Маёвая Пані

 |  С. Вераніка Блізнюк FMA  |  Дзіцячы куточак
Прывітанне, Маленькі Чытач! Май, магчыма, з’яўляецца самым прыгожым месяцам у годзе. Прырода, абуджаная ад зімовага сну, дзівіць надзвычайнай прывабнасцю навакольнага свету. Цяжка не заўважыць квітнеючыя бутоны на дрэвах і кустах, спеў птушак і не адчуць свежы водар расліннасці. Мора беласнежных суквеццяў ахінае пладовыя сады. Распускаюцца нарцысы, пахнуць ландышы і фіялкі. Лугі набываюць маляўнічы светла-зялёны колер. Уся зямля выглядае як раскошны вытканы дыван, кінуты пад ногі Маці Божай у прысвечаным Ёй месяцы. Здаецца, зямля, насычаная колерамі і пахамі, хоча пакланіцца Той, якую ўсім сэрцам любіць увесь свет.
У вёсках, сярод лясоў, лугоў, на перакрыжаванні дарог можна ўбачыць старыя і новыя капліцы ў гонар Маці Божай, якая заўсёды з’яўлялася для людзей ідэалам прыгажосці і велічы. Гэтыя каплічкі – менш ці больш прыгожыя – дарагія людзям, якія іх будавалі, бо лічаць, што акрамя нашых зямных маці ёсць і Нябесная.
   Здаецца, яна была там заўсёды. Стаяла на ўскрайку вёскі, каля школы. Такая звычайная драўляная капліца з фігурай Маці Божай. Старэнькая спадарыня Юзэфава жыла бліжэй за ўсіх да яе, таму гаварылі, што гэта яе капліца.
    Жанчына клапацілася пра невялічкую будоўлю, старалася, каб там было прыгожа. Зімой, калі ў полі не было працы, рабіла кветкі з паперы, каб потым аздобіць каплічку. Вясной садзіла кветнік, вырывала пустазелле.
    Калі спадарыня Юзэфава захварэла, мусіла пераехаць да дачкі; і ўжо не вярнулася ў вёску назаўсёды. Яна прыязджала вясной, калі было цёпла, і адразу бралася за ўборку капліцы: выцірала фігурку Маці Божай, збірала павуцінне і зграбала сухое лісце з высокай травы. А ў маі, як звычайна, у капліцы з’яўляліся зробленыя ёю папяровыя кветкі.
    І вось, аднойчы жанчына не прыехала. Хворыя ногі не дазволілі ёй устаць з ложка. Праз год памерла. Каплічка стала быццам нічыя, бо больш ніхто так, як спадарыня Юзэфава, не клапаціўся пра яе. Так, хтосьці збіраў лісце, хтосьці прыносіў кветкі, але гэта было не тое, што раней.
    Вясной, калі вучні прыбіралі школьны сад і дзіцячую пляцоўку, старшакласніцы спыталі, ці можна прыбрацца вакол капліцы. Настаўніца згадзілася. Паглядзеўшы на капліцу, сказала, што яе трэба крыху адрамантаваць, бо дошкі дзе-нідзе сталі гнілымі. Дзеці расказалі пра ўсё бацькам, і тыя сумесна адрамантавалі капліцу, каб выглядала, як новая.
    Ужо некалькі гадоў ніхто не збіраўся ў маі каля каплічкі, бо святар праводзіў марыйнае набажэнства ў касцёле, да якога было вельмі блізка. Але жанчыны дамовіліся прынамсі раз на тыдзень спяваць Літанію да Маці Божай каля капліцы, каб дзеці бачылі, як старэйшыя моляцца. У першы раз там сабралася, напэўна, уся вёска. Калі скончылі спяваць, адзін з мужчын змахнуў слязу і сказаў:
    – Старой Юзэфавай спадабалася б, калі б убачыла, як тут прыгожа… Давайце падзякуем Маці Божай, што ў нашай вёсцы ёсць добрыя дзеці. Калі б не яны, мы ўсе толькі пераглядваліся б, і ніхто не ўзяўся б за аднаўленне капліцы. У многіх вёсках, дзе няма касцёлаў альбо да іх вельмі далёка, у месяцы маі ўвечары жыхары дагэтуль збіраюцца каля каплічак спяваць Ларэтанскую літанію і горача прасіць апекі Маці Божай, каб аберагала іх сем’і, каб захоўвала краіну ад войнаў, голаду, пажараў, паводак і ўсялякай небяспекі.
    Каралева супакою, маліся за нас!
    Дарагі Маленькі Чытач! Бог вучыць людзей быць міласэрнымі да кожнага чалавека. Тым самым мы становімся падобнымі да Бога. Гэта так узнёсла і звычайна адначасова… Кожны дзень прапануе мноства магчымасцей праявіць міласэрнасць, таму заклікаю ўсіх вас іх заўважаць і выкарыстоўваць.
   
   Заданне: паспрабуй разам з бацькамі зрабіць у пакоі прыгожую каплічку, ля якой будзеш маліцца да Марыі на працягу месяца мая.
   
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top