ГРОДНА
Нядзеля,
05 мая
2024 года
 

З жаночым клопатам пра Касцёл

З жыцця Касцёла

“Дзякуем табе, жанчына, за тое, што ты жанчына!”.
    З такімі словамі звярнуўся аднойчы св. Ян Павел ІІ у сваім лісце да цудоўнай паловы чалавецтва.
    Сапраўды, нішто не можа замяніць увагі, клопату, вытрымкі і любові, якія паходзяць ад жанчыны.
    Дух жаноцкасці з’яўляецца таксама неад’емнай часткай Касцёла, якая надае яму ўтульнасць, хараство і моц.
З нагоды Міжнароднага жаночага дня рэдакцыя газеты “Слова Жыцця” прапануе чытачам пазнаёміцца з некаторымі верніцамі дыяцэзіяльнага Касцёла, якія робяць яго стойкім і прываблівым.

    Упрыгожваючы літургію
   Людміла Казлова, арганістка і кіраўнік хору пры парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне Я сталела сярод моладзі, якую звычайна называюць “касцёльнай”. Адразу пасля прыняцця Першай св. Камуніі запісалася ў дзіцячы хор, якім у той час кіравала сястра назарэтанка. Дзякуючы гэтаму маё парафіяльнае жыццё не абмяжоўвалася ўдзелам у нядзельнай св. Імшы, але стала насычана актыўным: спектаклі, выступленні, сустрэчы, адарацыі… Паступова кляштар айцоў піяраў стаў для мяне другім домам – і ўжо не пакідала жаданне нястомна служыць на карысць сваёй парафіі.
    Калі я вучылася ў каледжы, узнікла ідэя сабраць галасістую старэйшую моладзь, каб упрыгожыць спевам святочную св. Імшу. Атрымалася добра, таму вырашылі рэгулярна збірацца на рэпетыцыях. Так нарадзіўся парафіяльны моладзевы хор “Calasanz”, якім я кірую ўжо на працягу 15-ці гадоў.
    Сустракаемся кожную суботу, каб практыкаваць спеў. Рэпетыцыю пачынаем і заканчваем малітвай праз заступніцтва св. Цэцыліі і св. Юзафа Каласанса, заснавальніка ордэна піяраў. Песні рыхтуем адпаведна літургічнаму перыяду – калядны час, Вялікі пост, Вялікдзень. Вучым і нелітургічныя песні. Спяваем як ва ўнісон, так і шматгалосна. Працуем з дыханнем, дыкцыяй, якасцю гука. Усё дзеля таго, каб аздабленне Эўхарыстыі было сапраўды на высокім узроўні. На свята Хрыста Валадара падчас св. Імшы маем традыцыю ўрачыста прымаць у хор новых удзельнікаў. Таксама я заўсёды стараюся арганізаваць для калектыву супольнае чаяванне або інтэграцыйныя паездкі. Узамен ад моладзі атрымліваю іх палаючыя сэрцы і вочы! Бачу, як хлопцы і дзяўчаты становяцца бліжэй да Бога і Касцёла, таксама як і я ў свой час. І тады ўсведамляю, што маё служэнне дасягае мэты.
    Разам з тым, я ўжо больш за 15 гадоў іграю ў касцёле на аргане. Наш інструмент быў сканструяваны ў 1990-ых гадах і генеральна рэканструяваны ў 2015 годзе. Стаўлюся да яго з асаблівым клопатам. Дбаю пра касцёльны арган самастойна, а па больш сур’ёзных пытаннях звяртаюся да майстра з Польшчы. На падбор твораў да св. Імшы мяне звычайна натхняе літургія слова.
    Зразумела, калі ахвяруеш сябе дзеля чагосьці, гэта не можа застацца без увагі. У 2017 годзе ў Ліхэні Польская правінцыя Піяраў выказала мне падзяку за шматгадовую службу на карысць дзяцей і моладзі ў харызме ордэна. Атрымала дыплом і статуэтку “Каласанс з дзіцём”. Гэта быў вельмі кранальны момант. Таксама прыемна, калі выпускнікі дзякуюць за гады ўдзелу ў хоры і прызнаюцца, што сумуюць па супольным спеве. Акрамя ўсяго, я штодня адчуваю бласлаўленне Пана, Яго прысутнасць і дапамогу! Не ведаю, адказ гэта на маё служэнне ці проста Божая любоў…
   
