Распазнаванне: стан пакінутасці

 |  Тэрэса Клімовіч  |  З Богам праз штодзённасць
У правілах распазнавання св. Ігнацыя мова аб духоўным суцяшэнні змяняецца – прычым без ніякага пераходу – тэмай духоўнай пакінутасці. Ёй прысвечаны наступныя шэсць правіл, якія пацвярджаюць, што такому нялёгкаму чалавечаму досведу святы надаваў вялікую вагу.
    Гэтак жа, як спазнаць суцяшэнне, так і сустрэцца з выпрабаваннем трэба тварам у твар. Спачатку Ігнацый дае вызначэнне пакінутасці, затым – чатыры правілы аб тым, што варта рабіць, і ўрэшце прапануе паразважаць, у чым можа хавацца прычына таго, што Бог дапускае гэты стан. Па праўдзе, хочацца спытацца адразу, як толькі сустракаем штосьці непрыемнае і незразумелае: “Чаму так? Чаму гэта адбываецца са мной?”. Аднак парады Ігнацыя найперш датычаць дзейнага супрацьстаяння таму, што цяжка вызначыць і апісаць, хоць у той ці іншай ступені яно знаёма кожнаму.
Чацвёртае правіла: духоўная пакінутасць. Я называю пакінутасцю ўсё супрацьлеглае трэцяму правілу, а менавіта зацямненне душы, хваляванне ў ёй, схільнасць да рэчаў нізкіх і зямных, неспакой з-за розных імпульсаў і спакус, якія вядуць да нявер’я, [стан] без надзеі, без любові; калі чалавек адчувае сябе абыякавым, астылым, сумным і нібы адлучаным ад свайго Творцы і Пана. Бо як суцяшэнне процілеглае пакінутасці, так і думкі, якія паходзяць з суцяшэння, процілеглыя думкам, якія паходзяць з пакінутасці.
    Каб распазнаць, што знаходзімся менавіта ў стане духоўнай пакінутасці, нам трэба мець папярэдні досвед радасці і блізкасці да Бога. Інакш, пастаянна не знаходзячы ў сабе ні веры, ні надзеі, ні любові, можна зрабіць выснову, што “так і трэба”, што ў свеце ёсць толькі рэчы “нізкія і зямныя”, што Бог далёка і няма сэнсу імкнуцца за нечым большым. Аднак, спадзяюся, любому з нас зразумела, што мае на ўвазе Ігнацый, калі гаворыць пра “ўсё супрацьлеглае трэцяму правілу” аб суцяшэнні, аб якім разважалі ў мінулым артыкуле.
    Ва ўнутраным жыцці чалавек адчувае змены: думкі, памкненні, пачуцці раптам змяняюць накірунак, малітва адзначаецца сухасцю, цяжар адчування сябе “адлучаным ад свайго Стварыцеля і Пана” выглядае непазбыўным і канчатковым. Падчас такой асаблівай уразлівасці і слабасці чалавека злы дух не будзе маўчаць і бяздзейнічаць. Таму першае, аб чым гаворыць Ігнацый, – не змяняць пастановы і рашэнні, прынятыя ў час духоўнага суцяшэння. Ён ведае, што такая спакуса ўзнікне. Зноў узгадаем тры этапы распазнавання: усведамленне, зразуменне і дзеянне. Калі ў суцяшэнні кожны духоўны дар трэба заўважыць і прыняць, то ў пакінутасці – натхненні злога адкінуць. “Слухаючы яго парад, не можам выбраць добрай дарогі”, – адзначае Ігнацый у пятым правіле.
    Аднак, не змяняючы дарогі і напрамку, варта ўважліва і сур’ёзна аднесціся да свайго духоўнага стану: усвядоміць, што адбываецца, назваць самаадчуванні, паглядзець на крыніцу і тэндэнцыю – куды гэтыя думкі і жаданні мяне цягнуць?
    А. Жуль Тоўнэр SJ адзначае: “Будзе карысна ўспомніць агульны прынцып псіхалогіі чалавека: рэфлексіўная ўвага да свайго афектыўнага вопыту, як правіла, аслабляе яго ўплыў на нас, тады як увага да аб’екта афектыўных учынкаў альбо падставы афектыўных пачуццяў схільна іх узмацняць. Такім чынам, засяроджванне на аб’ектах гневу ці пажадлівасці спрыяе іх нарастанню; разважлівая ўвага да пачуццяў аслабляе іх”.
