ГРОДНА
Нядзеля,
05 мая
2024 года
 

Практыкаванні ў міласэрнасці

Учынак для цела бліжняга. Напаіць сасмаглых

Практыкаванні ў міласэрнасці

Вада з’яўляецца крыніцай існавання, сапраўдным скарбам, які прымаецца і трактуецца як “бласлаўленне”. У шматлікіх месцах у Бібліі можна знайсці словы пра ваду, пра сасмаглых людзей. Мы бачым іх у момант, калі міласэрны Бог схіляецца над імі, навучаючы, што і чалавек павінен так рабіць. Наталенне смагі раўнасільна падтрыманню жыцця і нават выратаванню ад смерці. Таму другі ўчынак для цела бліжняга знаходзіцца сярод найважнейшых спраў міласэрнасці адносна фізічных патрэб бліжняга. Ён мае індывідуальнае вымярэнне, патрабуючы заспакаення смагі чалавека, якога мы сустракаем на сваім шляху, але ў той жа час і грамадскае – скіроўвае наш позірк у тыя раёны, дзе тысячы людзей пакутуюць ад недахопу вады.
    У той частцы свету, дзе мы з вамі жывём, вады ў дастатку. Нам не даводзіцца думаць пра тое, як яе здабываць і ашчадна выкарыстоўваць. Каштоўнасць вады адчуваецца толькі ў асобных сітуацыях: у спякотны дзень, падчас вандроўкі, пры хваробе і інш. Але недахоп вады з’яўляецца штодзённай драмай жыхароў Паўднёвага паўшар’я.
 

Учынак для цела бліжняга. Накарміць галодных

Практыкаванні ў міласэрнасці

Нягледзячы на перадавыя тэхналогіі і залішнюю вытворчасць прадуктаў харчавання, існуюць сотні мільёнаў людзей, якія недаядаюць і паміраюць з голаду. Сёння ў свеце пакутуе кожны дзявяты чалавек! А гэта не проста лічбы, як заўважае папа Францішак, “гэта людзі, нашыя браты і сёстры”. Святы Айцец называе голад “скандалам, які паказвае слабасць чалавецтва”, і заклікае свет адкрыць вочы на патрэбы бліжняга. Колькасць людзей, якія церпяць нястачу і голад, гаворыць аб тым, што яны вакол нас: у сям’і, сярод знаёмых або незнаёмых, у горадзе, краіне, свеце. Прычыны таму могуць быць розныя: неўраджай, недахоп матэрыяльных сродкаў, няўмелае карыстанне рэсурсамі і г. д.
    Часта людзям, пакутуючым ад галечы і ўбоства, сорамна прызнацца ў сваёй жыццёвай сітуацыі і папрасіць дапамогі. Яны хаваюць сваю бяду, бо асцерагаюцца асуджэння з боку людзей. Таму, каб убачыць патрабуючага, трэба мець адкрытыя вочы і сэрца, глядзець на бліжняга не з пагардай, а з павагай да яго годнасці.
 

Учынак для душы бліжняга. Маліцца за жывых і памерлых

Практыкаванні ў міласэрнасці

На першы погляд можа падацца, навошта маліцца за кагосьці, калі Бог у сваім Провідзе сам забяспечвае чалавеку найлепшы лёс? Але воля Усявышняга заключаецца ў тым, каб Яго дзеці любілі адзін аднаго. Малітоўная падтрымка выражае ўвагу і клопат пра бліжняга, неабыякавасць да яго жыцця. Гэта дазваляе ўбачыць блізкіх з той перспектывы, з якой іх бачыць Стварыцель.
    Малітва – гэта выраз разумення, што над намі ёсць Бог, ад якога ўсё залежыць. Молячыся, мы прызнаём неабходнасць дапамогі з боку Таго, хто ведае, як будзе лепш, хто адорвае рознымі дабротамі і сам з’яўляецца Найвышэйшым Дабром, якое наталяе ўсе прагненні. Таму малітва так часта прыносіць палёгку, бо яна надзяляе пачуццём бяспекі: давераныя справы знаходзяцца ў руках Айца, які чувае над лёсам свету і кожнага чалавека. Вера падразумявае давер да таго, што міласэрны Бог падрыхтаваў для кожнага свой план, поўны любові і надзеі. Малітва ў пакоры азначае згоду на рэалізацыю гэтага плана.
   

