![]()
У нумары газеты “Слова Жыцця” за 28 жніўня быў аб’яўлены конкурс, дзе маленькім чытачам прапанавалася адлюстраваць на паперы свой занятак па катэхезе.
Прыемна здзівіла, што ўдзельнікі адказна аднесліся да сваіх прац. Дасланыя малюнкі ўяўляюць сабой карціны, у якія трэба ўглядацца ў пошуках сэнсу.
Сёння рэдакцыя падводзіць вынікі і хоча адзначыць наступныя тры малюнкі.
Ангеліна Целеш (11 гадоў), Рось На малюнку Ангеліны – катэхеза, якую праводзіць святар. Тэма занятка – “Бог ёсць Любоў”. Крыніца ведаў знаходзіцца ў Бібліі – узорным дапаможніку, без якога ў жыцці не абыдзецца ні адзін чалавек. Па правым баку святара размешчаны абраз з выявай Марыі і Езуса – спасылка на тое, што кожным у небе апекуюцца. На стале ў класе стаіць запаленая свечка, якая сімвалізуе прысутнасць Бога, і крыж – выразнае праяўленне любові Усемагутнага, які аддаў за грахі чалавецтва свайго Сына.
Кацярына Канцэвіч (11 гадоў), Гродна Кацярына адлюстравала на малюнку дамашнюю катэхезу. Дзяўчынка паказала, як сям’я збіраецца разам на малітву за агульным сталом. На першым плане – галоўныя атрыбуты: распяцце і Біблія. З імі любая малітва імкнецца да дасканаласці. Сімвалічныя сэрцы нагадваюць пра тое, што ў душах людзей жыве Божая любоў. А рознакаляровыя кветкі сведчаць пра няспынны духоўны рост, які павінен адбывацца ўнутры кожнага чалавека. Яркія фарбы надаюць малюнку насычанасць і выразнасць.
Пра незвычайныя заняткі па катэхезе распавялі таксама Кірыл (8 гадоў) і Кіра (9 гадоў) Гушчы з Астравецкага раёна. Дзеці прадэманстравалі, як на ўроках займаюцца аплікацыяй. Агата Таўрэль (6 гадоў) з Гродна адлюстравала на сваім малюнку “музычную” катэхезу, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі праслаўляюць Усемагутнага пад гітару, на якой іграе катэхетка. Шмат малюнкаў даслалі дзеці з “Руху Марыі”, што ў парафіі Гродна-Вішнявец: Уладзіслаў Янкевіч (9 гадоў), Вікторыя Сташэўская (9 гадоў), Максім Пацук (12 гадоў), Міхаіл Паўлоўскі (13 гадоў), Ева Мацюта (13 гадоў), Вікторыя Галкевіч (8 гадоў). Хлопчыкі і дзяўчынкі адлюстравалі клас, дзе праходзяць заняткі, і катэхета. Галоўны матыў у малюнках дзяцей – сумеснае развучванне малітваў. Незвычайную тэхніку калажа выкарыстала ў сваёй працы Эвеліна Канарская (6 гадоў) з Гродна. Некаторыя элементы былі папярэдне выразаны з паперы і наклеены на аснову з фонам. На малюнку Эвеліна адлюстравала, як катэхетка распавядае пра анёлаў.
Аўтары ўсіх пералічаных работ атрымліваюць ад рэдакцыі прызы. Ужо хутка яны трапяць да сваіх адрасатаў. Усім плённай катэхезы!