Шылавічы. Святыня, якая сягае нябёс

 |  Андрэй Вашкевіч  |  Парафіі і святыні
Касцёл у Шылавічах – гэта не толькі шэдэўр архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, але і важны цэнтр духоўнага жыцця Гродзеншчыны.
Шылавічы ляжаць здалёк ад загружаных транспартам міжгародніх трас. Але мясцовы касцёл усё роўна бачаць вельмі многія, бо цудоўная гатычная званіца святыні мае вышыню больш за 60 метраў.
    У пачатку 1913 года газета Віленскай дыяцэзіі пісала, што калі ў кастрычніку 1912 года з святыні прыбралі будаўнічае рыштаванне, немагчыма было адвесці погляд ад прыгожых ліній новага касцёла.
    Газета называла касцёл Святой Тройцы ў Шылавічах самым прыгожым у Ваўкавыскім павеце і самым вялікім ва ўсёй дыяцэзіі. Цудоўна, што, нягледзячы на ўсе войны і катастрофы ХХ стагоддзя, святыня ацалела да нашых дзён.
    Парафія з касцёлам Святой Тройцы існавала ў Шылавічах як мінімум з самага пачатку XVI стагоддзя. Вёскай валодалі Шылы, Крупскія, Свірскія, Вольскія, і ўсе яны клапаціліся пра парафію, забяспечваючы яе зямлёй, фундушамі і час ад часу рамантуючы драўляныя касцёлы ці ўзводзячы новыя. Так ужо ў 1600 годзе парафія атрымала пляц для будаўніцтва школы. Плябан павінен быў сачыць за яе функцыянаваннем, наймаючы і аплачваючы настаўнікаў. Тады ж, у пачатку XVII стагоддзя, быў пабудаваны чарговы драўляны касцёл, які прастаяў больш за 300 гадоў і быў разабраны толькі ў 1926 годзе. Некаторы час Шылавічамі валодала сям’я Весялоўскіх, пра якіх мы ўжо пісалі, расказваючы пра гісторыю касцёла ў Крамяніцы. Крыштаф Весялоўскі даслужыўся да маршалка Вялікага Княства Літоўскага, браў удзел у шматлікіх войнах, вылучаўся вялікай рэлігійнасцю і пабудаваў касцёлы ў Ходараве, Лунне, Квасоўцы і Завадах. Разам з жонкай Аляксандрай, цёткай будучага караля Яна Сабескага, заклаў кляштар брыгітак у Гродне. Менавіта брыгіткі былі патронкамі касцёла ў Шылавічах амаль 200 гадоў, ажно да канфіскацыі маёмасці кляштара царскімі ўладамі ў 1842 годзе.
    Стары шылавіцкі касцёл спраўна служыў людзям амаль тры стагоддзі, але бліжэй да 1900 года амаль цалкам спарахнеў. Багатая Шылавіцкая парафія ў той час налічвала больш за 5000 парафіян, адных толькі хростаў цягам года адбывалася каля двухсот.
    Патрэбна была новая святыня, і за справу яе будаўніцтва ўзяўся кс. Казімірас Станіёніс, трыццацігадовы вельмі актыўны і аўтарытэтны ў дэканаце чалавек.
    Царскія ўлады паставі ліся да просьбы аб будаўніцтве новага касцёла з падазрэннем і ўзгаднялі яе ажно два гады. Дакладна правяралася, ці не можа будаўніцтва новага касцёла “адмоўна паўплываць” на праваслаўнае насельніцва, і ці не звязана месца будаўніцтва з памяцю пра падзеі паўстання 1863 года. Будоўля пачалася ў 1905 годзе.
    Кіраўніком будаўнічага камітэта стаў кс. Станіёніс, кожная сям’я з парафіі павінна была выдзеліць на будоўлю 10 рублёў, а ўсяго касцёл мусіў каштаваць больш за 26 тысяч рублёў.
    У той час, калі цягавіты сялянскі конь каштаваў каля 70 рублёў, такая сума здавалася проста велізарнай.
    Праз сем гадоў неагатычны касцёл, узведзены па праекце архітэктара Вільгельма Срокі, быў скончаны. Але радаваў ён парафіян нядоўга. У 1915 годзе расійскія салдаты зрабілі на званіцы назіральны пункт і яе абстраляла нямецкая артылерыя. Дах вежы з крыжам упаў уніз, быў прабіты дах самога касцёла, разбіўся алтар, рассыпаліся новыя прыгожыя вітражы… Адбудова касцёла працягвалася амаль усе 1920-я гады. Толькі ў 1928 годзе касцёл атрымаў новыя званы ўзамен тых, якія былі вывезены ці то расійскімі, ці то нямецкімі войскамі яшчэ ў гады І Сусветнай вайны. Кс. Казімірас Станіёніс, аслаблены хваробай і перажываннямі за лёс самай важнай справы свайго жыцця, памёр у кастрычніку 1925 года і быў пахаваны каля касцёла.
    У савецкі час у зачы неным касцёле функцыянавала зернесховішча, склад цэменту і будаўнічых ма тэрыялаў, майстэрня па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Святыню вярнулі ў 1989 годзе, і адразу пачалася яе рэстаўрацыя. Пад кіраўніцтвам пробашча парафіі кс. Мар’яна Хамені былі адбудаваны дах святыні, новая плябанія, агароджа касцёла, пашыраны парафіяльныя могілкі. Сёння касцёл у Шылавічах – маленькай вёсачцы недалёка ад Ваўкавыска – гэта не толькі шэдэўр архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, але і важны цэнтр духоўнага жыцця Гродзеншчыны.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top