ІV Велікодная нядзеля

 |  А. Андрэй Крот  |  Разважанні з Божым Словам
biblia

8 мая – каментарый да першага чытання
на IV Велікодную нядзелю (Дз 13, 14. 43–52)

Для ўсіх народаў
   Першае чытанне IV Велікоднай нядзелі распавядае пра надзвычай важную ў гісторыі Царквы падзею. Апосталы, якія ў першыя гады пасля Уваскрасення прапаведавалі Добрую Вестку толькі юдэям, пачынаюць абвяшчаць Евангелле язычнікам. Прычынай адкрыцця супольнасці вернікаў Хрыста на іншыя народы стаў супраціў габрэяў навучанню пра ўваскрослага Збаўцу. Язычнікі з радасцю прынялі Евангелле. Вось як пра іх рэакцыю на Добрую Вестку пра Збаўленне распавядае аўтар Дзеяў Апосталаў: “Калі пачулі гэта язычнікі, узрадаваліся і славілі слова Госпада, і ўсе, пакліканыя да вечнага жыцця, паверылі. А слова Госпада пашыралася па ўсёй краіне” (Дз 13, 48–49).
   Царква візантыйскай традыцыі ў Велікодны перыяд таксама звяртае ўвагу на тое, што збаўленне – гэта не ўласнасць аднаго народа. Робіць яна гэта ў V Велікодную нядзелю, званую нядзеляй Самаранкі. Падчас літургіі чытаецца Евангелле пра жанчыну з народу, якім прававерныя габрэі пагарджалі. Госпад пачаў дыялог з грэшніцай. Спевы Ютрані падкрэсліваюць, што ўчынак Хрыста быў нязгодны з традыцыямі юдэяў, а Самаранку паказваюць як тую, якая нясе Добрую Вестку пра Збавіцеля: “Жыццядайная Крыніца, Ісус Збаўца наш прыйшоў да крыніцы патрыярха Якуба і прасіў у жанчыны-самаранкі даць напіцца вады. Калі ж яна сказала, што гэта не паводле звычаю юдэяў, мудры Творца ласкавымі словамі прывёў яе да прашэння вады вечнае. Атрымаўшы, яна пайшла абвясціць усім, кажучы: «Хадзіце і гляньце на Таго, хто бачыць усё тайнае, – Бога, які прыйшоў у целе, каб збавіць чалавека»”.
   Цягам двух тысячагоддзяў гісторыі Царквы існавалі спакусы закрыць вучэнне Хрыста ў межах аднаго народу, адной краіны. Але хрысціянінам можа быць не толькі габрэй (беларус, паляк, рускі, італьянец, француз…). Хрыстос памёр за ўсіх.
   На жаль, мы, людзі, заўсёды ставім межы. Давайце зададзім сабе пытанне: хто для мяне сёння з’яўляецца язычнікам ці самаранінам? Чалавек іншай нацыянальнасці? З іншымі, адрознымі ад маіх, погляда-мі на жыццё, палітыку, культуру? Той, чые паводзіны не адпавядаюць нормам маралі? Але Хрыстос памёр і за яго. І ўваскрос для яго.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top