• Актуальна
  • Інтэрв'ю
  • “Італьянскія рэстаўратары здзівіліся б той працы, якую зрабілі нашыя майстры”

“Італьянскія рэстаўратары здзівіліся б той працы, якую зрабілі нашыя майстры”

 |  Арцём Ткачук  |  Інтэрв'ю
budslawska1
Разважаем пра актуальны стан цудатворнага абраза
Месяц таму будслаўскі абраз Маці Божай прайшоў чарговую рэстаўрацыю. Мы паразмаўлялі з калекцыянерам Ігарам Сурмачэўскім пра актуальны стан твора, яго гісторыю, сакрэт гістарычнай і сённяшняй папулярнасці. “Калі я асабіста думаю пра католікаў, першае, што прыходзіць мне ў галаву, – Будслаўская Божая Маці”, – кажа суразмоўца.
surmaczewski
Ігар Сурмачэўскі – рэстаўратар, калекцыянер і мецэнат. Каталіцкі вернік.

    – Адкуль узяўся абраз Маці Божай у Будславе?
    – Вядома, што яго прывёз мінскі ваявода Ян Пац. Ён перайшоў з кальвінізма ў каталіцтва, і менавіта за гэта Папа падарыў яму абраз. У той час Папам быў Клімент VIII, яго свецкае імя – Іпаліт Альдабрандзіні. Ён нарадзіўся ў Фларэнцыі і паходзіў з роду, у якім была вялікая прага да калекцыянавання мастацкіх твораў. Таму і Папа меў слабасць да мастацтва, збіраў вакол сябе мастакоў, у тым ліку ў Ватыкане. У яго таксама была калекцыя карцін і, як кожны калекцыянер, ён перыядычна яе чысціў. Напэўна, слабейшыя творы дарыў. Так абразы, падораныя папам Кліментам VIII, ёсць у Кракаве і Львове.
   
    – Калі адкінуць сімвалічнасць і важнасць абраза для Беларусі, а паглядзець выключна на яго мастацкую вартасць – будслаўскі абраз асаблівы?
    – Для нас, для ВКЛ і Рэчы Паспалітай гэта надзвычайны твор, нават на той час – пачатак XVII стагоддзя. Для Італіі гэта ўсё-такі была радавая рэч. У той час там працавалі Рубенс і Тыцыян. Трэба, канешне, усведамляць суадносіны ўзроўню іх твораў і будслаўскага абраза. Аднак у сакральным плане ён усё ж важнейшы для нас, чым Тыцыян.
   
    – На рэнтгенаўскіх здымках абраза без шатаў бачны плямкі. Што гэта?
    – Чорныя плямкі – гэта “выпады”, страты, якія немагчыма вярнуць. Справа ў тым, што ў абраза свой лёс. У Італіі ён жыў адным жыццём, калі ехаў да нас, – іншым. Ян Пац, уласнік абраза, вельмі яго любіў і паўсюль вазіў з сабой. Гэта не было чымсьці незвычайным у той час: той жа Ян Сабескі вазіў з сабой любімыя абразы. На прыпынках ставіўся паходны алтар, і ўсе перад ім маліліся.
    Лак, якім пакрываецца абраз, ахоўвае жывапіс, але ён цямнее праз 50 гадоў. Раз на паўстагоддзя палатно нанова пакрываецца лакам. Пабудавалі адзін будслаўскі касцёл – абраз перанеслі і лак аднавілі, пабудавалі яшчэ адзін – перанеслі ў новы алтар і аднавілі, з чорнага алтара пазней перанеслі ў новы касцёл, які стаіць да сёння, і зноў аднавілі. Кожнае перамяшчэнне абраза патрабавала аднаўлення лаку. Таму і здараліся гэтыя “выпады” ў XVII, і ў XVIIІ, і ў ХІХ стагоддзях. І рэстаўратару вышэйшай катэгорыі Аркадзю Шпунту прыйшлося пад цэйсаўскім мікраскопам здымаць усе аднаўленні, якія рабіліся раней, і рабіць іх ужо новымі фарбамі і матэрыяламі. У тыя часы, калі абраз рэстаўрыравалі і аднаўлялі, цэйсаўскай оптыкі не было.
   
    – Ці можна сёння сказаць, колькі такіх слаёў лаку за ўсю гісторыю ўжо было накладзена на гэты абраз?
    – Тут не магу сказаць. Мінулым разам ён рэстаўрыраваўся ў пачатку 1990-ых Віктарам Лукашэвічам. Гэта яшчэ пры кардынале Казіміры Свёнтэку. Тады не зрабілі дакладную фотафіксацыю працэсу рэстаўрацыі, таму невядома, колькі ў той час было знята слаёў. Але ў цэлым можна ўявіць, колькі разоў абраз аднаўлялі. Напісаны ён быў у 1596 ці 1598 годзе. І з таго часу кожныя 50 гадоў праходзіў такую працэдуру.
   
