• Гісторыя
  • Юбілеі
  • З днём нараджэння, “Слова Жыцця”!

З днём нараджэння, “Слова Жыцця”!

 |  Рэдакцыя  |  Юбілей
Здаецца, толькі ўчора адзначалі 20-гадовы юбілей газеты, узгадваючы разам з рэдактарам-заснавальнікам пачаткі выдання, як надышла чарговая прыгожая дата – 25-годдзе “Слова Жыцця”. За апошні перыяд газета “прыхарашылася” знешне – з новага сезона 2020 года пачала выходзіць у адноўленым выглядзе: больш стрыманым, а разам з тым і больш стылёвым. Выданне таксама ўзбагацілася ўнутрана: уздымаліся вострыя тэмы, распавядаліся жыццёвыя гісторыі, раскрываліся духоўныя пытанні і даваліся практычныя парады.
Сёння ўзгадваем самыя цікавыя і гарачыя артыкулы з апошніх, да якіх варта вярнуцца, калі прапусціў. Вялікі архіў газеты знойдзеш на партале slowo.grodnenisis.by.
Варта пачаць з інтэрв’ю з кс. Андрэем Кеўлічам (№556 з 21 лютага 2021 г.), які распавядае пра цэнтр нашага рэлігійнага жыцця – удзел у Эўхарыстыі. Каб змагацца з аўтаматызмам у Літургіі, святар прапануе як мінімум прыходзіць на св. Імшу за 15 хвілін да яе пачатку.
    Для цікаўных “закуліснага” жыцця прапануем звярнуцца да цыклу матэрыялаў пра пакліканне да святарства нашых мясцовых ксяндзоў (№560 – №563 за красавік і май 2021 г.). Можа, хтосьці знойдзе там неверагодную гісторыю з мінулага свайго пробашча ці вікарыя.
    Ёсць таксама прыклады навяртанняў для тых, хто хоча ўпэўніцца – у Бога ўсё магчыма. Пра шлях ад нядзельнага католіка да верніка і пра дарогу інтэлектуальнага пошуку Госпада чытайце ў №574 з 5 снежня 2021 г.
    А тым, хто з’яўляецца актыўным членам супольнасці Касцёла і клапоціцца, каб развіваць парафіяльнае жыццё і пры гэтым не сварыцца з пробашчам з-за “дзялення ўлады”, прапануем матэрыял з №573 з 21 лістапада 2021 г. Добры прыклад таго, як адбываецца супрацоўніцтва паміж святаром і Касцёльным камітэтам і чаму такая форма адміністравання з’яўляецца палёгкай як для духавенства, так і для парафіян.
    Ахвотных даведацца, як выглядае жыццё Касцёла за мяжой, запрашаем пачытаць пра досвед беларусаў у практыцы веры ў Мексіцы, Грузіі, Швейцарыі, Англіі. Усе артыкулы ў нумарах за 2021 г.
    Цікавым досведам стала супрацоўніцтва з ілюстратарам, якая, назіраючы за людзьмі ў касцёле, адмыслова для нашай газеты стварыла замалёўкі да артыкула пра грамнічныя свечкі. Знайсці матэрыял можна ў №554 з 24 студзеня 2021 г.
    За апошні час у рэдакцыі было шмат цікавых герояў, але, хіба што, найбольш неардынарнай асобай стаў блогер Фёдар Астаповіч, усцяж пакрыты татуіроўкамі і пірсінгам. У мінулым член супольнасці братоў-капуцынаў, на дадзены момант ён зрабіў выбар на карысць ратавання цел, а не душ, і служыць у медыцыне. Якраз з нагоды Вялікадня раім узгадаць матэрыял (№558 з 21 сакавіка 2021 г.) пра досвед Фёдара ў якасці Хрыста, што ідзе на Галгофу, у адмысловай тэатралізаванай пастаноўцы.
    Безліч карысных ведаў на тэму экалагічнага суіснавання можна знайсці ў кожным другім нумары выдання цягам апошніх двух гадоў. Следуючы наказу папы Францішка клапаціцца пра навакольны свет, на старонках газеты паўстала цэлая энцыклапедыя ў галіне пытанняў экалогіі. Пачынаючы з таго, як правільна дбаць пра магілы продкаў, і заканчваючы добраўпарадкаваннем прылеглай да дому тэрыторыі.
    Калі казаць аб памяці пра мінулае пакаленне, раім звярнуцца да артыкулаў на тэму сувязі гістарычнай памяці нашага народу з актуальным станам нашай веры. Чаму маем шмат мучанікаў за Хрыста, але мала пашаны да іх подзвігаў – чытаць у інтэрв’ю з а. Жарнасекам (№571 з 24 кастрычніка 2021 г.), з гісторыкам і праваслаўным веруючым (№566 з 11 ліпеня 2021 г.), а таксама ў біяграфіі сястры стыгматычкі з Гродзеншчыны (№549 з 8 лістапада 2021 г.). На заканчэнне прапануем узгадаць парады, якія дапамогуць прымірыцца з Богам. Як атрымаць адпушчэнне грахоў, а не псіхалагічную кансультацыю, шукайце ў №579 з 20 лютага 2022 г.
   
    Асалоды ад чытання!
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top