ГРОДНА
Серада,
01 мая
2024 года
 

Езу, Ты гэтым займіся!

Калі да айца Піо прыходзілі тлумы, ён казаў:
    – Ідзіце лепш да кс. Далінда! Гэты містык пакінуў малітву, якую яму прадыктаваў сам Езус.
    Табе здаецца, што сітуацыя пагаршаецца? Заплюшчы вочы і скажы: “Езу, Ты гэтым займіся”.
    Прадстаўляем Вам, дарагія Чытачы, рубрыку пад назвай “Езу, Ты гэтым займіся!”
   
    На старонках нашай газеты мы будзем змяшчаць малітвы на розныя нагоды і ў розных патрэбах. Вы нават не заўсёды знойдзеце іх у сваіх малітоўніках, але яны спатрэбяцца Вам у жыцці. Таму дасылайце на адрас рэдакцыі просьбы і пытанні наконт Вашых сітуацый і патрэб, а мы пастараемся знайсці малітву, якая дапаможа Вам у жыцці.


   

 

Малітва на кожны дзень (19)

Езу, Ты гэтым займіся!

Малітва за хворых і церпячых
    Божа, Ойча наш, няхай Твой Провід чувае над хворымі і церпячымі, каб яны не марнавалі цярпення, а ўмелі яго ўплятаць у Тваю службу і далучалі яго да ахвяры Хрыста. Дай, Ойча найлепшы, усім пакутуючым ласку добрага, плённага перажывання болю, дадавай сіл і бадзёрасці, суцяшай, беражы, наколькі гэта магчыма, дазволь несці ім палёгку. Накармі іх, Ойча, Целам Твайго Боскага Сына. Жыві ў іх і будуй сваё Валадарства. Дазволь рэалізавацца пакліканням хворых, блаславі супольнасці хворых. Дазволь церпячым быць карыснымі для бліжніх і Касцёла. Няхай Дух Святы вядзе іх да святасці і вечнага шчасця.
   Амэн.
 

Малітва на кожны дзень (18)

Езу, Ты гэтым займіся!

Малітва за кансэкраваных асоб
    Божа, Ты даеш натхненне да дабра і дапамагаеш яго здзяйсняць. Вядзі дарогай вечнага збаўлення нашых братоў і сясцёр, якія дзеля Тваёй любові пакінулі ўсё і аддалі сваё жыццё Табе. Учыні, каб, пераймаючы Хрыста, яны верна выконвалі абяцанні і служылі Табе і братам у духу ўбоства і з пакорай у сэрцы. Няхай маюць дух еднасці і, заахвочваючы адзін аднаго да выканання добрых учынкаў, праз святое жыццё будуць сапраўднымі сведкамі Хрыста.
   Амэн.
 

Малітва на кожны дзень (17)

Езу, Ты гэтым займіся!

Малітва на Новы год
    Усемагутны Божа, просім аб бласлаўленні на Новы 2017 год. Не ведаем, што нас у ім чакае, якія радасці і цярпенні перажывём. Але ўпэўнены, што тым, хто Цябе любіць, усё выходзіць на карысць. Ойча міласэрны, Ты мілуеш сваіх дзяцей, ведаеш пачатак, трыванне і канец людскога жыцця, вядзеш усіх праз час у вечнасць. Дазволь быць побач, верна ісці па дарозе запаведзей, каб у моцы спакойна і верна рабіць тое, што Табе падабаецца і нам належыць, з пакорай пераносіць тое, што спасылаеш. Прагнем распачаць гэты год у любові. Хочам застацца Табе вернымі. Не дазволь, каб што-небудзь адлучыла нас ад Тваёй міласці. Кіруй намі паводле сваёй святой волі. У Табе і ў ёй знойдзем супакой, бо Божы Провід і ёсць наш вечны супакой у Табе.
   Амэн.
   

Малітва на кожны дзень (16)

Езу, Ты гэтым займіся!

Малітва на Адвэнт
    Усемагутны Божа, забяры ад мяне ўсе высакамерныя думкі, жаданне ўласнай хвалы, зайздрасць, прагнасць, абжорства, ляноту і распуснасць, пачуццё гневу, жаданне помсты, хаценне няшчасця іншым або радасць з гэтай прычыны, адчуванне асалоды ад злосці і гневу бліжніх ці задавальнення ад абвінавачвання і зневажэння кагосьці няшчаснага і абяздоленага. Ва ўсіх маіх дзеяннях, словах і думках адары мяне, добры Божа, сэрцам пакорным, сціплым, ціхім, згодным, цярплівым, міласэрным, ласкавым, чулым і літасцівым, каб я спазнаў Святога Духа. Дай мне сапраўдную веру, моцную надзею і палымяную любоў. Такую любоў да Цябе, якая непараўнальна пераўзыходзіла б замілаванне да самога сябе. Каб не любіў нічога, што магло б Табе не спадабацца, а ўсё, што люблю, каб любіў у Табе.
   Амэн.
 

Малітва на кожны дзень (15)

Езу, Ты гэтым займіся!

Малітва за сям'ю
    Божа добры і міласэрны, аддаём у Тваю апеку наш дом, сям’ю і ўсё, што маем. Бласлаўляй нас, беражы ад усяго злога, ахоўвай у небяспецы, захоўвай ад няшчасця, умацоўвай нашу веру. У смутку і цярпенні дай шчырую надзею. Учыні, каб мы заўсёды былі паяднаныя з Табою.
   Амэн.
   

Старонка 2 з 5:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  244

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.