ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Прэса

З каталіцкага друку (79)

Прэса

Працягваецца акцыя
“Білет для брата”

   Гэта адзін са спосабаў дапамагчы моладзі з Усходу прыняць удзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве.
   
    Акцыя “Білет для брата” працягнецца да канца чэрвеня 2016 г. На фінансаванне побыту ў Польшчы могуць разлічваць маладыя людзі з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кіргістана, Літвы, Малдавіі, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана. Як інфармуе генеральны сакратар арганізацыйнага камітэта СДМ кс. Гжэгаж Сухадольскі, у сустрэчы з папам Францішкам могуць прыняць удзел нават 100 тысяч маладых пілігрымаў з Усходу.
    Сродкі збіраюць некалькімі спосабамі. Адной з ідэй з’яўляецца дыск-цаглінка, на якім вядомыя польскія музыкі спяваюць вершы Караля Вайтылы. CD даступна ў парафіях і ў музычных крамах.
 

З каталіцкага друку (78)

Прэса

Папа Францішак сярод кандыдатаў
на Нобілеўскую прэмію

   Спіс пяці найбольш верагодных імён і ўстаноў прадставіў дырэктар нарвежскага Інстытута даследаванняў міру.
   
    Святы Айцец Францішак можа быць узнагароджаны Нобілеўскай прэміяй за свой бескампрамісны “заклік у барацьбе з беднасцю”, які выразна гучыць у сённяшнім свеце. Нобілеўскі камітэт мог бы абгрунтаваць прызнанне Францішку ўзнагароды тым, што сацыяльная няроўнасць цесна звязана з сацыяльным канфліктам, а перамога над ёй з’яўляецца шляхам да будавання міру. †
 

З каталіцкага друку (77)

Прэса

Самая высокая сакральная скульптура
ў Паўднёвай Амерыцы

   Група архітэктараў і скульптараў працуе ў Балівіі над стварэннем 50-метровай фігуры Маці Божай з Уркупіна. Статуя будзе самай высокай сакральнай пабудовай у Паўднёвай Амерыцы.
   
    Узгаданы вобраз Маці Божай ахінуты асаблівым культам. Ідэя ўстаноўкі гіганцкай копіі фігуры з Уркупіна належыць балівійскаму архітэктару Лусіо Менэсесу. Задумка нарадзілася ў 2000 г.
    Месца ў Квілакола, дзе павінна быць устаноўлена фігура, знаходзіцца на тэрыторыі ландшафтнага парку, вядомага сваімі археалагічнымі адкрыццямі і асаблівымі турыстычнымі і рэлігійнымі славутасцямі. У канцы жніўня там адбылася спецыяльная пілігрымка, на якой быў прэзентаваны 2,5-метровы макет, перанесены затым на месца, дзе будзе знаходзіцца сапраўдная скульптура. Пры помніку будзе таксама ўзнесена капліца.
 

З каталіцкага друку (76)

Прэса

Узнагарода праў чалавека
для езуітаў

   Езуіты з Мальты, якія дапамагаюць бежанцам, былі намінаваны на сёлетнюю Узнагароду праў чалавека імя Вацлава Гавела, якую прызначае Савет Еўропы.
   
    У абвешчаным у Празе абгрунтаванні падкрэслена, што мальтыйскія езуіты ўдзельнічаюць у абароне праў бежанцаў, асоб, якія шукаюць прытулку, і мігрантаў. Людзям у лагерах для бежанцаў аказваюць таксама юрыдычную і псіхалагічную дапамогу. Узнагарода фінансуецца і складае 60 тыс. еўра. Яе лаўрэаты стануць вядомы 29 верасня. Узнагарода праў чалавека носіць імя Вацлава Гавела, памерлага ў 2011 годзе чэшскага абаронцы праў чалавека і пазнейшага прэзідэнта Чэхіі. †
 

З каталіцкага друку (75)

Прэса

Адбыўся мотапрабег
“Прымас тысячагоддзя – памятаем”

   Матацыклісты прыгадалі, што кс. Стэфан Вышыньскі ў 1944 годзе як капелан групы “Кампінас” быў адным з паўстанцаў, выконваючы адначасова святарскую паслугу і ваенную службу.
   
    Прымас Вышыньскі быў актыўным удзельнікам Вар­шаўскага паўстання. “Сястра Цэцылія” і “Радван II” былі вядомы студэнтам падпольнага Універсітэта заходніх зямель, салдатам АК, а таксама жыхарам Варшавы, Лясэк і іншых ваколіц Кампіноскай пушчы. Гэта псеўданімы, якія ўжываў кс. Вышыньскі, каб заблытаць захопнікаў.
    “Мы арганізавалі прабег, каб несці праўду аб тым, як жыў кардынал, як ён быў зняволены і як цяжка было ў тыя часы ўтрымаць сувязь польскасці і Касцёла з народам”, – расказаў Адам Сікора, удзельнік IV Мотапрабегу.
 

