Сакрамант аздараўлення душы і цела

 |  дк. Аляксандр Семінскі  |  Катэхеза са «СЛОВАМ»
Хвароба з’яўляецца адным з негатыўных вынікаў першароднага граху. Чалавек у хваробе адчувае сваё бяссілле, абмежаванасць і смяротнасць. Гэта супярэчыць натуральнай волі жыцця і становіцца для веруючых заклікам да таго, каб паглядзець на гэтую складаную сітуацыю з верай. Як знайсці сэнс фізічнага ці псіхічнага болю, страху і неспакою, звязанага з нашай смяротнай натурай? Дзе шукаць дапамогі ў пакутах, якія могуць прывесці да закрытасці ў сабе, нават да роспачы і бунту супраць Бога? Толькі ў Хрысце, Уцелаўлёным Слове, Збаўцы чалавека і Пераможцы смерці можна знайсці дапамогу і адказы на гэтыя пытанні (параўн.: Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 1500–1510; параўн. таксама: бл. Ян Павел II, Пасланне на I Сусветны дзень хворых, 3).
Абвяшчаючы Добрую Навіну ўбогім гэтага свету, Езус часта спачуваў хворым і аздараўляў іх ад розных хвароб. Хрыстос паведамляе пасланнікам Яна Хрысціцеля, што шматлікія аздараўленні, якія Ён здзяйсняе, з’яўляюцца асаблівымі знакамі Яго прыходу на гэты свет і блізкасці Божага Валадарства (параўн.: Мц 11, 2–6). Божы Сын мае не толькі моц аздараўлення, але і моц прабачэння грахоў. Ён прыйшоў, каб ацаліць і збавіць усяго чалавека, яго душу і цела, Ён з’яўляецца лекарам, неабходным хвораму (параўн.: Мк 2, 5–17). Хрыстос часта аздараўляў хворых, дакранаючыся да іх, ды і самі хворыя імкнуліся да Яго дакрануцца, “таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх” (Лк 6, 19). Ён увесь час “дакранаецца” ў сакрамантах да параненых і хворых людскіх душ і цел, каб вылечыць іх (параўн.: ККК 1503–1504).
    Хрыстос, Боскі Лекар, пасылаў Апосталаў вылечваць людзей. Ён даў ім удзел у сваім пасланні спачування і аздараўлення, а Апосталы “шмат хворых намашчвалі алеем і вылечвалі” (Мк 6, 13). Уваскрослы Пан паўтарае гэтае пасланне перад сваім Унебаўшэсцем, кажучы: “У Маё імя [...] на хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць” (Мк 16, 17–18). “Хворых аздараўляйце!” (Мц 10, 8) – Касцёл атрымаў гэтае заданне ад Езуса Хрыста. З апостальскіх часоў Касцёлу вядомы таксама абрад над хворымі, які ў сваім Пасланні апісвае св. апостал Якуб: “Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму” (Як 5, 14–15). Касцёл прызнаў гэты абрад адным з сямі сакрамантаў, які сёння называецца намашчэннем хворых (параўн.: ККК 1506–1507, 1509–1510).
    Думаючы пра гэты сакрамант, у нашым уяўленні часта ўзнікаюць самыя трагічныя вобразы, звязаныя са смерцю, цяжкімі пакутамі і хваробай. З сярэдніх вякоў у рэлігійнасці чалавека існуе перакананне, што гэты сакрамант з’яўляецца апошнім намашчэннем. Але на самой справе ён не прызначаны выключна для тых, хто перажывае апошнія хвіліны жыцця і ўжо фактычна знаходзіцца ў стане агоніі. Самы адпаведны час, каб прыняць аздараўленчыя ласкі гэтага сакраманту, – гэта час, калі вернікам пачынае пагражаць небяспека з-за хваробы ці старасці (параўн.: Кодэкс кананічнага права, кан. 1004, §1). Намашчэнне хворых можна прымаць шматразова: напрыклад, калі хворы пасля прыняцця сакраманту выздаравеў, а пасля зноў захварэў, калі падчас той самай хваробы адбылося сур’ёзнае пагаршэнне яго стану (параўн.: ККП, кан. 1004, §2). Зусім не безсэнсоўна, каб маладым людзям ці нават дзецям, якія ўжо маюць пэўную свядомасць, таксама быў удзелены сакрамант намашчэння хворых, калі, напрыклад, іх чакае складаная аперацыя. Намашчэнне лба і рук хворага святым алеем азначае аздараўленчы працэс, які заключаецца не толькі ў аздараўленні цела, але ў першую чаргу ў збаўленні душы і яе адраджэнні праз ласку Хрыста, у захаванні яе ад страху і роспачы. Гэты сакрамант нясе вялікія ласкі для пакутуючага ад хваробы чалавека. Гэта, перш-наперш, глыбейшае аб’яднанне з мукамі Хрыста: хворы, злучаючы сваё цярпенне з цярпеннем Збаўцы, далучаецца да асвячэння і будаўніцтва супольнасці Касцёла, да дабра і збаўлення ўсіх яго членаў. Так хворы становіцца падобным на “калону ў касцёле”, бо праз сваё цярпенне ён падтрымлівае Касцёл, які складаецца з “жывых камянёў” (параўн.: ККК 1521–1522).
