• Актуальна
  • Інтэрв'ю
  • Бог прысутны ў нашай рэчаiснасцi

Бог прысутны ў нашай рэчаiснасцi

 |  Кацярына Паўлоўская  |  Інтэрв'ю
Уваскрасенне Езуса Хрыста, гiстарычнай фiгуры, а таксама Бога, як верым мы, хрысцiяне, адбылося больш за дзве тысячы гадоў таму. Разам са змёртвыхпаўстаннем успамiнаем, што Езус цярпеў: фiзiчна, псiхiчна, духоўна.
Аб цярпеннi чалавека, аб перажываннi штодзённасцi ў Вялiкiм посце i аб атрыманнi радасцi ад уваскрасення Езуса мы пагаварылi з а. Аркадзем Куляхам OCD, пробашчам гудагайскай парафii Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, у мiнулым духоўным айцом Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску i правінцыяльным дэлегатам айцоў кармэлітаў босых у Беларусі.
– Магчыма, праз Вялікi пост варта змяніць сваё стаўленне і зрабіць такія элементы нашага жыцця, як праца і адносіны з людзьмі, не перашкодамі, а ўбачыць у іх нейкую Божую прысутнасць?
    – Як мне падаецца, чалавек ніколі не жыве адзін, у адарванасці ад свету, ад іншых людзей. І калі мы перажываем сваю веру, то таксама робім гэта з іншымі людзьмі. Часам можа быць так, што менавіта гэтае свята будзе таксама перажываннем сустрэчы з Хрыстом у другім чалавеку. Можа, у тым чалавеку, які яшчэ не распазнаў Бога.
    Сапраўды, умовы, у якіх мы жывём, могуць нават паспрыяць таму, каб мы больш свядома асэнсавалі сваю веру, каб гэта не быў толькі нейкі рытуал, нейкі абрад, які б не грунтаваўся на рэлігійнай рэчаіснасці, на містычнай рэчаіснасці сустрэчы з самім Богам.
    Ці то Вялікі пост, ці то святы, святкаванне нядзелі, напрыклад – у розных умовах хрысціянін, католік сустракаецца з выклікам перажывання веры і дзялення гэтай верай, бо ён пакліканы ёю дзяліцца. Трэба сказаць, што, напэўна, няма такіх абставін, якія б цалкам перашкодзілі ў перажыванні рэлігійнай рэчаіснасці. Якія б яны ні былі, не будуць перашкаджаць поўнасцю, а могуць мабілізаваць чалавека да пошуку нейкага спосабу перажывання сваёй веры – больш свядомага спосабу.
    Адна жанчына, калі я заахвочваў яе да малітвы дома падчас рэкалекцый, распавядала пра тое, што не можа маліцца ў хаце. Калі пачынае малітву, прыходзіць муж і ўключае тэлевізар, прычым мацней, чым звычайна. Што я ёй параіў? Мабілізавацца, каб знайсці іншыя спосабы малітвы: пайсці на прагулку і там памаліцца. Але гэта таксама патрабуе нейкага намагання з боку чалавека.
   
    – Як цярпенне, якое сустракае ў жыцці чалавек – фізічнае, маральнае, псіхічнае, – ператварыць з перашкоды для веры ў Бога ў дапамогу ў перажыванні веры?
    – Першае, што трэба сказаць, – цярпенне, ды наогул пакуты, звязаны з чалавечым жыццём, і калі ўзяць звычайны вопыт чалавека, напэўна, няма такіх людзей, якія б так ці інакш не пакутавалі: ці то фізічна, ці то псіхічна, ці то маральна-духоўна. Нават у Святым Пісанні ёсць шмат гісторый, дзе прысутнічае рознае цярпенне: і смерць, і смерць дзіцяці, калі Пан Езус уваскрашаў адзінага сына камусьці, і небяспека смерці, некаторых высмейвалі, некаторыя перажывалі дакоры сумлення…
    Розныя пакуты – неад’емная частка жыцця. Гэта не значыць, што яны з’яўляюцца чымсьці, з чым чалавек павінен згаджацца. Чалавек не пакліканы да таго, каб з радасцю прымаць цярпенне. Пакуты, такія як хвароба альбо ўсялякае няшчасце, якое выклікае цярпенне, смерць блізкай асобы, нейкая страта, нават звычайнай маёмасці, – гэта зло, і пра гэта трэба казаць. Адносна цярпення можна мець дзве паставы. Адна пастава – гэта, напэўна, бунт. Яна зразумелая і натуральная, але на ёй чалавек не можа затрымацца. І, безумоўна, у выпадку веруючай асобы было б няправільным затрымлівацца на бунце. Адзінае, што чалавек можа зрабіць у выпадку цярпення – перш за ўсё, усвядоміць, што яно вельмі часта з’яўляецца таямніцай. Асабліва калі людзі задаюць пытанне: “Чаму менавіта я?” – там заўсёды будзе таямніца.
    Калі чалавек веруючы, то, канешне, ён будзе на свае пакуты глядзець праз дапамогу, праз ласку Пана Бога. Такім класічным прыкладам пакут з’яўляецца Ёў са Старога Запавету. Ян Павел II у адгартацыі на тэму чалавечых пакут звяртаецца менавіта да Ёва, які да канца не зразумеў сэнсу цярпення, але адказаў Богу на пытанне пра любоў, што любіць Яго абсалютна.
    Мне асабіста спадабалася, як аднойчы папа Францішак казаў пра тое, што Хрыстос прысутны асабліва там, дзе чалавек пакутуе. Святы Айцец звяртае ўвагу на ролю малітвы. Пра што таксама казаў папа Бенедыкт XVI на пачатку свайго пантыфікату: той, хто верыць, ніколі не заста ецца адзін. Няма такіх пакут, у якіх не было б прысутнасці Пана Бога. Калі я веруючы чалавек, то першае, чаго чакаю ў веры, – вечнае жыццё. У такім сэнсе ўсялякае цярпенне разумею як дарогу да яго. Падкрэсліваю яшчэ раз: гэта не значыць, што я павінен прагнуць цярпення і імкнуцца да яго. Тым не менш, дзякуючы веры магу гэтае цярпенне лягчэй пераносіць.
 
