Сакрамант Пакаяння

 |  дк. Юрый Садоўскі  |  Катэхеза са «СЛОВАМ»
Ачышчэнне людской душы адбываецца падчас св. споведзі“Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ян 20, 22–23)
Калі мы назіраем за людзьмі і падзеямі, узнікае пытанне, чаго ў свеце больш: дабра ці зла? Святое Пісанне кажа, што Пан Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Чалавек выйшаў з Божых рук цудоўным стварэннем. Ён прыгожы, гарманічны, радасны, вольны. Параўноўваючы свет, створаны Богам, з сучасным светам, мы не можам не заўважыць розніцы. Таму ў нас паўстаюць пытанні: “Адкуль у сэрцы чалавека з’явілася зло?”, “Якім чынам мы можам змагацца з ім?”. Бог не ствараў зла. Яно ўвайшло ў свет не таму, што свет быў недасканалы, але таму, што чалавек сам, маючы вольную волю, выбраў яго. Калі чалавек успрымае вольнасць як самаволю і робіць толькі тое, што сам хоча, не задумваючыся аб наступствах сваіх дзеянняў, незаўважна для сябе ён пачынае змяняцца. Кніга Быцця апісвае, калі і як быў учынены першы ў гісторыі свету грэх, які да сённяшняга дня мае знішчальны ўплыў на жыццё чалавека. Кожны чалавек нараджаецца з наступствамі першароднага граху: ён слабы, падлягае ўплыву зла, хварэе, церпіць, памірае.
Першародны грэх разарваў сувязь чалавека з Богам, а таксама стаў прычынай унутранага канфлікту ў самым чалавеку. І каб дапамагчы нам на нашым няспынным шляху навяртання, Езус устанавіў сакрамант пакаяння, ці інакш споведзі.
    Нашае навяртанне – гэта няспынны працэс, які распачаўся ў нашым жыцці ад сакраманту хросту. Езус, праходзячы побач, гледзячы на нас з любоўю, не змушае да выбару. Ён кліча нас да супольнай працы над уласным збаўленнем. Той, хто чуе гэты голас, свядома і добраахвотна выбірае Хрыста і рашуча адкідвае д’ябла і яго справы.
    Споведзь – гэта не размова са святаром, які павінен адпавядаць маім патрабаванням. Споведзь – гэта НАВЯРТАННЕ ў прысутнасці святара, праз якога Бог адпускае грахі. Вызнанне грахоў не з’яўляецца прыемнай справай і, напэўна, яно заўсёды будзе суправаджацца пачуццём сораму. Падчас сваёй споведзі амаль усе хочуць прыйсці да незнаёмага святара, які сядзіць у канфесіянале ў самым цёмным месцы касцёла. Некаторым людзям сакрамант споведзі прыносіць вялікі клопат. Воля чалавека паранена першародным грахом, таму яму часта вельмі цяжка супрацьстаяць злу. Але калі маеш свядомасць, што змагаешся не адзін, што разам з табой за тваё збаўленне змагаецца Езус, гэта дадае сіл і адвагі. Найлепшая абарона супраць подступаў д’ябла – гэта хрысціянскае жыццё ў “ягонай штодзённасці”. Той, хто хоча быць сапраўдным хрысціянінам, павінен штодня перамагаць спакусы і разам з Хрыстом працаваць над сваёй дасканаласцю.
    Бог прагне, каб кожны чалавек заставаўся ў блізкіх з Ім адносінах любові і даверу. Аднак грэх супрацьстаіць гэтаму, адварочваючы ад Бога нашыя сэрцы, ранячы Яго любоў і знішчаючы чалавечую годнасць. Каб не знішчыць у сабе прыгажосці і годнасці Божага дзіцяці, мы штодня павінны працаваць над сабою. У святле веры грэх з’яўляецца найвялікшым няшчасцем чалавека, і таму, каб з ім змагацца, неабходна яго распазнаць, а распазнаўшы – вызнаць, а вызнаўшы – вярнуцца да Бога ў сакраманце пакуты. Якім зняволенням паддаецца сучасны чалавек, які няправільна разумее ўласную свабоду.
   
    Чаму некаторыя людзі пазбягаюць споведзі?
    Часцей за ўсё гэта адбываецца таму, што не ўсе правільна разумеюць сутнасць сакраманту пакаяння. Так, напрыклад, шклянка мае сваю вартасць дзякуючы таму, з чаго яна зроблена. Яна можа быць з шкла, гліны і нават золата. У яе можна наліць ваду, насыпаць пясок альбо напоўніць яе каштоўнымі камянямі, і тады яе вартасць значна павялічыцца. Але калі б у шклянцы быў пясок, а мы хацелі б напоўніць яе каштоўнымі камянямі, у нас нічога не атрымалася б. Для таго, каб шклянка выконвала сваю функцыю, нам спачатку трэба яе ачысціць, бо ў напоўненай шклянцы больш нічога не змяшчаецца, а з бруднай ніхто не хоча піць. Таксама і з чалавекам. Пра знешнюю прыгажосць чалавека мы кажам, гледзячы на ягоны твар, колер вачэй, валасоў, на будову цела. Як і шклянка, чалавек можа быць чымсьці напоўнены: радасцю, супакоем, любоўю або, наадварот, сумам, злосцю, нянавісцю. Гледзячы на гэта, мы кажам: маладушны і нявыхаваны ці шчыры і адкрыты, або, можа, святы, Божы чалавек.
    Можа здарыцца так, што калісьці мы станем перад Богам прыгожыя, але пустыя. Для таго, каб Бог мог нас напоўніць, мы павінны дазволіць Яму ачысціць нас ад бруду граху і ўласнага эгаізму. Такое ачышчэнне адбываецца ў сакраманце пакаяння.
   
    Чым з’яўляецца пакаянне ў жыцці хрысціяніна?
    Гэта радыкальная змена жыцця, акт шчырага навяртання да Бога, адыход ад зла з агідай да ўчыненых грахоў, імкненне і станоўчае рашэнне змены жыцця, надзея на Божую міласэрнасць і спадзяванне на дапамогу Божай ласкі.
    Найлепшым выражэннем нашага пакаяння з’яўляецца наш жаль, пастанаўленне выправіцца і шчырае вызнанне грахоў падчас споведзі перад святаром, які дзейнічае ад імя Хрыста.
    Словы адпушчэння грахоў не дзейнічаюць аўтаматычна. Грэшны чалавек павінен шчыра шкадаваць за здзейсненыя грахі, вызнаць іх і горача жадаць выправіць зло, учыненае Богу і чалавеку. Навяртанне распачынаецца ад унутранай перамены, якую Святое Пісанне акрэслівае як “метаноя” (з грэч. – перамена сэрца). Сапраўднае навяртанне закранае ўсяго чалавека: яго розум, душу і нават цела, але пачатак навяртання павінен быць у сэрцы. А ў хуткім часе, дзякуючы дзеянню Божай ласкі, зменіцца і жыццё чалавека.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top