    Наступным крокам будзе супрацьдзеянне пакінутасці. Менавіта так, адносна таго, што выглядае такім усеабдымным і знясільваючым, трэба рупліва змяняць сябе спосабамі, якія супрацьстаяць гэтаму стану. Прынцып контратакі (agere contra) можна назваць агульным ігнацыянскім прынцыпам дзеяння ў выпадках сутыкнення з негатыўнымі ўплывамі на духоўнае жыццё. Адносна пакінутасці гэты прынцып сцвярджае аб неабходнасці больш інтэнсіўнай малітвы, разважання, рахунку сумлення і пакаяння. Дадатковым спосабам будзе велікадушнае і дзейнае служэнне Богу і бліжнім. Іншымі словамі, усведамляючы, што малітва – гэта апошняе, што хочацца цяпер рабіць, тым не менш, трэба выбраць такі спосаб дзеяння і трымацца яго.
    Нават у самай “пустой”, на нашу думку, малітве захоўваецца крышынка веры, што мы пачутыя Богам.
    У пакінутасці адчуваем сябе ў адзіноце, быццам Бог пайшоў у працяглы адпачынак, хоць гэта не так. Адчуваем сябе нямоглымі і нявартымі, таму ізалюем сябе ад іншых і не схільныя турбаваць Бога просьбамі. Горш за тое, злы дух можа падказваць нам захоўваць у таямніцы ўсе сумневы і чорныя думкі, тады як прызнанне іх перад самім сабой і Богам, а таксама размова з дасведчанай у духоўных перажываннях асобай маглі б дапамагчы выстаяць у гэты складаны час.
    Ігнацый нагадвае ў наступным правіле, што Бог заўсёды побач, нават калі не адчуваем Яго прысутнасці. Добра, калі ў нашым атачэнні ёсць людзі, якія таксама словам і чынам сведчаць пра яе. Аднак можа стацца, што, у рэшце рэшт, усе падбадзёрванні будуць успрымацца як неадпаведныя і бессэнсоўныя. Таму тое, што далей гаворыць Ігнацый, гучыць вельмі ціха і проста (бо што яшчэ можна сказаць няўцешнаму чалавеку пасля запэўнівання “Бог з табой, Ён цябе любіць”): набярыцеся цярплівасці, пакінутасць мінае. Адна з ключавых цнотаў у пакінутасці – цярплівасць, якая здольна вярнуць страчаную духоўную раўнавагу. Мы не пазбегнем пакінутасці ў сваім жыцці, і яна, як навальніца, здарыцца яшчэ не адзін раз. Аднак пакуль навальніца бушуе, мы можам цярпліва яе перачакаць, застаючыся духоўна актыўнымі, трываючы ў малітве і служэнні іншым людзям.
    І толькі ў дзевятым правіле Ігнацый закранае пытанне аб магчымых прычынах гэтага духоўнага стану. Часам выглядае так, нібы пакінутасць узнікае ніадкуль: прыходзіць раптоўна, быццам хтосьці зачыніў аканіцы ў сонечны дзень. Але ў тым выпадку, калі прычына ёсць, можна даведацца штосьці важнае, даследаваўшы яе.
    Ігнацый прыводзіць тры прычыны. Па-першае, нашы ўласныя паводзіны. З аднаго боку, калі і так адчуваем сябе няшчаснымі, не надта хочацца шукаць у гэтым сваю віну, але з іншага – што можа быць прасцей? Калі мы грэбавалі нейкімі важнымі абавязкамі, з нядбаласцю адносіліся да духоўнага жыцця, паддаваліся спакусам злога духа, то ўсведамленне таго факту, што праз свае ўчынкі аддаліліся ад Бога, прывядзе да пошуку шляхоў навяртання.
    Па-другое, Бог можа дапусціць пакінутасць як выпрабаванне, каб маглі ўзрастаць і вучыцца любіць Яго як у дрэнныя, так і ў добрыя часы. Узгадаем, што ў папярэдніх правілах Ігнацый прапануе практыкаваць: цярплівасць, давер, малітву, адданае служэнне іншым. Калі пакінутасць прымушае нас расці такім спосабам, то гэтую магчымасць нельга прапусціць.
    Нарэшце, па-трэцяе, пакінутасць можа быць з пасылам аб, магчыма, забытай праўдзе: Бог – крыніца ўсяго. Яго дары ў час духоўнага ўздыму лёгка прыпісаць сабе, тады як усё паходзіць толькі ад Бога. У пакінутасці мы тужым па суцяшэнні і яго з часам атрымаем. Але было б памылкай успрымаць яго як належнае, як тое, што можам “выпрацаваць” уласнымі намаганнямі. Пакінутасць – гэта выклік, які трэба сустрэць са шчырасцю і пакорай, ды адкрыць рукі, каб прыняць усё, што Бог нам дае ў дадзены момант, нават калі не бачым прычыны.
    Размову аб духоўным распазнаванні нельга лічыць скончанай: наш шлях да Бога працягваецца. Яго заклік да ўзрастання застаецца нязменным, і процідзеянне злых сіл мы так ці інакш яшчэ дасведчым. Няхай жа заступніцтва св. Ігнацыя дапаможа нам лепш распазнаваць унутраныя рухі і заставацца вернымі Божым натхненням!
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top