З каталіцкага друку (74)

Прэса

Папскія гвардзейцы ў Польшчы
   Упершыню ў гісторыі салдаты Швейцарскай гвардыі наведваюць Польшчу. Першым пунктам праграмы стала для іх Ясная Гара
   
   Больш за 40 швейцарскіх гвардзейцаў прыляцелі ў Польшчу ў межах пілігрымкі з нагоды кананізацыі папы Яна Паўла II.
    “Гэта падзяка за вялікі пан­ты­фікат, за вялікага чалавека, які, бясспрэчна, сфарміраваў гвардзейцаў”, – кажа Магдалена Валіньская-Рыдзі, якая разам з сяржантам Хайнцам Эглі падрыхтавала праграму пілігрымкі. Як дадае арганізатар, гаворка ідзе пра ўсведамленне малодшым гвардзейцам, якія не памятаюць Яна Паўла II, яго гісторыі, таго, як ён вырас у такога вялікага чалавека. “Гэта вяртанне да каранёў Яна Паўла II”, – адзначае сп. Магдалена.
 

З каталіцкага друку (73)

Прэса

У В’етнаме бард рэвалюцыі прыняў хрост
   Бард в’етнамскай рэвалюцыі стаў католікам. “Напрыканцы майго жыцця я атрымаў вялікую радасць”, – напісаў 87-гадовы То Хай у дзень свайго хросту.
   
    Ва ўзросце 18 год ён запісаўся ў камуністычную партыю і з’яў­ляўся адным з першых рэва­люцыянераў. У выніку ён стаў галоўным кампазітарам і пісьменнікам камуністычнага рэжыму, не быў абдзелены ні гонарам, ні славай з боку ўлады. Усвядоміўшы пасля некаторага часу злачынства камунізму, не меў адвагі, каб развітацца з партыяй, і надалей працягваў быць рэжымным творцам, каб такім чынам зарабляць на жыццё. Вызваліўся ад гэтага толькі ў 1986 г., калі пайшоў на пенсію. 28 мая То Хай ахрысціўся ў касцёле рэдэмптарыстаў у Хашыміне і прыняў імя Францішак.
 

З каталіцкага друку (72)

Прэса

Ноч касцёлаў у Рызе
   Ажно да поўначы былі адкрыты 42 святыні сталіцы Латвіі, якія належаць усім хрысціянскім канфесіям.
   
    У такім шматканфесійным горадзе, як Рыга, гэтая ініцыятыва, арганізаваная па прыкладзе падобных, якія ўжо на працягу многіх гадоў арганізуюцца ў краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы, мае экуменічны характар. Падчас ночы касцёлаў адбываліся вячэрнія набажэнствы, экскурсіі па святынях, мастацкія і культурныя падзеі ў касцёлах, такія як канцэрты ці выступленні тэатральных акцёраў.
 

З каталіцкага друку (71)

Прэса

Маці Сперанца ад Езуса
прызнана бласлаў­лёнай

   Іспанская містычка, заснавальніца Супольнасці служак міласэрнай любові, была ўзведзена да хвалы алтара.
   
    Падчас II Сусветнай вайны і адразу ж пасля яе заканчэння, калі ў Італіі панаваў паўсюдны голад, сястра Сперанца кіравала сталовымі для бедных. Асабліва блізкім для яе было пасланне Божай міласэрнасці, якой яна прысвяціла сваё жыццё. Гэта маці Сперанца падчас сустрэчы з кард. Каралем Вайтылам у 1964 г. падказала, як паскорыць распачацце беатыфікацыйнага працэсу сястры Фаустыны.
    Міласэрную любоў у штодзённым жыцці маці Сперанца рэалізавала вельмі канкрэтна. Яна была вялікай містычкай. Незвычайным чынам змагалася з д’яблам. Да яе прыходзілі тыя, для каго Бог не існаваў, а выходзілі, навярнуўшыся. Яна валодала незвычайным дарам білакацыі. Дзякуючы яму яна неаднаразова сустракалася са св. айцом Піо. †
 

З каталіцкага друку (70)

Прэса

Звон “Ян Павел II”
павесілі на Вавелі

   “Праз знак свайго звона Ян Павел II будзе прыгадваць усяму свету аб неабходнасці малітвы”, – сцвердзіў пробашч вавельскай катэдры, дзе ўстаноўлены звон, прысвечаны Папе паляку. Звон мае амаль метр у дыяметры і важыць паўтоны.
   
    “«Ян Павел II» упершыню загучаў апоўдні 18 мая – у Дзень нараджэння Караля Вайтылы. З гэтага часу ён кожны дзень будзе прыгадваць аб малітве «Анёл Панскі». Пры жыцці Ян Павел II прыгадваў нам аб малітве, размове з Панам Богам. Гэтаму ён навучаў увесь свет. Ён далей будзе рабіць гэта праз знак свайго звона”, – сказаў кс. прэлат Здзіслаў Сахацкі.
    На звоне, які мае амаль метр у дыяметры і важыць паўтоны, знаходзяцца, між іншым, герб кракаўскай Катэдральнай Капітулы, якая зафундавала звон з нагоды кананізацыі Яна Паўла II, а таксама герб Папы паляка і кард. Станіслава Дзівіша. Вежа сярэбраных званоў – гэта самая старэйшая захаваная званіца Вавельскай катэдры. Да гэтага часу тут віселі тры званы: “Герман” – самы старэйшы звон катэдры прыкладна з 1271 г., “Збышко” і “Мацек” – найменшы і самы малодшы звон на Вавелі, зафундаваны кракаўскай Катэдральнай Капітулай у 1669 г. 13 мая 2014 г. да іх далучыўся “Ян Павел II”.
 

Старонка 18 з 25:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.