлю. Яна выжыла цудам пасля ўдару маланкі, калі яе цела поўнасцю абгарэла. Бог даў ёй другое жыццё, другі шанс.
    У кнізе падрабязна апісваецца, як Глорыя на Божым судзе адказвала за свае думкі і ўчынкі. І Бог спытаў яе па кожнай з дзесяці запаведзяў. Жанчына некалі і не ведала, што робіць цяжкі грэх. Бог паказаў ёй гэта. І сказаў, каб яна распавядала аб іх размове іншым людзям.
    Яе прызнанне - невялікі сучасны “катэхізіс” па Божых запаведзях. Чалавек яшчэ раз прыгадвае іх, аналізуе і чуе Божыя словы. Бог кажа, што з кожнага спагоніць па заслугах.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top