• Актуальна
  • Інтэрв'ю
  • “Інвестыцыя ў чалавека аплачваецца”, – з айцом Цвячкоўскім пра поспех Канікул з Богам

“Інвестыцыя ў чалавека аплачваецца”, – з айцом Цвячкоўскім пра поспех Канікул з Богам

 |  Арцём Ткачук  |  Інтэрв'ю
Канікулы з Богам у Жодзіне. Фота з архіва парафіі
Канікулы з Богам у Жодзіне. Фота з архіва парафіі
За 30 гадоў існавання ініцыятывы праз парафіяльныя летнікі прайшлі дзесяткі, калі не сотні тысяч дзяцей. Штогод мноства школьнікаў малодшага ўзросту прымае ўдзел у гэтых мерапрыемствах па ўсёй Беларусі. Нягледзячы на доўгую гісторыю, акцыя не губляе сваёй рэлевантнасці. Аб прычынах папулярнасці праекта размаўляем з марыянінам з Жодзіна і былым дырэктарам Пастаральнага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
А. Міхаіл Цвячкоўскі МІС – марыянін, пробашч парафіі і кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Дырэктар Пастаральнага Цэнтра пры ККББ у 2010–2012 гадах.
А. Міхаіл Цвячкоўскі МІС – марыянін, пробашч парафіі і кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Дырэктар Пастаральнага Цэнтра пры ККББ у 2010–2012 гадах.

   – Вы былі дырэктарам Пастаральнага цэнтра пры ККББ у 2010–2012 гадах. Распавядзіце, калі ласка, якімі былі Канікулы з Богам у тыя часы?
    – Тады ўсё выглядала так, як і цяпер. Кс. Павел Гедройць (першы дырэктар Пастаральнага цэнтра – заўв. аўт.) ужо запусціў усю сістэму.
    Канікулы з Богам – гэта цудоўны праект. Гэта справа, якая даўно рэалізавалася, рэалізуецца і будзе рэалізавацца ў парафіях. Не ў кожнай, але ў многіх. На такіх сустрэчах дзеці практычна вучацца, што значыць быць хрысціянінам.
    З імі ладзяцца курсы, забавы, але адначасова там ёсць св. Імша, малітва, засяроджанне над Божым словам. Гэта перадача стылю жыцця, у якім ёсць Бог. Людзі, што ладзяць такія рэчы, уносяць неверагодны ўклад у жыццё Касцёла. Фактычна выпрацоўваецца стыль хрысціянскага жыцця.
   
    – У чым сакрэт поспеху гэтай адной з найвялікшых ініцыятыў Касцёла ў Беларусі? Чаму яна настолькі распаўсюджана?
    – Можна пералічыць некалькі прычын. Гэтыя праекты робяцца цікавымі, бо дзеці любяць цікавыя рэчы. Узгаданыя забавы, майстаркласы і супольныя малітвы прыцягваюць. Прытым усё адбываецца ў межах адпачынку, а не абавязку.
    Да таго ж ёсць жаданне бацькоў аддаваць дзяцей у летнікі, бо яны прыносяць карысць. Пры гэтым больш ахвотна аддаюць менавіта ў касцёльныя летнікі, а не ў тыя, што праходзяць пры дзяржаўных школах. Можна задаць пытанне “чаму?”. Свой адказ у мяне ёсць, але затрымаю яго для сябе.
    Ну і яшчэ адзін з фактараў – тое, што арганізатарамі такіх летнікаў, як-ніяк, заўсёды з’яўляюцца святары, катэхеты ці манаскія сёстры. Усе яны рэалізуюць гэтую ініцыятыву на высокім узроўні, бо бачаць патрэбу ў каталіцкім выхаванні. Без такога выхавання не закладзецца добры фундамент, а летнік – выдатны фундамент для далейшага хрысціянскага ўзрастання.
   
cwierkowski2

    – І ўсё-такі: у чым феномен Канікул з Богам? Кожная паважаючая сябе парафія іх арганізоўвае, гэта прынята паўсюль, абсалютная большасць пробашчаў дбае пра менавіта гэты праект. У чым сакрэт? Цяжка прыгадаць якія-небудзь іншыя ініцыятывы, якія б настолькі трывала ўпісаліся ў парафіяльныя планы.
    – Я не маю адназначнага адказу на гэтае пытанне (смяецца – заўв. аўт.). Магу падзяліцца домысламі.
    Гляджу на гэта вельмі проста. Канікулы з Богам прыносяць педагагічны хрысціянскі плён. Вельмі добры. Дзіцё ўзрастае ў касцёльнай атмасферы і пазней, калі стане дарослым, будзе вяртацца да гэтых момантаў. Бо жыццё нялёгкае, у ім сустрэнецца шмат выклікаў.
    Псіхолагі кажуць, што да 12-га году жыцця асоба фарміруецца на ўзроўні падсвядомасці. У гэтым узросце дзеці прымаюць як важнае і каштоўнае тое, што перадаецца аўтарытэтам – настаўнікам, бацькамі, святаром. Яны гэта не крытыкуюць, а прымаюць. Пасля 12-ці гадоў уключаецца г. зв. цяжкі перыяд, бо з’яўляецца крытычная рэфлексія.
    На яе аснове малады чалавек часта адыходзіць ад Касцёла. Таму важна інвесціраваць у дзіцячы перыяд, каб, перажыўшы яго прыгожа, дастойна, з захапленнем у Касцёле, чалавек прызнаў у крытычны перыяд свайго жыцця, што яму гэта патрэбна. Вось у чым мудрасць летнікаў. Вось чаму яны не могуць ладзіцца абы як, павінен заставацца пазітыўны водгук. У летніку вялікае значэнне маюць не толькі моманты адпачынкавага характару, але і расстаўленыя акцэнты: паглядзіце, дзеці, як важны Бог у жыцці чалавека. Ксяндзы і катэхеты бачаць гэта і ведаюць. Таму і дбаюць пра канікулы. Бо важна засеяць зерне, закласці фундамент.
   
    – А чаму так не спрацавала з іншымі катэгорыямі вернікаў у Касцёле? Моладзь, дарослыя, пенсіянеры? Сужэнскія сустрэчы, напрыклад.
    – Не да канца згаджуся. Шмат, канешне, залежыць ад парафіі. Таксама пра сустрэчы дарослых, напрыклад, менш гаворыцца. Найлепшыя рэчы робяцца ў цішыні.
    Магчыма, прысутнічае такі элемент, што з дзецьмі прасцей, менш складаных пытанняў (смяецца – заўв. аўт.). Хоць калі мы кажам пра сур’ёзную веру, то нельга баяцца сур’ёзных пытанняў. Гэта мабілізуе да мыслення і адказу на іх.
А. Цвячкоўскі з дзецьмі падчас парафіяльнага летніка
А. Цвячкоўскі з дзецьмі падчас парафіяльнага летніка

    – З дзеткамі ўсё проста: пагуляцца, пасмяяцца.
    – Дзеткі не крытыкуюць.
   
    – Менавіта. А сустрэчы з моладдзю, дарослымі, пенсіянерамі патрабуюць сур’ёзнай духоўнай і інтэлектуальнай падрыхтоўкі. У персанальным плане яны каштуюць даражэй. Можа быць, у гэтым справа?
    – У любыя сустрэчы трэба ўключаць інтэлект і ведаць, куды вядзеш. На маю думку, якую б акцыю ты не рабіў, заўжды павінен ведаць, якое зерне хочаш пасеяць, што хочаш даць. Калі няма гэтых планаў, лепш такія рэчы не пачынаць. Канешне, дзеці не крытыкуюць, з імі класна, яны прыйдуць і паабдымаюцца, паспяваюць. Аднак, калі ты вядзеш іх не ў тым накірунку, будзеш збіраць плён, і ён можа аказацца горкімі слязьмі. Рабіць дзеля таго, каб зрабіць, – гэта няправільна.
    Таму падрыхтоўка павінна быць да кожнай ініцыятывы. Так, да сустрэчы з дарослымі яна мусіць быць больш сур’ёзная, і не кожны пагодзіцца з усімі адказамі. Аднак вера шукае разумнага тлумачэння. З дзецьмі, вядома, прасцей. Хоць і яны могуць паставіць складаныя пытанні. Калісьці адна сямігадовая дзяўчынка запыталася ў мяне: “Калі Хрыстос уваскрос, ён адчыніў неба. А куды ішлі душы да ўваскрасення Хрыста?”. Гэтае пытанне змусіла мяне адкрыць кнігі і прыгадаць, што такое Шэоль, Хадэс і Адхлань.
   
