“Скажы збалеламу чалавецтву, няхай прытуліцца да Майго міласэрнага сэрца, а Я напоўню яго спакоем”, – гаворыць Езус с. Фаустыне. “Сэрцы Езуса і Марыі хочуць праз вас аказаць свету веліч міласэрнасці”, – кажа Анёл дзецям з Фацімы. У абодвух пасланнях бачым заклік, каб свет звярнуўся да Бога. Ратунак – у адкрыцці сэрца наноў. І фацімскае пасланне, і “Дзённік” с. Фаустыны – гэта зварот да людзей, каб у Сэрцы Езуса і Сэрцы Марыі адшукалі самы дасканалы ўзор і ў той жа час сілу да абавязковай перамены, да навяртання.
Як пастушкі, так і манахіня мелі бачанне пекла. Св. Фаустына ў “Дзённіку” запісвае: “Сёння я была ў глыбінях пекла, заведзеная туды Анёлам”, – пасля чаго пералічвае, у чым заключаюцца пякельныя мукі. Усё апісанне заканчвае словамі: “Пішу аб гэтым згодна з Божым наказам, каб ніводная душа не сцвярджала, што пекла няма, альбо што ніхто там не быў і не ведае, як у ім. Я, сястра Фаустына, па Божым загадзе была ў бездані пекла для таго, каб расказваць душам і сведчыць, што пекла існуе”. Яе асабістым адказам на гэтае бачанне было павелічэнне стараннасці: “Калі я апамяталася, не магла супакоіцца ад спалоху, як страшна там пакутуюць душы. Таму яшчэ больш горача малюся аб навяртанні грэшнікаў, пастаянна прашу Божай міласэрнасці для іх”. †