Замілаваныя ў Хрысце!
Хрыстус уваскрос – сапраўды ўваскрос!
У літургічным годзе Касцёл адзначае ўрачыста дзве ночы: адна называецца – святая, а другая – вялікая.
У першай - Бог з’явіўся сярод нас у чалавечым целе, народжаны з Марыі Панны. У другой – чалавек, у якім увасобілася Слова, што заззяла ў Хрысце хвалай Боства.
Першая – была брамай, якая вядзе да жыцця сярод працы і прыніжэння.
Другая – цераз зневажанне і працу – да жыцця.
Першая ноч існавала для другой ночы, а абедзве – для чалавека.
Пасля саракадзённага перыяду падрыхтоўкі мы сталі ля брамаў Вялікай ночы. Увёў нас у яе слуга алтара, які нясе запалены пасхал. У цемры, якая спавіла нашую святыню, замігацеў агеньчык пасхальнай свечкі, нібы несучы радаснае прадвесце надыходзячага дня. “Святло Хрыста” – тройчы пачуўся ўсё гучнейшы спеў. Людзі запалілі ад агеньчыка пасхалу свае свечкі і, нібы дзякуючы дотыку чарадзейнай палачкі, раптам святыня ўспыхнула святлом. Абудзіліся арганы і званочкі, якія маўчалі на працягу трох дзён. Ад алтара паплыло ў свет ад каталіцкага Касцёла першае святочнае аллелюя! Радуйся зямля, што заззяла такім бязмерным бляскам, а, асвечаная ззяннем Караля вякоў, адчуй, што ты – свабодная ад змроку, які ахапіў свет.
Замілаваныя ў Хрысце! Прыміце святло Езуса, які паўстаў з памерлых, і старанна забяспечце свае сэрцы перад спакусай зла, пастаўце пячаць на сваіх сэрцах і сем’ях – пячаць Божай Ласкі, якая нас зберажэ перад злом.
† Згодна з указаннем анёла ідзіце да сваіх дамоў і дамачадцаў, абвяшчайце і шукайце змёртвыхпаўсталага Хрыста ў штодзённым выкананні місіі, якую кожны з нас атрымаў ад Бога. А радаснае і поўнае веры “Хрыстус уваскрос – сапраўды ўваскрос” няхай напаўняе нашае зямное жыццё.
З нагоды святаў Змёртвыхпаўстання Пана ад імя семінарыйнай супольнасці я хачу перадаць самыя сардэчныя пажаданні: шчодрага Божага благаславення для ўсіх, хто верыць у таямніцу Уваскрашэння. Асабліва я хачу падзякаваць за дапамогу нашай семінарыі, якая з’яўляецца адлюстраваннем Хрыстовай Любові ў сучасным свеце, і дзякуючы якой наша навучальная ўстанова можа існаваць і выхоўваць з алюмнаў будучых святароў каталіцкага Касцёла Беларусі.
Адначасова жадаю запэўніць, што семінарыйная супольнасць моліцца за ахвярадаўцаў кожны дзень, выпрошваючы неабходныя ласкі для нашых дабрадзеяў. У гэтай жа інтэнцыі будзе цэлебравацца св. Імша ў нядзелю Божай Міласэрнасці 19 красавіка.
Таму будзьце ж вясёлыя,
Як у небе анёлы.
Чаго мы пажадалі,
Таго і дачакалі.
Аллелюя!!!
рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі