Распазнаванне: стан суцяшэння

 |  Тэрэса Клімовіч  |  З Богам праз штодзённасць
У мінулым артыкуле мы спыніліся на тым, што чалавек, які імкнецца не грашыць і як мага лепш служыць Богу, ідзе “ад добрага да лепшага”, атрымліваючы дапамогу добрага духа. Самі правілы, такім чынам, уяўляюць сабой пэўны шлях: мы пачынаем яго праз навяртанне і разам з гэтай ласкай атрымліваем асаблівы стан душы, як цёплы хлеб на доўгую дарогу. Гэты стан св. Ігнацый называе духоўным суцяшэннем. Выкарыстоўваючы слова “суцяшэнне” як своеасаблівы тэрмін, ён зыходзіць са знаёмых усім перажыванняў радасці, блізкасці, узнёслага настрою, лагоднасці. Аднак удакладненне, што суцяшэнне менавіта духоўнае, звяртае ўвагу на паходжанне і мэту гэтых унутраных рухаў.
Трэцяе правіла: духоўнае суцяшэнне. Пад суцяшэннем разумею [стан], калі ў душы паўстаюць пэўныя ўнутраныя рухі, праз якія душа загараецца любоўю да свайго Творцы і Пана, у выніку чаго не можа любіць створаныя на зямлі рэчы ніяк інакш, як толькі ў Творцы ўсіх рэчаў. Гэткі ж стан, калі яна пралівае слёзы, якія вядуць да любові Пана з прычыны жалю за свае грахі ці з-за Мукі Хрыста нашага Пана, а таксама з-за іншых рэчаў, непасрэдна скіраваных на служэнне Яму і праслаўленне. Урэшце, я называю суцяшэннем кожнае ўзрастанне надзеі, веры і любові і кожную ўнутраную радасць, што клічуць і вабяць да нябесных рэчаў і да дабра [ды збаўлення] душы, суцішваючы і супакойваючы яе ў Творцы і Пану.
    Відавочна, што св. Ігнацый вырашыў даць не сціслую вычарпальную дэфініцыю, а серыю прыкладаў: ён апісвае разнастайныя ўнутраныя перажыванні чалавека, якія ілюструюць сутнасць суцяшэння. Хоць яны ўспрымаюцца намі як псіхічная рэчаіснасць, тым не менш, інтэрпрэтуюцца праз прызму веры і Божай любові. Калі Ігнацый у аўтабіяграфіі згадвае пра вялікае суцяшэнне, якое ён атрымаў, гледзячы на зорнае неба, то кажа таксама пра яўна духоўны досвед: тады адчуў у сабе моцнае жаданне служыць Пану. Такі ўнутраны рух адрозніваецца ад прафесійнага захаплення і цікаўнасці астранома. “Суцяшэнне ў распазнаванні духаў – гэта заўсёды спантаннае ўнутранае перажыванне чалавека, якое духоўна інтэрпрэтуецца і мае духоўныя наступствы”, – піша Джордж А. Ашэнбрэнэр SJ, знакаміты аўтар кніг і духоўны кіраўнік.
    Духоўнае суцяшэнне не заўсёды азначае шчасце, а духоўная пакінутасць (супрацьлеглы стан, аб якім будзе гаворка ў наступным артыкуле) не заўсёды азначае смутак. Часам перажыванне смутку, адзіноты ці неспакою – гэта момант вяртання да блізкасці з Богам і іншымі людзьмі. Шчыры жаль за шкоду, учыненую бліжняму, у канчатковым выніку імкнецца да радасці, якая прыходзіць з прымірэннем. Задаволенасць і шчасце могуць быць ілюзіяй і нават формай самападману, калі гэтыя пачуцці прыкрываюць праблемы, якія патрабуюць вырашэння: наступствы мы проста не хочам заўважаць. Лёгка, напрыклад, знясіліць сябе празмернай працай альбо бяздумнымі забавамі ці пагаджацца на захаванне спакою любым коштам, каб толькі пазбегнуць складанай размовы з чалавекам, якога любіш. Зноў ключавое пытанне: адкуль гэты рух і куды ён вядзе?
    Папа Францішак піша: “Шчасце з’яўляецца парадоксам і прапануе нам найлепшы вопыт тады, калі прымаем тую загадкавую логіку, якая не паходзіць ад гэтага свету. Як гаварыў пра крыж св. Бонавентура, «гэта – наша логіка»” (Gaudete et exsultate, 174).
    Усё ж, што тады, на думку Ігнацыя, суцяшае нас па-сапраўднаму? Возьмем, напрыклад, “унутраныя рухі, праз якія ў душы загараецца любоў да Бога”. Выкарыстаны тут вобраз агню паказвае, што працягласць і інтэнсіўнасць стану суцяшэння могуць быць рознымі: момант ці некалькі месяцаў, цалкавітая ахопленасць полымем любові да Бога ці далікатнае трапяткое пачуццё, падобна агеньчыку свечкі – кожнай душы ў адпаведны час спасылаецца штосьці ўнікальнае. Бог дасканала ведае, як даваць добрыя дары сваім дзецям (параўн. Лк 11, 13).
    Любоў чыніць нас здольнымі ставіць Бога на першае месца і толькі ў Ім любіць усё створанае: рэчы, месцы, людзей. Можна сказаць, любоў да ўсяго, што дорага нам на зямлі, прыходзіць у гармонію з гэтай “асноўнай” любоўю, якая жывым агнём пасяляецца ў сэрцы.
    Далей Ігнацый адзначае, што суцяшэнне ахоплівае чалавека цалкам, таму тое, што перажываецца ў сферы духа, атрымлівае фізічнае праяўленне ў слязах, “якія вядуць да любові Пана”. Слёзы, такім чынам, становяцца прыступкай да яшчэ большай любові, хоць могуць з’явіцца вынікам складанага духоўнага досведу: разважанняў Мукі Хрыста, жалю за свае грахі ў святле Божай міласэрнасці і любові. Ігнацый пакідае спіс адкрытым: “а таксама з-за іншых рэчаў, непасрэдна скіраваных на служэнне Яму і праслаўленне”. Таму тут знойдзецца месца і для слёз захаплення добрымі рэчамі, і для слёз спачування няшчасцю бліжніх.
    Наступным акрэсленнем духоўнага суцяшэння становіцца “кожнае ўзрастанне” тэалагічных цнотаў: веры, надзеі і любові. Яны прысутныя ў душы дзякуючы ласцы хросту, але менавіта асабістае адчуванне, што гэтая духоўная аснова ўмацоўваецца, прыносіць чалавеку глыбокую і сапраўдную радасць. Св. Ігнацый раіць усведамляць як мага часцей праявы духоўных перажыванняў, якія кіруюць нашы сэрцы ўгору, “да нябесных рэчаў”, каб заўважыць і прыняць іх як каштоўныя дары, дазволіць душы наталяцца імі, знаходзіць супакаенне ў сваім Творцы і Пану.
    Так, разважаючы змест трэцяга правіла, мы крочым па святой зямлі: мы знаходзімся ў Божай прысутнасці. Няхай жа шматграннасць і разнастайнасць асабістага досведу гэтай прысутнасці адкрыецца для нас ва ўсім сваім багацці і моцы сярод звычайнасці штодзённага жыцця.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top