Апостал беларускай мовы

 |  апрацавала Ангеліна Марцішэўская  |  Карані нашай веры
Узгадваем кс. Міхала Шалкевіча ў сотую гадавіну прызначэння яго пробашчам у Тракелях.
Узгадваем кс. Міхала Шалкевіча ў сотую гадавіну прызначэння яго пробашчам у Тракелях.
“Святы Ойча! Больш за мільён беларусаў-католікаў у Польшчы, як частка 12-мільённага беларускага народу, стаўшы на шлях культурнага і палітычнага адраджэння, шпарка імкнецца ўперад. […] Гэная стагнацыя, гэная пераробка нашага роднага на чужое страсае нейкім жахам смерці кожную хоць крыху свядомую душу беларускую”.
Такімі словамі пачынаецца “Мемарыял пятнаццаці” з 1925 года, адным з аўтараў якога з’яўляецца кс. Міхал Шалкевіч, руплівы абаронца беларушчыны. У згаданы перыяд заходняя частка беларускіх зямель знаходзілася пад уладай Польшчы, якая, у сваю чаргу, якраз падпісала канкардат з Апостальскай Сталіцай. Дакумент змяшчаў пункты, што ўскладнялі душпастырства беларусаў. Між іншым – немагчымасць увядзення беларускамоўных казанняў і набажэнстваў, бо змена мовы ў гэтых выпадках магла быць здзейснена толькі з дазволу канферэнцыі біскупаў Польшчы. Гэта і падштурхнула 15 беларускіх святароў на чале з кс. Шалкевічам, тагачасным пробашчам у Тракелях, выступіць супраць палажэнняў канкардата, якія ўціскалі правы беларусаў.
    Служэнне кс. Міхала прыпала на зменлівы і ліхі перыяд у гісторыі нашай краіны: Беларусь у складзе Расійскай імперыі, баявыя дзеянні І Сусветнай вайны на нашых тэрыторыях, пасля падзел фронтам і нямецкая акупацыя, затым рэвалюцыя ў Расіі і хваля актывізацыі розных сацыяльных груп, на заканчэнне – савецкі атэістычны час. Пры кожным становішчы кс. Шалкевіч захоўваў вернасць Хрысту і клопат пра беларускую індывідуальнасць.
    Каб не настала “цемната рэлігійная” і “нацыянальная смерць”, як згадваецца ў “Мемарыяле”.
   
szalkiewicz0

    Асоба з вялікай літары
    Кс. Міхал Шалкевіч паходзіў з вёскі Дубавая Гродзенскага раёна з сям’і, дзе выхоўвалася 10 дзяцей. Магчыма, адтуль ён вынес і прыклад стаўлення ў любові да кожнага чалавека. Як пасля ўзгадвала яго пляменніца, “дзядзька, кс. Міхал Шалкевіч, заўсёды казаў, што нават калі я буду мець апошні кавалак хлеба, але буду бачыць, што хтосьці галодны, то павінна з ім падзяліцца”.
    Духоўную фармацыю будучы святар атрымліваў у Віленскай семінарыі. Адметна, што падчас вучобы ён быў удзельнікам гуртка клерыкаўбеларусаў, які ставіў за мэту вывучэнне яго ўдзельнікамі беларускай культуры. Пасля кс. Міхал актыўна выкарыстоўваў атрыманыя веды падчас катэхізацыі, каб данесці сэнс Евангелля да вяскоўцаў на зразумелай для іх мове. У 1915 годзе ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, адразу распачаўшы плённую службу на ніве Пана. Спачатку быў накіраваны на працу ў Маскву, дзе дапамагаў палякам-мігрантам, пасля пачаргова служыў у маленькіх мястэчках Беларусі. Характэрнай рысай кс. Шалкевіча з’яўлялася тое, што ён заўсёды стараўся цікавіцца жыццём таго месца, дзе служыў, і прымаць у ім актыўны ўдзел. Пра гэта сведчаць манаграфіі і артыкулы, якія святар прысвячаў вёскам, у якіх выконваў душпастырскую паслугу.
    Не пакідаў без клопату і матэрыяльны бок жыцця сваіх парафіян. У Тракелях кс. Міхал садзейнічаў арганізацыі кааператыўнай малачарні, дзе займаў пасаду старшыні Нагляднай рады. Між іншым, ён дапамагаў з асветай сялян у пытанні рацыянальнай гадоўлі жывёлы і цудоўна разбіраўся ў фінансавым боку справы.
    Падчас абедзвюх акупацый – савецкай і нямецкай – кс. Міхал ставіў сабе за мэту клопат пра пакрыўджаных. З яго дапамогай адпраўляліся харчовыя пасылкі сем’ям, сасланым у Сібір. А тых, каго хацелі вывезці на прымусовыя працы ў Германію, ён выкупаў праз хабар з сала і алкаголю. Разам з тым вядома гісторыя, як кс. Шалкевіч выпрасіў у нямецкага каменданта адмяніць рашэнне аб расстрэле габрэяў у Тракелях, а таксама дапамагаў уцекачам з мясцовага гета.
    Нягледзячы на спагадлівасць святара, у 1949 годзе кс. Міхал быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці – захоўванні ў сваім памяшканні адмысловай літаратуры – і асуджаны на 10 гадоў лагернай працы на Урале. Камуністычныя ўлады нават не прынялі пад увагу, што ксёндз хаваў у сябе не толькі “забароненую публіцыстыку”, але і савецкага партызана, якому пагражала расправа ад фашыстаў, а таксама матэрыяльна ўтрымліваў яго сям’ю.
    Падчас знаходжання ў лагеры кс. Міхал атрымліваў ад вернікаў харчовыя пасылкі і, следуючы свайму жыццёваму credo, дзяліў іх з іншымі зняволенымі. З лагера святар быў звольнены раней як інвалід. Вярнуўся ў Беларусь, пасля ў Польшчу, дзе памёр і пахаваны.
   
