• Актуальна
  • Пастырскае Слова
  • Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры, дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі!

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры, дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі!

 |  Біскуп Гродзенскі  |  Пастырскае Слова
bishopsЯ – уваскрасенне і жыццё.
    Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 25–26).

   

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!
    Дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі!
У гэтую велікодную раніцу звяртаюся да Вас з асаблівай сардэчнасцю, каб падзяліцца радасным пасланнем веры, якое гучыць так: “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”.
    Хоць у нашых сэрцах шмат непакою і іх раніць боль з прычыны пакут столькіх людзей, якія вымушаны пакідаць свае дамы і краіны, ратуючы жыццё, хоць народы жывуць у няпэўнасці наконт заўтрашняга дня, парушаецца грамадскі парадак у многіх краінах, аднак большай і мацнейшай з’яўляецца надзея, якую мы ўскладаем на Бога, міласэрнага Айца, які “так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (параўн. Ян 3, 16).
    Богу заўсёды важна, каб мы жылі ў згодзе і міры, а калі змагаліся, то змагаліся са сваімі грахамі і за сваю святасць.
    Адзначаючы сёлетнія святы Уваскрасення Пана, будзем прасіць Таго, які стаў “Пераможцам смерці, пекла і шатана”, каб пажадаў захаваць нас у міры, каб дапамог нам захаваць веру, Евангелле і Дэкалог і каб гэтыя каштоўнасці сталі фундаментам міру, на якім мы будзем будаваць сваю будучыню.
   
   Дарагія Дыяцэзіяне!
    Дзякую ўсім, хто ў гэтыя дні спяшаецца з дапамогай патрабуючым, запэўніваю ў сваёй малітве за тых, каго закранаюць хвароба і цярпенні. Каля пустой грабніцы Езуса прашу аб жывой веры для дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця Першай святой Камуніі, і аб тым, каб маладыя людзі, якія будуць умацаваны сямю дарамі Святога Духа ў сакраманце хрысціянскай сталасці, былі сведкамі Уваскрослага Пана. Няхай усе сем’і будуць моцныя Богам, бо толькі тады яны будуць здольны перамагчы цяжкасці і перанесці нават найбольшыя жыццёвыя буры.
    Перад намі святы жыцця і дабра, надзеі і любові, міру і салідарнасці, збаўлення і міласэрнасці. Жадаю Вам усім удзячнасці за дар пасхальных таямніц, бо яны з’яўляюцца задаткам нашага плённага жыцця сёння і ў вечнасці.
   
    На гэты час сустрэчы з Уваскрослым і з бліжнімі ад усяго сэрца Вас бласлаўляю: у імя Айца і Сына, і Святога Духа.
   
    Аляксандр Кашкевіч
   Біскуп Гродзенскі
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top