Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі

 |  кс. Юрый Марціновіч  |  Праца Сіноду
Жыць Евангеллем
Ужо больш за год Касцёл на Гродзеншчыне перажывае свой І Дыяцэзіяльны сінод. У адпаведнасці з патрабаваннямі Сабору, ён павінен прывесці да аднаўлення рэлігійнага жыцця, душпастырства і прававога становішча ў дыяцэзіі. Прапануем чытачам “Слова Жыцця” новую рубрыку, якая мае на мэце перыядычна паведамляць пра значэнне дадзенай падзеі для мясцовага Касцёла, а таксама пра ход работы ў сінадальных камісіях.

   Мэта Сінода
    Мэтай Сінода з’яўляецца дапамога ардынарыю ў рэалізацыі задання кіравання дыяцэзіяй, а найперш у ажыццяўленні заканадаўчай улады. Біскуп Аляксандр Кашкевіч з’яўляецца адзіным сінадальным заканадаўцам: толькі ён падпісвае сінадальныя дэкларацыі і дэкрэты, толькі яго аўтарытэтам могуць быць абнародаваны пералічаныя дакументы.
Святарам і вернікам падчас Сінода належыць важны дарадчы голас, які, згодна з навучаннем аб сінодах, з’яўляецца зычлівай і кампетэнтнай радай. Непасрэдныя ўдзельнікі Сінода пакліканы падчас працы клапаціцца аб плёне для дыяцэзіі, аб развіцці веры Божага люду.
   
    Задачы Сінода
    Задача І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі – прыцягнуць увагу членаў Гродзенскага Касцёла да супольнай карысці. Ёй з’яўляецца, як пісаў у сваім пастырскім лісце на распачацце Сінода біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, “вернасць традыцыі мясцовага Касцёла і адкрыццё сябе на знакі часу і новыя выклікі”.
    Кірунак прац Сінода добра адлюстроўвае абраны дэвіз “Жыць Евангеллем”. Ён заклікае да прыняцця спадчыны даўніх пакаленняў, заахвочвае задумацца пра сённяшні і заўтрашні дзень, а таксама паглыбіць у дыяцэзіі хрысціянскае жыццё, згоднае з Евангеллем.
   
    Сінадальныя камісіі
    Дэкрэтам ардынарыя прызначана 16 сінадальных камісій з 2-ма падкамісіямі:
    • Камісія па справах спадчыны Гродзенскага Касцёла і сакральнага будаўніцтва
    • Камісія па справах эканомікі і дыяцэзіяльных структур
    • Камісія па справах сацыяльных і прававых адносін з грамадзянскімі ўладамі
    • Камісія па справах місій
    • Камісія па справах дабрачыннай паслугі
    • Камісія па справах новай евангелізацыі (рухаў і таварыстваў)
    • Камісія па справах кансэкраванага жыцця
    • Камісія па справах літургічнага душпастырства і сакраментальнага жыцця
    - падкамісія па справах абвяшчэння Божага слова
    - падкамісія па справах касцёльнага спеву і музыкі
    • Камісія па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу
    • Камісія па справах душпастырства сем’яў і сужэнстваў
    • Камісія па справах духавенства
    • Камісія па справах пакліканняў і фармацыі да прэзбітэрату
    • Камісія па справах катэхезы і каталіцкага выхавання
    • Камісія па справах душпастырства моладзі
    • Камісія па справах сродкаў масавай інфармацыі
    • Камісія па справах агульнага і спецыялізаванага душпастырства
   
    Таксама прызначана 16 дэканальных камісій (у кожным дэканаце). У іх склад уваходзяць духоўныя і свецкія асобы.
   
    Кожная з камісій сустракаецца праз пэўны тэрмін і агаворвае канкрэтныя пытанні. Праца сінадальных камісій праходзіць пад кіраўніцтвам і пры каардынацыі генеральнага сакратарыяту і галоўнай камісіі Сінода.
   
    У наступных артыкулах рэдакцыя “Слова Жыцця” будзе цыклічна інфармаваць чытачоў аб ходзе прац у кожнай сінадальнай камісіі, а таксама аб тэмах, якія ў дадзены час абмяркоўваюцца.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top