ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

Божае Нараджэнне

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло. Было Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Прыйшло да свайго, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся. Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: “Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне”. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён аб’вясціў.

Ян 1, 1–18

 

IV Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: “Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў Ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў”. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: “Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог»”. Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

Мц 1, 18–24

 

III Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Калі Ян пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытаць Яго: “Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?”. І сказаў ім Езус у адказ: “Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне”. Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: “На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што вы хадзілі глядзець? На прарока? Так, кажу вам, і нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу». Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве – большы за яго”.

Мц 11, 2–11

   

II Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму”. Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. І прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі. Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: “Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння, і не думайце казаць у думках сваіх: «Наш айцец – Абрагам». Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным”.

Мц 3, 1–12

   

I Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў сваім вучням: “Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі – пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая – пакінутая. Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце”.

Мц 24, 37–44

   

Нядзеля Хрыста Валадара

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Насміхаліся з Езуса разам з народам і кіраўнікі, кажучы: “Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам”. Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго. Падыходзілі і падносілі Яму воцат, кажучы: “Калі Ты Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога”. І быў над Ім надпіс: “Гэта Кароль юдэйскі”.
    Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: “Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас”. А другі ў адказ дакараў яго і казаў: “Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае? Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў”. І сказаў: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”. Езус адказаў яму: “Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі”.

Лк 23, 35–43

   

XXXIII Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены”. І спыталіся ў Яго: “Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?”. Ён сказаў: “Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», – і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу”. Тады сказаў ім: “Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё.
    І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае”.

Лк 21, 5–19

   

XXXII Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: “Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства брату свайму. Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце, памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю”. Езус сказаў ім: “Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана «Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба». Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць”.

Лк 20, 27–38

   

XXXI Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме”. Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: “Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш”. Езус сказаў яму: “Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула”.

Лк 19, 1–10

   

XXX Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус расказаў такую прыпавесць некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: “Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю». А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка». Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца”.

Лк 18, 9–14

   

XXIX Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: “У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: «Абарані мяне ад праціўніка майго». Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: «Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне»”. І сказаў Пан: “Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?”.

Лк 18, 1–8

   

XXVIII Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: “Езус, Настаўнік, змілуйся над намі”. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: “Ідзіце, пакажыцеся святарам”. А калі адышлі, яны ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: “Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?”. І сказаў яму: “Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе”.

Лк 17, 11–19

   

Старонка 22 з 51:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.