Св. Леў Вялікі: заступнік музыкантаў

 |  кс. Юрый Марціновіч  |  Нашы заступнікі перад Богам
lewЗ’яўляецца першым сярод наступнікаў св. Пятра, які – па прыкладзе свецкіх імператараў і заваёўнікаў – атрымаў прозвішча “Вялікі”. Быў не толькі выдатным тэолагам, айцом і доктарам Касцёла, але і цудоўным дыпламатам. Дзякуючы сваім здольнасцям і заслугам па праву называўся вялікім абаронцам хрысціянскай цывілізацыі.
Значныя заслугі ў галіне літургіі
    Нарадзіўся ў канцы IV стагоддзя ў Таскане ці, дакладна невядома, у Рыме (Італія). Быў здольным і руплівым вучнем, аб чым сведчаць глыбокія веды і культура слова, што вынікаюць з яго пазнейшых казанняў.
   Прыняўшы духоўны сан, Леў хутка зарэкамендаваў сябе як выбітная асоба, бязмежна адданая служэнню Касцёлу.
У 418 годзе праз яго папа Зосім пераслаў біскупу Аўрэлію з Карфагена лісты адносна спрэчак аб ілжэвучэннях Пелагія. Праз 10 гадоў па загадзе чарговага Папы, Цэлестына І, падтрымліваў кантакт са св. Янам Касьянам з Марсэля, знаўцам усходняга Касцёла, на тэму ерасей, якія абвяшчаў Несторый. Гэтыя і іншыя факты, занатаваныя ў старых гістарычных крыніцах, сведчаць пра высокае палажэнне Льва ў Рымскім Касцёле.
    Пасля смерці папы Сікста III быў выбраны Біскупам Рыма. Гэта адбылося падчас яго адсутнасці ў Вечным Горадзе, калі па просьбе Святога Айца і імператарскага двара знаходзіўся ў Галіі з місіяй прымірэння кіраўніка імператарскай арміі. Біскупскае пасвячэнне прыняў 29 верасня 440 года.
    Пантыфікат Льва І працягваўся больш за 20 годоў. Гэта быў складаны час у гісторыі Касцёла, паколькі трэба было змагацца з разнастайнымі ерасямі, якія распаўсюджвалі некаторыя тэолагі і “прарокі”-самазванцы.
    Вялікае значэнне маюць заслугі папы Льва І у галіне літургіі. Ён з’яўляўся аўтарам многіх малітваў, што пазней былі ўключаны ў літургічныя кнігі Касцёла. Значная частка астатніх малітваў паўстала пад выразным уплывам яго прамоў, паколькі ў сілу сваёй пасады Леў Вялікі прамаўляў шмат пропаведзей. Да сёння захавалася 97. Для іх характэрны сіла слова і – галоўнае – тэалагічная глыбіня.
    Памёр, хутчэй за ўсё, 10 лістапада 461 года. Яго цела пахавана на тэрыторыі базілікі св. Пятра ў Рыме.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Льва Вялікага?
   Святы быў прапаведнікам супакою і любові. Сваім жыццём ён паказвае, што ў веры мы можам вучыцца любові. З’яўляецца таксама прыкладам веры ў Хрыста, сапраўднага Бога і Чалавека, і штодзённай яе рэалізацыі праз дзейнасць на карысць супакою ды праз любоў да бліжняга.
   
    Цікава!
   Абраны Папам, будучы дыяканам. Выконваў гэтыя службовыя абавязкі ў Рыме з вялікай адданасцю. Перад тым, як заняць Пасад св. Пятра, павінен быў спачатку прыняць біскупскую сакру.
   
    З вуснаў святога 
   “Ніадна набожная справа не прыносіць Пану такога задавальнення, як тое, калі прыходзім на дапамогу Яго ўбогім”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Льва Вялікага 10 лістапада.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top