    – Ад людзей веруючых можна пачуць, што Бог “дае” вайну, каб людзі навярнуліся. Здаецца, што ў цяперашніх акалічнасцях вайны важна казаць, што Бог не спасылае цярпенне, не спасылае вайну.
    – Чалавек не можа сказаць: “Бог даў цярпенне – то трэба цярпець”. Бог не спасылае цярпенне і не прагне, каб чалавек пакутаваў. Іншая справа, калі асоба перажывае цярпенне і яднае яго з пакутамі Езуса.
   Такім чынам яно набывае збаўчы характар – удзельнічае ў збаўчай місіі Хрыста. Бог не стварыў чалавека для вайны, для нянавісці, але стварыў яго і з любові, і для любові. Сучасныя падзеі, вялікая несправядлівасць, усялякія войны… З пэўнасцю можна сказаць, што яны не ад Бога і іх нельга нават разглядаць як Божае пакаранне, але як вынік людскога граху, вынік адыходу чалавека ад Бога, можа, нават практычнага атэізму многіх веруючых.
    Тут вельмі вялікае значэнне маюць адносіны чалавека да пакут. І не толькі да сваіх. Трэба іх заўважыць і быць саўдзельнікам цярпення іншых людзей. Для мяне гэта вельмі важна. Гэта момант, калі мы, хрысціяне, бяром прыклад з Езуса Хрыста. Ён настолькі з’яднаўся з чалавечай натурай, што сам прыняў на сябе людскія пакуты, прычым сапраўды жудасныя. Калі наследуем Збаўцы, то стараемся ўдзельнічаць у цярпенні іншых людзей.
    Тут можна ўзгадаць хоць бы Маці Тэрэзу з Калькуты, якая з найбольш пакінутымі, беднымі перажывала тое ж цярпенне, што і яны. Як яшчэ перажываць? Прагнуць праўды, справядлівасці, прагнуць, каб другі чалавек быў шчаслівы, каб у яго жыцці быў Пан Бог – гэта вельмі важна.
    У кантэксце цярпення апошняе, што хацеў сказаць, што і ў перажыванні Вялікага посту, і таксама гэтых трох дзён смерці, пахавання і ўваскрасення Езуса Хрыста ёсць надзея вечнага жыцця. І гэта найважнейшае. Якія б пакуты не былі, вельмі важна для нас, хрысціян, каб яны не адлучылі нас ад любові Усемагутнага, а наадварот, дапамаглі яшчэ больш з’яднацца з Богам, які прысутны асабліва там, дзе чалавек пакутуе.
   
    – Уваскрасенне Езуса – гэта радасць. Чалавек прыходзіць у касцёл не проста пастаяць, паўдзельнічаць у працэсіі, а атрымаць радасць ад Хрыста. Як гэта зрабіць?
    – Радасць з’яўляецца ўнутраным станам чалавека, які верыць у Бога. На мой погляд, чым больш глыбокай будзе вера, тым больш стане радасці.
    У прынцыпе, хрысціянская радасць пачынаецца з таго, што я іду ў касцёл: ці то на рэзурэкцыйную св. Імшу, ці то на нядзельную Эўхарыстыю, а асабліва на Пасхальную вiгілію, дзе ўсе збіраюцца каля вогніша, дзе асвячаецца гэты агонь. Пасля заносіцца святло ў касцёл як радасць ад таго, што Хрыстос сярод нас.
    У сцэне з Евангелля, калі ўсе бягуць да магілы, яны ў дарозе перакананы ў тым, што там будзе сум. Калі ж прыходзяць і сустракаюць Езуса Хрыста, які кажа такія актуальныя сёння словы “Супакой вам”, там прысутнічае радасць. Радасць ад таго, што Хрыстос, які быў мёртвы – ажыў. Ён сапраўды жыве і сапраўды прысутнічае сярод нас, хоць мы Яго не бачым.
    Канешне, каб гэтую радасць у поўні перажываць, трэба – вяртаючыся да пачатку – жыць верай пастаянна, інакш радасці не будзе. Хрыстос ёсць у маім жыццi, я з’яднаны з Ім, я да гэтага пакліканы – заўсёды быць з Ім. Там, дзе ёсць Бог, там ёсць надзея.
    У Нядзелю Уваскрасення гучаць словы: “Супакой вам” – гэта таксама сведчанне таго, што Бог прысутны тут, у нашай рэчаіснасці. А калі Ён прысутны, то Ён таксама дае надзею. Пазнаць праўдзівага Бога – гэта таксама значыць мець надзею. На тое, што Ён прысутны ва ўсім. На тое, што я буду жыць інакш, што атрымаю новае жыццё. І не толькі ў перспектыве вечнасці, але і ў перспектыве сённяшняга дня. Што “заўтра” будзе поўнае радасці.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top