    – Кажучы пра плён… Сёння дзеці маюць штотыдзень 45 хвілін катэхезы, нядзельную Імшу, Канікулы з Богам. І ўсё роўна мы губляем моладзь. Чаму?
    – Гэтае пытанне турбуе душу кожнага святара, які адказна ставіцца да свайго душпастырства. Адбываецца простая рэч: Касцёл не з’яўляецца адзіным педагогам. На выхаванне, у першую чаргу, уплывае сям’я. Калі паглядзець на праблему глыбей, бачна, што часцей за ўсё веру пакідаюць тыя, у каго ёсць рэальныя праблемы ў сям’і. Прынамсі, па сваім душпастырскім вопыце я бачу гэта вельмі выразна. Зазвычай там няверуючы бацька ці маці, якія крытыкуюць, іх паводзіны не супадаюць з хрысціянскім навучаннем, дома кажуць адно, а робяць другое. Так дзеці вучацца падманваць. Яны вырастаюць і робяць высновы, выбары. Там, дзе сям’я моцная, такія праблемы сустракаюцца рэдка.
    Другая рэч, якая ўплывае – тое, што дзеці прыходзяць са свецкага асяроддзя. У ім Бог непатрэбны. Нас вучаць быць добрымі і таленавітымі людзьмі, але без Бога. Дзеці прыходзяць у Касцёл, чуюць пра Божыя рэчы, а пазней вяртаюцца ў сваё асяроддзе, у тую атмасферу. Сюды дадаюцца праблемы ў сям’і, пра якія я ўзгадваў. Таму разам з узнікненнем крытычнага мыслення дзіцё знікае з Касцёла. І ніякія Канікулы з Богам яго не ўратуюць. Пачынаюцца сур’ёзныя пытанні, на якія дзіцё вырашае даць адказы без Бога.
   
    – У такім выпадку Вам не падаецца, што мы бяромся за праблему з канца? Мы працуем з дзецьмі, а пазней моладзь сыходзіць з-за праблем у сем’ях. Можа быць, трэба большы націск рабіць на сужэнствы і дарослых?
    – Не да канца згаджуся.
    З душпастырскага досведу. Бо працуючы з дзецьмі, мы маем шанс дайсці да бацькоў. З бацькамі можна сур’ёзна паразмаўляць падчас падрыхтоўкі да хросту іх дзіцяці. Тады робіцца вялікае намаганне, каб адкрыць, для чаго ўсё патрэбна. Хоць, канешне, не факт, што гэтыя бацькі застануцца ў Касцёле.
    Ёсць яшчэ добры момант падчас падрыхтоўкі сужэнстваў да шлюбу. Аднак я сведка таго, што нават пасля такой індывідуальнай працы многія з Касцёла знікаюць. Уплыў навучання не прыносіць стопрацэнтны эфект, аднак гэта не азначае, што не трэба сеяць.
    Як па мне, то неабходна працаваць ва ўсіх кірунках і ўкладаць у гэта сэрца. Трэба спадарожнічаць і дзецям, і бацькам, і моладзі. Усім катэгорыям. Важна таксама памятаць, што ўсё залежыць не толькі ад твайго прыгожага навучання, але і ад Божай ласкі. Ну і, канешне, людзі глядзяць на стыль твайго жыцця. Тут ужо не падманеш.
   
    – Ці патрэбны сёння нейкія рэформы, новы фокус у справе Канікул з Богам?
    – Я заўважыў такую рэч: цішэй едзеш – далей будзеш. Вельмі важна з дзецьмі быць. Яны хочуць быць з асобай. Навучанне Касцёла само па сабе простае, клопаты прыносіць выкананне. Не трэба прыдумваць нейкія новыя невядома якія формы, як дастукацца да чалавека. Нішто не заменіць звычайнага кантакту.
    Так, трэба ісці ў пары са светам. Трэба выязджаць з дзеткамі па-за тэрыторыю парафіі, у цікавыя мясціны. Аднак гэта не заменіць асновы: калі любіш, рабі. Каб дзеці і дарослыя бачылі, што гэта не проста адбыты час, а што ты прабываеш з імі якасна. Якасна праведзены час – найлепшая фармацыя.
    Кожная інвестыцыя ў чалавека заўсёды аплачваецца. А гэта рэгулярная інвестыцыя, гэта працэс.
   
    – А Вам не падаецца, што нярэдка бацькі банальна выкарыстоўваюць Канікулы з Богам? За тваімі дзецьмі паглядзяць летам, прычым за дарма. А ўжо пытанне перадачы веры – другаснае. Касцёл гэта разумее і ўсё роўна выкарыстоўвае такую шчылінку, каб дастукацца да людзей. Дзе ў гэтым залатая сярэдзіна?
    – Думкі людзей я не чытаю, адкрыта пра гэта не гавораць. Калі для кагосьці гэта пэўны момант адпачыць ад дзяцей – няхай адпачываюць, гадаваць дзяцей складана.
    Тое, што Касцёл укладвае ў летнікі, ёсць заўсёды і паўсюль. У гэтым і заключаецца гуманітарная місія Касцёла. Бацькі таксама робяць свой матэрыяльны ўклад. Я такімі рэчамі не цікаўлюся. Разумная інвестыцыя ў людзей – гэта самае галоўнае, што мусіць рабіць Касцёл. І матэрыяльныя сродкі павінны гэтаму служыць.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top