У супольнасці з Богам: катэхізацыя дарослых

 |  Рэдакцыя  |  Катэхеза са «СЛОВАМ»

Катэхеза для дарослых у Шчучыне збірае шмат жадаючых слухачоў

У сучасным свеце мы маем справу з дынамічнасцю развіцця навукі, тэхнікі, грамадскага жыцця. Сённяшнія часы патрабуюць ад нас усё большай кампетэнцыі. Працадаўцы патрабуюць ад працаўнікоў павышэння прафесійнай кваліфікацыі. Падобным чынам адбываецца з верай. Вера патрабуе сёння сумленных ведаў, бо так, як увесь час павінен паглыбляць свае веды чалавек, які хоча развівацца інтэлектуальна, так таксама і той, хто хоча ўзрастаць духоўна, павінен нястомна – адначасова з многімі іншымі справамі – паглыбляць свае рэлігійныя веды.
У дакументах Касцёла, між іншым у “Catechesi tradendae”, а таксама ў дакуменце Міжна­роднай рады па справах катэхезы “Катэхеза для дарослых у хрысціянскай супольнасці” падкрэсліваецца, што адным з найбольшых клопатаў (...), клопатам вострым і пільным, народжаным з агульнага вопыту (...), з’яўляецца катэхеза для дарослых”. Гэты пастулат асабліва актуальны ў сённяшні час, калі згодна з агульнай думкай дарослыя выступаюць як людзі поўнасцю сфарміраваныя, сталыя ў веры, якія не патрабуюць катэхезы. Але на самой справе можна ўбачыць абсалютна іншы вобраз дарослага католіка, фармацыя якога затрымалася на этапе Першай св. Камуніі, магчыма сакраманту канфірмацыі. Усім гэтым асобам Касцёл выходзіць насустрач, прапануючы шляхам сістэматычнай катэхезы дапоўніць недахоп ведаў Божых і пачаць будаваць сталую веру.
Св. Ян Павел II ужо на другім годзе свайго Пантыфікату, падкрэсліваючы вялікую значнасць катэхізацыі дарослых, сказаў: “Гаворка ідзе пра праблему вялікай значнасці, якую мае катэхізацыя дарослых. Гэта самая лепшая форма катэхезы, бо яна накіравана на асоб, якія выконваюць самыя вялікія заданні і ўвогуле здольны жыць паводле хрысціянскага паслання, прычым у яго паўнаце. Хрысціянская супольнасць не можа праводзіць сталую катэхезу без непасрэднага і праверанага ўдзелу дарослых, як тых, якія ў ёй удзельнічаюць, так і тых, якія яе арганізоўваюць. Свет, у якім маладыя павінны жыць і сведчыць аб веры, які катэхеза стараецца вывучыць і ўмацаваць, у большасці сваёй заходзіцца ў руках дарослых, таму іх вера павінна таксама заўсёды асвячацца, ўзмацняцца і аднаўляцца, каб магчы прасякнуць усю зямную дзейнасць, за якую яны нясуць адказнасць. Каб катэхеза магла быць такой паспяховай, яна павінна быць пастаяннай; бо яна будзе на самой справе дарэмнай, калі спыніцца на самым парозе дарослага ўзросту; а таму, канешне, у іншай форме, яна будзе не менш неабходна для дарослых”.
    Развіццё сучаснага свету, дзе існуе мора інфармацыі, якая не заўсёды згаджаецца з Божымі ісцінамі, а часам абсалютна іх аправяргае, абгрунтоўвае неабходнасць катэхізацыі дарослых. Вернікі, нават тыя, хто атрымаў дакладнае і поўнае хрысціянскае выхаванне, перажываюць цяжкасці, звязаныя з рэлігійным жыццём. Сёння шмат тых, хто ўжо ў сталым узросце выказвае сумненні адносна сэнсу і значэння жыцця. Ёсць сярод вернікаў і людзі, якія, нягледзячы на сваю прыналежнасць да Касцёла, ніколі не выказвалі сваю асабістую “згоду з пасланнем Божага Аб’яўлення”. Адсюль вынікае неабходнасць катэхезы для дарослых, каб паглыбляць веру і хрысціянскае жыццё сярод вернікаў. Катэхізацыя дарослых неабходна, каб вернікі, якія знаходзяцца на розных этапах развіцця, прымалі Божае слова і разумелі яго, каб словам і прыкладам давалі сведчанне сваёй веры, каб імкнуліся дасягнуць сталасць у веры і не задавольваліся жыццёвым мінімалізмам. Вернікі абавязаны заўсёды звяртацца да Бога, каб магчы прачытаць Божы план у асабістым жыцці. Дарослыя павінны быць падрыхтаваны да чытання Святога Пісання і разумення традыцый, да свядомага ўдзелу ў св. Імшы і літургіі, павінны ўмець глядзець на людскія справы ў святле Божай справы і далучацца да абвяшчэння Евангелля і еднасці хрысціян.
    Хрысціяне павінны стала ўдасканальвацца ўнутрана, каб згодна з патрабаваннямі Божага слова магчы выконваць заданні ў грамадскім, сямейным, прафесійным жыцці і г.д. Здольнасці і ўменні сталага чалавека павінны фарміравацца і асвячацца Божым словам. У складаныя жыццёвыя моманты дарослы чалавек таксама патрабуе дапамогі, таму яго вера павінна заўсёды асвячацца, узмацняцца і ахоўвацца. Яму неабходна пастаяннае заахвочванне, каб абудзіць у сабе жаданне наладжвання супольнасці з кожным чалавекам, а асабліва ў сужэнстве, сям’і і Касцёле. Адсюль вынікае неабходнасць катэхезы, якая б несла дапамогу дарослым у поўным разуменні хрысціянскай любові. Пагрозай для сучаснага чалавека з’яўляецца жаданне прыстасавацца да групы, у якой ён жыве, без уліку каштоўнасцей, якія гэтая група сабой прадстаўляе. Адсюль з’яўляецца неабходнасць такой катэхезы, якая б указала чалавеку правільную іерархію мэт і прывяла б яго да поўнага разумення сэнсу чалавечага жыцця. Яна павінна таксама пэўным чынам даваць адказы на сучасныя пытанні, якія датычаць рэлігійных і маральных спраў, асвячаць адносіны паміж свецкай і касцёльнай дзейнасцю, будаваць разумныя асновы веры і паказваць, што Евангелле заўсёды актуальнае і жывое.
    Калі ж казаць пра пажылых людзей, якія ўжо глядзяць у мінулае, варта адзначыць, што катэхізацыя можа дапамагчы ім паглядзець на старасць з трохі іншага боку. Гэты перыяд можа стаць для іх часам надзеі на прысутнасць Бога, бессмяротнае жыццё і будучае ўваскрасенне. А можа, гэта будзе час сведчання каталіцкай веры праз цярплівасць адносна іншых, праз добразычлівасць, малітву, праз дух убоства і давер Богу.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top