Гнезна. Узор гатычнай архітэктуры на нашых землях

 |  Андрэй Вашкевіч  |  Парафіі і святыні
gneznoКасцёл св. арханёла Міхала ў Гнезне – трэцяя па старажытнасці захаваная каталіцкая святыня ў Беларусі пасля касцёлаў у Ішкалдзі і Уселюбе.
Гэта найбольш стыльны, можна сказаць, узорны гатычны касцёл у нашай краіне. Аднак і ён, хоць здаецца цэльным у архітэктурным плане, будаваўся не адразу. Як лічаць даследчыкі, вежа была прыбудавана да фасада праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля ўзвядзення касцёла. Калі сам ён гатычны, то ў вежы прасочваюцца ўплывы рэнесансу. Сцены храма збудаваны з вялікапамернай чырвонай цэглы ў тэхніцы гатычнага мура. Швы паміж цэгламі маюць шырыню 2-3 см з характэрнай расшыўкай. Пачаткова касцёл быў цалкам пакрыты чарапіцай.
    Традыцыйна лічыцца, што першы драўляны касцёл у Гнезне пабудавалі ў 1524 годзе ўладальнікі двара Гнезнае – Шэметавічы (або Шэметы).
    У сярэдзіне XVI стагоддзя маёнтак ад Шэметаў перайшоў у рукі аднаго з найбольш уплывовых магнатаў Вялікага княства Літоўскага Гераніма Хадкевіча. Той неаднойчы мяняў сваё веравызнанне: спачатку быў праваслаўным, пасля прыняў каталіцтва, а потым, у 1555 годзе, перайшоў у папулярны ў тыя часы на нашых землях кальвінізм. Тут пачынаецца цікавая і заблытаная старонка гісторыі касцёла ў Гнезне.
    Справа ў тым, што святыню амаль дакладна пабудавалі ўжо ў часы Хадкевічаў, на той момант кальвіністаў. Таксама вядома, што яна існавала ў 1588 годзе і была тады кальвінскім зборам. Таму магчыма, што касцёл з самага пачатку быў збудаваны як кальвінскі збор, якіх на той час у ваколіцах Ваўкавыска было яшчэ некалькі. Аднак гэтая версія патрабуе далейшых дакументальных пошукаў, бо ўжо нават у сярэдзіне XVII стагоддзя пачатковую гісторыю святыні дакладана высветліць было вельмі складана. У 1643 годзе адбыўся судовы працэс, у якім воўпенскі каталіцкі пробашч патрабаваў вярнуць касцёл католікам. Былі нават апытаны сялянестаражылы з навакольных вёсак, якія мелі 90-100 гадоў, і яны пацвердзілі, што некалі ў Гнезне насамрэч быў касцёл.
    У выніку святыню перадалі католікам, тым больш, што кальвінізм у той час ужо выразна хіліўся да заняпаду.
    Апекавалася святыняй сям’я Кярдзеяў. Гаспадары двара спачатку канфліктавалі з пробашчам, аднак потым грунтоўна ўзяліся за яго падтрымку і нават былі пахаваны ў касцёльным склепе. З 1700 года Гнезнам валодалі Ромеры, якія там не жылі і здавалі маёнтак у арэнду. Найдаўжэй арандатарам Гнезна быў Ян Тапянскі, стражнік жмудскі, які пражыў там усё жыццё і нават быў пахаваны на касцёльных могілках. Ён быў калятарам (апекуном) касцёла і дзякуючы яму храм быў грунтоўна адрэстаўраваны.
    Наступныя стагоддзі прайшлі для святыні ў перыядах часовага заняпаду і пастаянных рамонтаў. Напрыклад, у 1820 годзе ў касцёле нават не было аргана, яго замяняў механічны музычны куфэрак, які на той момант таксама не працаваў. У 1839 годзе адбылася вялікая трагедыя – касцёльны служка забыў распаленыя вуголлі каля алтара, той загарэўся і падпаліў святыню. Касцёл аднавілі ў 1840-ых гадах, але вежу панізілі з 31-го да 20-ці метраў.
    Мы, на вялікі жаль, не ведаем, як выглядаў касцёл да 1839 года, паколькі першы яго малюнак быў зроблены мастаком Напалеонам Ордам толькі ў 1870-ых гадах.
    У часы Сусветных войнаў касцёл не пацярпеў. Найбольшая пагроза навісла над ім у 1946 годзе, калі падчас летняй спякоты згарэла амаль палова вёскі. Парафіяне насілі ваду і палівалі ёй сцены касцёла, каб на яго не перакінуўся агонь.
    У 1989 годзе, пасля некалькіх дзесяцігоддзяў заняпаду, касцёл у Гнезне быў вернуты католікам і дагэтуль упрыговае ваўкавыскую зямлю.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top