Святар сцвярджаў, што неабходна рэформа з павелічэннем сялянскіх гаспадарак за кошт абшарніцкіх, каб сяляне, гледзячы на няроўнасць, не сталі прыхільнікамі сацыялізму
Святар сцвярджаў, што неабходна рэформа з павелічэннем сялянскіх гаспадарак за кошт абшарніцкіх, каб сяляне, гледзячы на няроўнасць, не сталі прыхільнікамі сацыялізму

    “Шчыры беларус”
    Прапаведаваць на беларускай мове кс. Міхал пачаў у 1917 годзе, калі пасля Лютаўскай рэвалюцыі, атрымаўшы адносную свабоду ў дзеяннях, біскуп Эдвард Роп выдаў дэкрэт, каб у вясковых і местачковых парафіях Дзісеншчыны ў казаннях і дадатковых набажэнствах ужывалася беларуская мова.
    У тыя часы такое было рэдкасцю, бо ў асноўным мясцовы Касцёл карыстаўся польскай мовай. Для большасці вернікаў гэта быў першы выпадак, калі яны пачулі казанне па-беларуску, маючы магчымасць “дакрануцца” да Слова. Аднак кс. Шалкевіч не проста следаваў наказу, але быў сапраўдным патрыётам. Напрыклад, яшчэ да выхаду загаду ён прымаў удзел у з’ездзе ксяндзоў-беларусаў, на якім абмяркоўваўся лёс беларускага народа і перспектывы развіцця адмысловага душпастырства.
    У 1920 годзе кс. Міхал Шалкевіч распачаў служэнне ў Тракельскай парафіі. Праз дзесятак гадоў ён быў узнагароджаны мясцовымі ўладамі за грамадскую дзейнасць.
    Памяць пра яго паслугу ў гэтым месцы жывая да сёння. 14 мая ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай адбылася св. Імша з нагоды 100-годдзя прызначэння кс. Міхала пробашчам у парафію. У Тракелях святар ужо не прапаведаваў па-беларуску з прычыны шматлікіх непаразуменняў у Віленскай дыяцэзіі па нацыянальных і моўных пытаннях. Аднак ён распаўсюджваў сярод мясцо- вых вернікаў перыёдыку і літаратуру на беларускай мове.
    З гэтай жа прычыны быў абвінавачаны польскім “Dziennikiem Wilenskim” у шкоднай для польскай дзяржавы беларускай агітацыі. Аднак палітычна кс. Міхал быў лаяльны да польскай улады, ён проста хацеў клапаціцца пра беларускія душы.
   
Успаміны грэка-каталіцкага святара Льва Гарошкі:
       “Як жа не адведаць такога святара «на правінцыі», якога суседзі палякі называюць шчырым беларусам?! Кс. Міхась Шалкевіч якраз канчаў працу ў пчальніку, калі я з’явіўся ў ягоным садзе. Ён сапраўды вельмі ўсцешыўся, што я завітаў да яго. Гаварылі мы з кс. Шалкевічам да позняе начы аб усіх нашых радасных і сумных справах. Там, у ягонай парафіі, больш чым дзе можна было назіраць, у якой атмасферы жывуць беларускія святары і вернікі ў Віленшчыне.
    На абшырным дворышчы каля прэзбітэрыі працавала некалькі чалавек. Здалёк чуваць было, што між сабою яны гаварылі па-беларуску, але як толькі заўважылі , што я, незнаёмы для іх чалавек, праходжу каля іх, адразу сціхлі і працавалі моўчкам”.

    Рэдакцыя газеты выказвае падзяку краязнаўцу Кастусю Шыталю за дапамогу ў пошуку матэрыялаў для артыкула.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top