Паўсюдны Касцёл (36)

 |  На падставе інтэрнэт-крыніц  |  Варта ведаць

   † Славакія. У Славакіі завяршыліся ІІІ Еўрапейскія каталіцкія сацыяльныя дні. Каля 150-ці прадстаўнікоў Касцёла, палітыкаў і навукоўцаў з усёй Еўропы абмяркоўвалі сацыяльныя выклікі і шляхі абнаўлення кантынента. У кантэксце каталіцкага вучэння гаварылася аб праблемах у такіх сферах, як сямейныя і дэмаграфічныя змены, сацыяльна-экалагічныя пераўтварэнні. Першыя Еўрапейскія каталіцкія сацыяльныя дні прайшлі ў 2009 годзе ў Гданьску. Гаспадаром другой сустрэчы стаў у 2014 годзе Мадрыд.

    † Польшча. Папярэдні прагляд “Рэквіема” ў памяць аб ахвярах COVID-19 адбыўся ў Кракаве ў дамініканскай базіліцы Найсвяцейшай Тройцы. “Рэквіем” напісаў малады кракаўскі кампазітар і выкладчык Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ а. Давід Куш OP. Твор быў замоўлены спецыяльна з гэтай нагоды. У базіліцы выступяць Марэк Павэлэк на аргане, Караліна Зялінска – перкусія, Мацей Адамчак – кантрабас, а таксама камерны хор Sancta Trinitas пад кіраўніцтвам кампазітара. Як падкрэсліваюць дамініканцы, у музычнай інтэрпрэтацыі “Рэквіема” спалучаюцца розныя традыцыі: літургічна-малітоўная, падкрэсленая традыцыйным акампанементам хору і аргана, а таксама выкарыстанне царкоўных мадальных гам.
   
   † Канада. Найстарэйшаму каталіцкаму біскупу ў свеце Ларану Ноэлю ў сакавіку споўнілася 102 гады. Старэйшы біскуп дыяцэзіі Труа-Рыўер у канадскай правінцыі Квебек нарадзіўся ў 1920 годзе ў Сен-Жуст-дэ-Брэтэньер. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 16 чэрвеня 1944 года. 25 чэрвеня 1963 года абраны чатырма днямі раней на папу св. Павел VI прызначыў яго дапаможным біскупам Квебека; намінант быў асвечаны 29 жніўня таго ж года. 7 верасня 1974 года Папа прызначыў яго апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Гатэрыў, а 8 лістапада наступнага года ён прызначыў 55-гадовага тады іерарха біскупам Труа-Рыўер на паўднёвым усходзе Канады. Біскуп Ноэль сышоў з гэтай пасады 21 лістапада 1996 года, калі яму было больш за 76 гадоў.
   
   † Меджугор’е. Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер наведаў Меджугор’е. Тут высокі ватыканскі дыпламат меў размову з правінцыялам францішканцаў у Герцагавіне а. Міленка Штэкай. Меджугор’е, размешчанае ў 20 км ад Мостара ў Босніі і Герцагавіне, з’яўляецца – паводле сведчання групы візіянераў – месцам аб’яўленняў Маці Божай, якія адбываюцца з 1981 года. Іх сапраўднасць яшчэ не прызнана Касцёлам. Папа Францішак дазволіў пілігрымкі ў Меджугор’е, пацвердзіўшы душпастырскую каштоўнасць гэтага месца, і ў 2020 годзе ўпершыню напісаў ліст да ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю моладзі. Аднак парафіяльны касцёл у Меджугор’і дагэтуль не мае статусу санктуарыя. Нягледзячы на гэта, да пандэміі штогод сюды прыязджала да 3 мільёнаў пілігрымаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top