Што такое міласэрнасць?

 |  Рэдакцыя  |  Хрысціянская думка
Як рэалізаваць яе асаблівым чынам у юбілейны літургічны год?
    Сваімі думкамі на гэты конт дзеляцца “пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці” – удзельнікі Дыяцэзільяных дзён моладзі 2016.
Ілля, парафія св. Францішка Ксаверыя ў ГроднеМіласэрнасць – гэта адзін з пунткаў Божай любові, той сапраўднай любові, якую павінен мець кожны ў адносінах да бліжняга. Калі не маеш у сабе Божага Духа, то і не можаш быць па-сапраўднаму міласэрным.
    Учынкі міласэрнасці – гэта не проста добрыя ўчынкі ў дачыненні да бліжняга. Усё залежыць ад таго, як іх здзяйсняць: з-за любові, спачування або па прымусе. Найлепшы і самы праўдзівы матыў – любоў!
    Бываюць моманты, калі пасля доўгага знаходжання ў кантакце з Богам я адчуваю, што напаўняюся Яго любоўю. Тады я разумею, што павінен быць міласэрным у дачыненні да бліжняга, і сапраўды пачынаю адчуваць у сабе моц, якая можа дапамагчы хаця б у найменшай меры спыніць цярпенні людзей.

Марта, парафія св. Францішка Ксаверыя ў ГроднеМы дня не можам пражыць без вады, таксама як і без Божай любові. Але калі чалавек хварэе, ён патрабуе чагосьці мацнейшага, чым вада – гарачай гарбаты, напрыклад. Я лічу, што Божая міласэрнасць і з’яўляецца для нас той гарачай гарбатай, зробленай з найлепшых траў, ды яшчэ і з мёдам. Гэты адвар мы прымаем, калі хварэем на цяжкую хваробу – грэх.
    Акрамя выздараўлення, наша місія палягае на тым, каб данесці цяпло гэтай гарбаты да тых, хто яе патрабуе. Таму чалавек з’яўляецца свайго роду тэрмасам, які захоўвае Божае цяпло – міласэрнасць.
Іра, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах    Міласэрнасць – гэта адкрытасць не толькі на знаёмых, сяброў, якім дапамагаеш ужо па інэрцыі, але на кожнага чалавека. Лічу, што ў Год міласэрнасці трэба больш увагі прысвячаць тым, хто яе патрабуе. Трэба не саромецца падысці да жабрака, п’яніцы... Кожны з іх, напэўна, мае прычыну, па якой збочыў з добрага шляху і не мае адвагі, каб на яго вярнуцца. Мы ж – хрысціяне – павінны адрознівацца асаблівым разуменнем і пранікнёнасцю да бліжняга.
Сястра Зоя,  Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі    Міласэрнасць – гэта той факт, што Бог прымае нас, нягледзячы на тое, што мы пастаянна грашым. Глыбей за ўсё чалавек разумее Божую міласэрнасць, калі яго грэхападзенне пастаянна паўтараецца. Гэта добра бачна на прыкладзе залежнай асобы, калі яна ўсведамляе, што не можа даць абяцанне не грашыць: разумее, што пасля чарговай споведзі надыдзе момант, калі зноў аступіцца. А ратаваць яе будзе думка, што Госпад прабачае кожны раз. У гэтым і заключаецца самая вялікая міласэрнасць Бога. Давайце шчыра: самі мы неміласэрныя. Часцей за ўсё ў адказ на крыўду нам хочацца зрабіць крыўду. Таму найбольшай міласэрнасцю я лічу рэдкую здольнасць чалавека прабачаць непрабачальнае. У сувязі з Годам міласэрнасці я больш увагі надаю дзённіку с. Фаустыны. Пастаянна асэнсоўваю яе словы пра тое, што Хрыста больш за ўсё раняць не нашыя грахі, а наш недавер Яму.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top