Мсцібава. Суровая прыгажосць

 |  Андрэй Вашкевіч  |  Парафіі і святыні
Аглядаючы каталіцкія святыні заходняй часткі Ваўкавышчыны, заўсёды маеш уражанне, што быццам трапляеш у розныя еўрапейскія краіны. Сярэднявечная готыка Гнезна – і ты недзе ў Цэнтральнай Еўропе, велічная неаготыка Шылавічаў – і быццам апынуўся ў Бельгіі ці Нідэрландах, а вось неараманскі стыль касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве пакідае ўражанне, што знаходзішся на суровых Брытанскіх астравах.
Мсцібава – адзін з самых старых населеных пунктаў Ваўкавышчыны. І хаця згадваецца мястэчка ў 1330 годзе, калі вялікі князь літоўскі Альгерд з дапамогай мсцібаўскай шляхты ваяваў у крыжацкіх Прусах, аднак археалогія паказвае, што мсібаўскае гарадзішча было закладзена як мінімум на сто гадоў раней. Легенда звязвае яго заснаванне з галіцкім баярынам Мсцібогам, які пасяліўся тут у той час.
    Амаль сто гадоў Мсцібавам валодалі прадстаўнікі вядомага ў XV стагоддзі магнацкага літоўскага роду Кезгайлаў. Адзін з іх, Станіслаў Кезгайла, і зафундаваў у 1492 годзе першы мясцовы касцёл. Святыня была багата забяспечана ворнай зямлёй, лугамі і дубровамі, мёдам з кезгайлавых борцяў і грашыма з даходаў мсцібаўскага двара і корчмаў. Мсцібаўскі двор быў адным з самых багатых у Вялікім княстве Літоўскім. У мястэчку, апрача касцёла, знаходзіліся царква і сінагога, у Мсцібаўскім замку адбываліся генеральныя сеймы ВКЛ. Драўляныя касцёлы мястэчка перабудоўваліся за пяцьсот гадоў пяць ці шэсць разоў і перыядычна гінулі ад пажараў, войнаў ці звычайнай чалавечай нядбаласці.
    Апошняя драўляная святыня была адноўлена ў 1850-ых гг. Яна мела вялікі памер (35 х 15 метраў) і была дастаткова высокай (амаль 11 метраў). У касцёле быў арган, асобная капліца св. Мікалая, а ў 1900 годзе перад ім пабудавалі званіцу ў выглядзе брамы, якая вядзе да святыні.
    У 1903 годзе мсцібаўскія парафіяне звярнуліся да кіраўніцтва Віленскай дыяцэзіі з просьбай аб будаўніцтве новай мураванай святыні. Пачалася справа аб выдачы дазволу на будаўніцтва, якая цягнулася тры гады. Царскія чыноўнікі не спяшаліся з хуткімі адказамі парафіянам.
    Яны сцвярджалі, што касцёл занадта высокі, што ён будзе нядобра ўплываць на мясцовых праваслаўных, што будоўля не забяспечана адпаведным чынам грашыма і будаўнічымі матэрыяламі. Ініцыятары павінны былі пакласці ў дзяржаўны банк суму роўную палове кошту ўзвядзення касцёла, а другую палову забяспечыць сваёй уласнасцю ці, напрыклад, наяўнымі будаўнічымі матэрыяламі.
    У 1910 годзе кс. Марк Бурак пачаў будаўніцтва святыні, заклаў яе падмурак, пабудаваў новую плябанію. Аднак парафіяне хацелі некалькі спрасціць праект касцёла аўтарства архітэктара Юзафа Піюса Дзяконскага, каб зэканоміць крыху сродкаў. Змяненне праекта запатрабавала новых узгадненняў, таму да 1914 года касцёл быў пабудаваны толькі да ўзроўня вокнаў. Пасля Першай сусветнай і Савецка-польскай войнаў будаўніцтва касцёла аднавілі толькі ў 1923 годзе.
    Пробашч кс. Марк Бурак і архітэктар Дзяконскі змянялі праект проста ў ходзе будаўніцтва, разважаючы над кожнай дэталлю будучай святыні. Трэба сказаць, што касцёл выйшаў надзвычай гарманічны і ён фактычна не мае аналагаў на нашых землях. Архітэктрунае аблічча мсцібаўскага касцёла суровае і адначасова незвычайнае. Кожны ракурс, з якога аглядаеш святыню, пакідае ўражанне завершанасці і прадуманасці. Касцёл св. Яна Хрысціцеля быў асвечаны ў 1932 годзе і з таго часу ніколі не закрываўся. Пасля таго, як фашысты расстралялі кс. Бурака, яго замяніў кс. Казімір Валентыновіч, які служыў у парафіі да 1984 года. Не закрылі святыню і пасля смерці апошняга пробашча, а ўжо з пачатку 1990-ых гадоў у ёй ізноў пастаянна адбываюцца богаслужэнні.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top