    У гэтым сакраманце Святы Дух прыходзіць да пакутуючага чалавека з узмацненнем, суцяшэннем і адвагай, каб ён па-хрысціянску мог прымаць час хваробы і старасці, гэтым самым вылечваючы яго адносіны да хваробы. Ласка намашчэння дае чалавеку сілы для барацьбы, узмацняючы надзею і абуджаючы веру ў Божую міласэрнасць і дабрыню (параўн.: ККК 1520, 1532).
    Яшчэ адной ласкай гэтага сакраманту з’яўляецца прабачэнне грахоў, калі хворы не мог яго атрымаць праз сакрамант пакаяння і знаходзіцца ў непрытомнасці, але перад гэтым праз акт жалю адвярнуўся ад граху. Гэта аздараўленне хворай на грэх душы пакутуючага чалавека. Іншым вынікам намашчэння з’яўляецца атрыманне здароўя. Бог удзяляе гэты дар у выпадку, калі ён паслужыць духоўнаму дабру хворага і збаўленню яго душы. Выздараўленне не абавязкова павінна быць цудоўным; сакрамант дае натуральную магчымасць выздараўлення, на якое ўплывае супакойванне душы і ўказанае Божым Провідам кіраўніцтва натуральнымі фактарамі, ад якіх залежыць аздараўленне (параўн.: ККК 1520, 1523).
    Яшчэ адна ласка – падрыхтоўка смяротна хворага верніка да пераходу ў вечнае жыццё. Гэты сакрамант робіць чалавека здольным перамагчы ў апошняй барацьбе за сваё збаўленне, становіцца для яго абаронай ад злога, каб ён мог спакойна ўвайсці ў дом Айца. У залежнасці ад захавання пакутуючага, гэты сакрамант скарачае яму таксама часовыя і чыстцовыя пакаранні (параўн.: ККК 1523, 1532).
    Бачачы веліч ласк, якія выплываюць з Божай міла­сэрнасці ў сакраманце намашчэння хворых, не трэба адкладваць прыход святара да хворага, бо гэта стала б знакам адсутнасці любові да хворага і клопату аб яго душы і целе. Гэта падкрэсліваюць ксяндзы, якія працуюць у нашай дыяцэзіі і якія не аднойчы заўважаюць такое занядбанне з боку блізкіх адносна хворых у іх сям’і. Выражэннем нашай любові да хворага з’яўляецца таксама клопат аб частай споведзі і св. Камуніі для яго, напрыклад, у кожную першую пятніцу месяца.
    Да прыходу святара трэба добра падрыхтавацца. Падрыхтоўка датычыць самога хворага, бо гэта да яго прыходзіць святар з Панам Езусам. Таму трэба яго памыць, расчасаць і чыста апрануць, не забываючыся таксама пра яго ложак. Але значна важнейшым з’яўляецца яго духоўная падрыхтоўка. Трэба прыгадаць хвораму, што праз момант ён прыме сакрамант пакаяння, намашчэння святым алеем і св. Камунію. Затым трэба памаліцца з хворым, просячы аб годным прыняцці гэтых святых сакрамантаў. Па меры магчымасці, добра было б расказаць яму аб ласках і пладах сакраманту намашчэння хворых (параўн.: К. Пелятоўскі, Святыя сакраманты, с. 28).
    Трэба памятаць пра належную падрыхтоўку пакою, у якім ляжыць хворы, каб быў чысты і добра праветраны. Каля ложка хворага ставіцца стул, на які сядзе святар, калі будзе слухаць споведзь. Насупраць ложка ставіцца стол, які трэба накрыць абрусам, а на стале змяшчаецца крыж паміж дзвюма свечкамі, шклянка з вадой і лыжачка, вата, асвечаная вада і крапіла. Калі святар падыходзіць, хтось­ці з сям’і выходзіць яму насустрач, укленчвае на момант перад Панам Езусам, а затым праводзіць святара да хворага. У пакоі хворага збіраюцца члены сям’і, каб ушанаваць Збаўцу і падтрымаць сваёй малітвай блізкага пакутуючага чалавека. Усё гэта неабходна, і калі блізкія хворага будуць памятаць аб гэтым, яны самі і хворы будуць добра падрыхтаваны да прыняцця святара з Панам Езусам, тады хворы атрымае яшчэ большую духоўную карысць ад прыняцця святых сакрамантаў (параўн.: К. Пелятоўскі, Святыя сакраманты, с. 28–31).
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top