    – У якім стане сёння будслаўская ікона?
    – Ці ёсць на сёння ў нашага абраза нейкія праблемы? Можна сказаць, што ён увесь час знаходзіцца ў экстрэмальных умовах. Касцёл жа не ацяпляўся, у свой час там была зроблена вельмі дрэнная гідраізаляцыя. Ёсць фотафіксацыя з 70-80-ых гадоў мінулага стагоддзя, і там бачна, што вільгаць праступіла разам з зеленню на сценах і скляпеннях касцёла. Для палатна і ляўкасу гэта падобна смерці. Каштоўныя абразы зберагаюцца па-іншаму.
    Для прыкладу возьмем Маці Божую Уладзімірскую ХІІ стагоддзя. Яна ўстаўлена ў адмысловую капсулу з бронябойнага шкла, у якой падтрымліваецца тэмпература 16 градусаў і вільготнасць 60%. Менавіта такая атмасфера спрыяе добраму захаванню.
    А ў Будславе народ прыйшоў у касцёл, надыхаў – вільготнасць адна. Сышоў – вільготнасць іншая. Да таго ж змяняюцца поры года і разам з імі ўвесь час змяняецца тэмпературны рэжым. А ўявіце, які стрэс быў для іконы падчас пажару, ці калі яна пілігрымавала на рэстаўрацыю, а тут якраз уключылі ацяпленне і вільготнасць у лепшым выпадку складала 30%.
   
budslawska2
Рэстаўрацыя абраза Аркадзем Шпунтам

    – Можа быць, Вам вядома што-небудзь пра планы паляпшэння ўмоў захавання абраза? Напрыклад, змяшчэнне ў такую вось капсулу.
    – Гэта, канешне, было б ідэальна. Аднак я ведаю, што, напрыклад, капсула для Таропецкага (ці інакш Полацкага) абраза XII стагоддзя каштавала амаль мільён даляраў.
   
    – Ох, гэта шмат! Скажыце, я чуў, што папскія кароны ў свой час былі прыкручаны да абраза шурупамі…
    – Цяпер ужо ўсё цалкам па-новаму зроблена. Над абразом працавалі лепшыя рэстаўратары па жывапісе і па метале, якія, дзякуй Богу, ёсць у Беларусі. Ніякіх шурупаў вы больш не ўбачыце. Усё зроблена так, як павінна быць – на самым высокім узроўні. На еўрапейскім. Я думаю, і італьянскія рэстаўратары здзівіліся б той працы, якую зрабілі нашы майстры.
   
    – Вы ўзгадвалі, што металічныя шаты былі не адныя. Ці захаваліся якія-небудзь з іх да нашых дзён?
    – Увогуле абраз быў напісаны на палатне, а пад ім быў тонкі шчыт з хвойкі. Гэта было зроблена, каб на яго можна было прыбіваць шаты. Людзі ўпрыгожвалі абраз рознымі падарункамі, вотамі. Не ведаю, ці захаваліся шаты. Гэта ж тычыцца і выяў цудаў, якія здзейсніліся ля абраза. Калі адбудоўвалася новая мураваная святыня, у той час яны і зніклі. Таксама трэба памятаць, што сакральныя рэчы нярэдка пілігрымавалі паміж Будславам і Вільняй – у адзін і другі бок. Напрыклад, калі будаваўся мураваны будслаўскі касцёл, стары алтарны абраз Адведзінаў Паннай Марыяй св. Альжбеты быў вывезены ў касцёл св. Францішка і Бярнарда ў Вільні.
   
    – Дэ-факта на абразе намалявана італьянка. Аднак беларус хіба ніколі не пагодзіцца, што гэта італьянка.
    – Ён скажа, што гэта літвінка (смяецца – заўв. аўт.). Гэта правобраз літвінкі.
    Калі зняць шаты, то там на фоне нябёсы перад заходам сонца. Яны такія срэбна-цёплыя, з пераходам у бірузу. Дык вось, калі я ўяўляю гэты фон, адразу на думку прыходзяць нябёсы Італіі. Менавіта тыя нябёсы, што акружалі мастака, які пісаў абраз. А мы можам думаць, што гэта заход сонца ля ракі Сэрвач.
   
    – Будслаўская Мадонна малявалася з натуры?
    – Не. Я мяркую, што не.
   
budslawska3
Рэнтгенаўскі здымак абраза

    – Ці можна параўнаць актуальны культ Маці Божай Будслаўскай з бялыніцкім культам, які існаваў на нашых землях? Гэта параўнальныя ўзроўні?
    – Так, канешне. Можна нават параўнаць яго з культам Чэнстахоўскага абраза. Чорны алтар у касцёле ў Будславе рабіўся ў той жа час, калі рабіўся чорны алтар для Чэнстаховы. Будслаў меў вялізнае значэнне ў сакральным жыцці беларусаў.
    Справа ў тым, што раней бернардынцы былі “народнымі” святарамі. Уніяты таксама былі вядомыя і папулярныя, менавіта таму пасля скасавання Уніі ў 1839 годзе скасавалі таксама бернардынцаў. У іх былі такія квестары, якія збіралі паўсюль ахвяраванні на свае кляштары. Яны ездзілі па маёнтках, і кожны шляхціц лічыў гонарам даць ім ахвяраванне. Таксама пры ўсіх бернардынскіх кляштарах былі школы, бурсы (інтэрнаты для вучняў). Менавіта таму культ бернардынскіх святынь, а адной з самых знакавых з’яўляецца абраз Маці Божай у Будславе, быў такім распаўсюджаным. Гэта ўжо пасля скасавання кляштараў у 1830-ых і 1860-ых гадах будслаўскі культ пачаў занепадаць. Асабліва ў савецкія часы.
    Дзякуючы кардыналу Свёнтэку культ адрадзіўся і пачаў узрастаць нанова. І, напэўна, зойме тое месца, якое і павінен.
   
    – Ці можам сёння сказаць, што будслаўскі абраз ужо стаў сімвалам Беларусі?
    – Я думаю, так. Ён такі ж сімвал, як Жыровіцкі абраз. Калі я асабіста думаю пра католікаў, першае, што прыходзіць мне ў галаву, – Будслаўская Божая Маці. У маёй бабулі ў куце заўжды вісеў абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Яна нават была з пілігрымкай у Вільні ў 1908 годзе. У дзяцінстве ў маёй сям’і быў менавіта вастрабрамскі культ. А ўжо сёння для мяне Будслаў стаў больш сваім. Я не маю на ўвазе нейкую замену Вострай Брамы, проста Будслаў стаў ці становіцца бліжэй да сэрца.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top