Чарговы Адвэнт, або навошта ўвесь час “адно і тое ж”?!

 |  кс. Ян Раманоўскі  |  Хрысціянская думка
У касцёле неаднойчы даводзілася чуць, што Адвэнт з’яўляецца часам радаснага чакання. Толькі ці сапраўды радаснага?
    З упэўненасцю магу сцвердзіць, што для некаторых гэта вельмі стомны час, таму што трэба ўзяць нейкую пастанову, прыступіць да споведзі, наладзіць адносіны з блізкімі… А ў дадатку яшчэ святочныя пакупкі, падарункі, прыбіранне, гатаванне… І што самае цікавае, часта тое ж самае паўтараецца штогод. Таму нічога дзіўнага, што перыяд чакання прыходу Дзіцятка Езус для сучаснага чалавека, якому заўсёды не хапае часу і якому столькі ўсяго валіцца на галаву, можа быць нелюбімым і прыгнятальным.
Аднак як хрысціяне мы павінны ўсведамляць, што самым важным у Адвэнце з’яўляецца яго пасланне, якое прыгадвае пра бязмежную любоў Бога да чалавека. У Евангеллі паводле св. Яна чытаем: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Ці часта мы ўспамінаем аб гэтай любові, дзеля якой Езус стаў чалавекам, нарадзіўшыся ў бедным хлеўчыку? Ці часта гаворым тым, каго любім, наколькі яны важныя для нас? Ці хочам, каб нам таксама гаварылі аб гэтым як мага часцей? Канешне! Адвэнт павінен у чарговы раз прыгадаць, дапамагчы ўсвядоміць, адкрыць адно з найпрыгажэйшых сведчанняў аб любові – любові Бога да чалавека, да мяне. Вось для гэтага патрэбна “адно і тое ж”! Як закаханыя нястомна кажуць адзін аднаму аб любові, так праз чарговае перажыванне праўды аб нараджэнні Хрыста Бог прыгадвае, што любіць нас – проста так, бескарысліва.
    Аднак гэта не заўсёды даецца лёгка. Часам каб сказаць камусьці пра свае пачуцці, спачатку трэба падрыхтаваць гэтую асобу, паколькі яе можа ўразіць наша прызнанне. І нават вельмі! Праз Адвэнт Касцёл у чарговы раз прагне падрыхтаваць нас да праўды пра Божую любоў – найперш унутрана, але і знешне таксама. Прыгадвае аб ёй кожны год, каб заўсёды памяталі пра гэта. Канешне, можна было б святкаваць Божае Нараджэнне раз у жыцці і ўжо ніколі не вяртацца да яго. Але ж дзень нараджэння – свой ці кагосьці блізкага – адзначаем штогод, праўда?
    Некаторыя вернікі ў штодзённай мітусні згубілі ўсведамленне Хрыстовай любові. Адвэнт існуе для таго, каб нагадаць, што мы Божыя дзеці. Ён павінен пераканаць людзей падрыхтаваць не толькі дом і святочны стол, але і сэрцы, сумленні і ўсю сваю штодзённасць, каб глыбока перажыць ісціну аб бескарыслівай любові Бога да чалавека.
    І як дзень саступае месца ночы, як змяняюцца поры года, як Зямля круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца, так Адвэнт паўтараецца кожны год, каб духоўна фарміраваць, змяняць нашы адносіны да пэўных спраў, змяняць наша сэрца, душу, рыхтуючы да перажывання праўды веры аб Божым Нараджэнні і адначасова да канчатковага прыйсця Хрыста ў канцы свету. Таму варта выкарыстаць гэты час як мага лепш, каб не змарнаваць і пазней не шкадаваць, бо не вернецца. Як веруючыя людзі мы павінны таксама памятаць, што далей будзе лепш, бо нас чакае штосьці, чаго “ні вока не бачыла, ні вуха не чула, ні сэрца чалавечае не змагло пазнаць” (1 Кар 2, 9). І ўсё гэта мусіць напаўняць сэрца надзеяй і радасцю.
    Менавіта для гэта існуе чарговы Адвэнт, чарговае Божае Нараджэнне. Для гэтага ўвесь час адбываецца “адно і тое ж”. Каб прыгадалі сабе – можа, яшчэ не зараз, можа, праз некалькі гадоў – аб тым, што найважнейшае: Бог мяне любіць!
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top