ГРОДНА
Нядзеля,
12 мая
2024 года
 

Парафіі і святыні

Касцёл святых Пятра і Паўла ў Гожы

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Захад
За доўгія пяць стагоддзяў у Гожы паўсталі тры каталіцкія святыні. Першы касцёл у Гожы пад вызваннем св. Апостала Пятра быў заснаваны з фундацыі караля Казіміра Ягелончыка (г.зн. да 1492 г.). Кароль Казімір выдаў прывілей, згодна з якім ахвяраваў на ўтрыманне парафіі 2 возеры і 2 млыны. У 1494 г. прывілей пацвердзіў вялікі князь ВКЛ Аляксандр. Падчас шведскага “патопу” 1654 – 1667 гг. мястэчка было цалкам спалена разам з касцёлам. Паселішча адбудавалі ўжо на новым месцы – на поўнач ад былога, далей па цячэнні Нёмана, на правым беразе Гажанкі. Аб гэтым існуе цікавае паданне. У 1655 г. шведскія войскі цалкам спалілі мястэчка разам з касцёлам. Вернікі, ратуючы цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшэння, схавалі яго ў лесе. Пасля Панна Марыя, з'явіўшыся вернікам, пажадала, каб новы касцёл пабудавалі менавіта ў тым месцы, дзе быў схаваны абраз, туды ж перамясцілася і само мястэчка. Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1662г. і асвечаны пад падвойным тытулам святых Пятра і Казіміра (па іншых дадзеных, касцёл у Гожы да пач. ХХ ст. меў тытул святых Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэння, абраз якой быў змешчаны ў галоўным алтары). Ужо ў 1662 г. абраз Маці Божай Суцяшэння быў адзначаны шматлікімі вотамі, у 1879 г. гожскі кс. Браніслаў Струміла справіў залачоныя рамы. У 1913 г. на тых месцах, дзе раней стаялі драўляныя касцёлы, былі ўсталяваны помнікі.
 

Касцёл Унебаўзяцця НПМ у Адэльску

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Захад
Драўляны касцёл Унеба­ўзяцця НПМ у Адэльску быў заснаваны ў 1490 г. Яго фундатарам быў польскі кароль Казімір IV. Святыня была збудавана ў форме крыжа, мела адну вежу. У 1674 яе кансэкраваў кс. біскуп суфраган Слупскі. З 1862 г. пры ёй была капліца Клімаўка, якая мела капелана; яе скасавалі ў 1866 г. У 1874 г. касцёл аднавілі. У 1781 г. парафія налічвала 4319 вернікаў.
    Адэльская парафія была вельмі вялізная. У яе склад уваходзілі 3 гарады: Адэльск, Крынкі і Кузніца. Кіраваў парафіяй адэльскі пробашч кс. Павел Цехановіч, які адначасова быў капеланам караля Жыгімонта, а душпастырскую апеку ў Адэльску і Крынках ажыццяўлялі за яго так званыя камендары (накшталт сённяшніх вікарыяў).
   

Касцёл Ружанцовай Божай Маці ў Лабне (в. Падлабенне)

Парафіі і святыні

Дэканат Сапоцкін
Пакуль не знойдзена звестак аб тым, ці да XVIII ст. у Лабне былі хрысціянскія святыні. Вяскоўцы належалі да прыходу гродзенскага праваслаўнага каложскага кляштара. У 1715 г. кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II заснаваў у Лабне грэка-каталіцкую парафію, «каб хвала Божая памнажалася ў падданых». У 1875 г. царква ў Лабне, як і іншыя ўніяцкія святыні Сапоцкіншчыны, была перададзена царскім урадам праваслаўнаму ведамству. Недзе ў другой пал. XIX ст. старажытная драўляная святыня знікла.
    У 1887 г. (па іншых дадзеных - у 1882 г.) у Лабне быў пабудаваны цагляны атынкаваны храм у стылі неакласіцызму як праваслаўная царква (на фотаздымку 1915 г. яна яшчэ мае званіцу, магчыма, страчаную падчас Першай сусветнай вайны). У 1917 г. царква перайшла да каталікоў. У 1929 г. святыня была пераасвечана як рыма-каталіцкі касцёл Ружанцовай Божай Маці. Напрыканцы 1935 г. генерал Войска Польскага Клебанс дабудаваў да святыні капліцу, а ў 1956 г. быў дабудаваны купал над касцёлам і з’явілася сакрыстыя.
   

Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Перстунь

Парафіі і святыні

У в. Перстунь у 1780 г. адміністрацыяй Гродзенскай эканоміі была створана грэка-каталіцкая парафія. Святыню пабудавалі на ўсходняй ускраіне вёскі ў 1818 г., тады ж яе і асвяцілі як грэка-каталіцкую царкву. Храм з цэглы быў узведзены ў стылі позняга класіцызму і атынкаваны.
    Пасля 1875 г. храм, як і іншыя святыні, стаў праваслаўнай царквою. Але ў ліпені 1919 г. яна была перададзена католікам і асвечана як рыма-каталіцкі касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Касцёл уяўляе сабою адносна невялікую базыліку, прамавугольную ў плане з прамавугольнай апсідай, арыентаванай на ўсход. Да галоўнага фасада быў прыбудаваны магутны бабінец у духу класіцызму, над ім узвышаецца цыліндрычная трох-ярусная шатровая вежа-званіца. 2-пакаёвая сакрыстыя далучана да паўднёвага боку апсіды, а сакрыстыя з паўночнага боку хутчэй нагадвае нішу, чым асобнае памяшканне. Да алтарнай сцяны дабудавана кацельня.
   

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы

Парафіі і святыні

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа быў пабудаваны з цэглаў у 1714 г. і першапачаткова дзейнічаў як уніяцкая царква. Ён быў перабудаваны у 1922 г. Належыць да помніка архітэктуры неакласіцызму. Над званіцай надбудавана вытанчаная шатровая вежачка-ліхтар, унутры касцёла знаходзіцца малітоўная зала са стральчатым скляпеннем і трыма алтарамі. Касцёл стаіць у цэнтры вёскі.
У 1714 г. у Галынцы на ахвяраванні графа Хрэптовіча была заснавана ўніяцкая парафія і будуецца касцёл. Яна дзейнічала тут аж да 1875 г., калі ў Польскім Каралеўстве была ліквідавана ўнія. У 1875 – 1915 гг. святыня была перададзена праваслаўным. У 1915 г. нямецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Гродзеншчыны. Праваслаўны святар разам з расійскімі ўстановамі эвакуіраваліся. Да 1918 г. у касцёле не ажыццяўляліся набажэнствы з-за адсутнасці там ксяндза. У студзені 1919 г. у Галынку прыбывае рыма-каталіцкі святар - ксёндз Мацвей Плаўшчынайціс, які асвячае касцёл і ў Галынцы паўстае рыма-каталіцкая парафія. Летам 1919 г. кс. Мацвей разам з майстрамі і вернікамі з усёй парафіі рамантуе касцёл. У 1921 г. кс. Пётр Бжузка быў прызначаны новым пробашчам. У 1921 – 1922 гг. да святыні былі дабудаваны дзве драўляныя сакрыстыі, якія пазней былі атынкаваны і пабелены. Царкоўны купал быў зняты, а на яго месцы была збудавана вежа. Касцёл у парафіі Галынка стаў наступных памераў: 23,5 м даўжыні і 8,5 м шырыні. У пачатку 1922 г. у святыні з’явіліся тры новыя алтары, якія былі зроблены на ахвяраванні пана Баляслава Кульмачэўскага, пана маёнтка ў вёсцы Галынка – галоўны алтар, трэцяга ордэна св. Францішка – алтар па правым баку, пана Юзафа Казлоўскага з вёскі Камісажэва і пані Кунды з вёскі Калакоўшчызна – алтар па левым баку. У касцёле знаходзяцца фігуры св. Тэрэзы, св. Войцеха і св. Станіслава.
   

Старонка 27 з 30:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  234

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.