Учынак для душы бліжняга. Дараваць ахвотна крыўду

Практыкаванні ў міласэрнасці

Наша жыццё было б мала падобным на хрысціянскае, калі б любая непрыемнасць уводзіла ў роспач, астужала любоў і аддаляла нас ад бліжніх. Празмерная адчувальнасць шкодзіць чалавеку: ён востра рэагуе на прыкрую сітуацыю і праз крыўду завязвае ў сваёй душы нябачны вузялок. Развязаць яго можна толькі прабачэннем.
    Ян Златавуст сцвярджае: “Калі не даруеш ворагу, то не яму наносіш шкоду, а самому сабе”. Той, хто не прабачае правіннасцей, паўстане асуджаным перад Госпадам, бо ў ім застаецца больш цяжкі грэх. Евангельская ісціна вельмі простая: Бог даруе, калі мы даруем іншым. “Прабачайце, і прабачаць вам” (Лк 6, 37), – гаворыць Збавіцель.
    Дараваннем вымяраецца любоў да бліжняга. Калі чалавек адносіцца з любоўю да іншага, то даруе яму. А калі любіць значна больш за іншага чалавека сябе, то нанесеную крыўду можа не дараваць ніколі. Прычынай непрабачэння бліжняму становіцца эгаізм. А яшчэ гардыня, якая пазбаўляе розум яснасці, а сэрца – чысціні і спакою. Варта ў час запытацца: “Што важнейшае – гонар ці мір у душы?”.
 

Учынак для душы бліжняга. Зносіць цярпліва знявагу

Практыкаванні ў міласэрнасці

Чалавеку цяжка пагадзіцца з несправядлівасцю. Як правіла, у адказ на яе ўзнікае крыўда, абурэнне, пагарда. Горш таго, калі ў сэрцы нараджаецца жаданне адпомсціць, пакараць: на грубасць хочацца адказаць грубасцю, на дзёрзкасць – дзёрзкасцю. Але “не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым 12, 21), – гаворыць у пасланні да рымлянаў апостал Павел.
    Дадзеная праўда вынікае з закона любові да бліжняга, якая, згодна з Пісаннем, “усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць” (1 Кар 13, 7). Таму хрысціянін не можа судзіць тых, хто творыць несправядлівасць. Правасуддзе – выключная справа Бога.
    Пад цяжарам крыўды часта здаецца, што Стварыцель пакінуў чалавека, дапусціўшы ў яго жыццё несправядлівасць. Узнікаюць пытанні: чаму гэта спаткала менавіта мяне? Дзе добры Бог, які гэта дазваляе? Варта памятаць, што Усявышні нікога не пакідае ў адзіноце. Бог справядліва кіруе ўсімі справамі і, значыцца, падобныя сітуацыі маюць месца ў жыцці чалавека. Пакуты і смутак, спакусы і выпрабаванні, гора, ганенні і пазбаўленні – усё гэта без выключэння садзейнічае дабру асобы пры ўмове супрацоўніцтва з Усемагутным. Любыя жыццёвыя абставіны – “супрацоўнікі” Божыя, таму іх трэба прымаць з мужнасцю. Вялікую сілу набываюць тыя, хто годна прымае цяжкасці. Людзі, якія служаць Богу, ахвяруючы Яму свае цярпенні, умацоўваюцца ў іх і становяцца пераможцамі. Гэтаму спрыяе глыбока ўкаранёная ў сэрцы надзея, спалучаная з памяццю пра прысутнасць Усемагутнага ў кожнай хвіліне жыцця. Калі чалавек ведае, што можа схавацца ў абдымках Бога, яго не зламае ніякая людская навальніца.
   

Старонка 2 з 3:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  241

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.