    Душа рэлігійнага тэатра
    ІМарына Жыбартовіч-Протас,  кіраўнік тэатра імя св. Яна Паўла ІІ пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гроднедэя стварэння тэатра ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля з’яўляецца працягам дзейнасці тэатральнай супольнасці “Віфлеемская зорка”, якая з 2000 года існавала пад маёй апекай у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе. У 2007 годзе я пачала працаваць пры парафіі на Дзевятоўцы ў якасці катэхеткі і не магла ўявіць паўнаты сваёй дзейнасці без рэжысёрскіх пастановак. Таму на працягу 2-ух гадоў была кіраўніком 2-ух тэатраў адначасова: у Воўпе і ў Гродне. Пасля ўвесь свой імпэт накіравала на развіццё тэатра на Дзевятоўцы, абраўшы дэвізам словы нябеснага апекуна суполкі св. Яна Паўла ІІ “Няхай тэатр стане Касцёлам”. Такім чынам Бог рэалізаваў мае дзіцячыя мары. Хоць першапачаткова я не так уяўляла сваё творчае спаўненне: марыла пра асабістую кар’еру на сцэне. Аднак Стварыцель, мабыць, вырашыў, што здольнасці, якімі Ён мяне адарыў, павінны служыць іншым.
    Традыцыйна кожны год тэатр прадстаўляе 2 спектаклі: на Божае Нараджэнне і інсцэніраваны Крыжовы шлях.
    На працягу 20-ці гадоў вельмі складана пісаць і рэалізоўваць сцэнарыі на адну і тую ж тэму нават чалавеку з адпаведнай адукацыяй і досведам. Я не маю патрэбнай адукацыі і не мела досведу, але маю шчасце атрымліваць натхненне Святога Духа. Гэта Ён вучыць заўважаць нябачнае хараство і глыбокі сэнс у звычайных рэчах. Усё геніяльнае – простае. Аднак разам з тым самае складанае – пачуць ад Святога Духа, у якім накірунку ісці ў пошуках ідэі. Цікава, што як бы я не хацела заўчасна мець сюжэт, калі Дух не падкажа, можна бясплённа разважаць над гэтым на працягу года. Часам падказка можа ўзнікнуць у імгненне вока, як прасвятленне. Напрыклад, пачула песню, стала сведкай пэўнай сітуацыі або ўбачыла натхняльную карціну – і ўсё, ідэя ў табе.
    Галоўная мэта пастановак – данесці Радасную Навіну да сэрцаў гледачоў самымі рознымі мастацкімі спосабамі: словам, спевам, харэаграфіяй, пантамімай, сімвалізмам. Таксама хочацца навучыць гледача пасля прагляду нашых спектакляў задумвацца над сваім жыццём і нешта змяняць да лепшага. Аднак тэатр – гэта не толькі гледачы, але і акцёры, якія імкнуцца рэалізаваць свае здольнасці і таленты на Божую хвалу.
    Асаблівым дасягненнем нашай супольнай дзейнасці лічу атрыманне тэатрам “Віфлеемская зорка” з Воўпы звання ўзорнага. Яго прысвойвае Міністэрства культуры РБ. Тым самым Божая справа перакрочыла мяжу, якая аддзяляе Касцёл ад дзяржавы. Разам з тым, яшчэ моцна ганаруся ўсімі акцёрамі: і былымі, і цяперашнімі. Без іх нават самы ўдалы сцэнарый не стане спектаклем. Чарговая новая пастаноўка для мяне як нараджэнне дзіцяці… Ганаруся шматлікімі першымі месцамі тэатраў у розных конкурсах, між іншым, на Міжнароднай Парафіядзе ў Варшаве. Ганаруся тым, што паклікана прыносіць іншым карысць. А тое, што магу займацца любімай справай, ды яшчэ служыць гэтым Богу і людзям, – найвялікшая падзяка для мяне.
   
    Катэхеза як апостальства
    УІрэна Шандроха,  катэхетка ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Астрынезгадваю сон з часоў юнацтва… Нібыта я стаю на верандзе роднага дома, вокны якой выходзяць на фасад мясцовага касцёла. Дзверы святыні адчынены, і адтуль, прама ад алтара, вылятае анёл. Ён набліжаецца да мяне, уважліва ўглядаецца ў вочы, падае згорнуты пергамент і знікае. Толькі з цягам часу я адчытала гэты сон як знак свайго будучага служэння, як прызначэнне звыш.
    Сутыкаючыся ў жыцці з рознымі людзьмі, я бачыла, што сярод нас шмат тых, хто не ведае Нябеснага Айца. Зразумела, што хачу несці Божае слова. Так склалася, што на той момант, калі ўва мне абудзілася гэтае жаданне, у парафіі не было катэхета. Добра памятаю першы занятак. Адпрасаваныя белая блузка і чорная спадніца, як належыць настаўніцы, і моцнае хваляванне. Гэта быў перыяд Вялікага посту, і я распавядала пра пакуты Езуса Хрыста, на якія Ён згадзіўся дзеля любові да чалавека. Памятаю, як некаторыя дзеці пранікліся маім настроем, расчуліліся і заплакалі…
    Хоць за 22 гады выкладання шмат ведаў адклалася ў галаве, лічу, што трэба нястомна развівацца. Чэрпаю інфармацыю з інтэрнэту, занатоўваю каштоўныя думкі з рэкалекцый, чытаю рэлігійную літаратуру. Моцна цешуся, калі намаганні не праходзяць дарэмна. Здараецца, хлопцы і дзяўчаты застаюцца пасля заняткаў, дапытваюцца пра тое, што іх больш зацікавіла. Тады адчуваю, што служыць дзецям і моладзі – гэта як магчымасць быць 13-ым апосталам. Пра гэта кажу і маленькім вернікам, раю несці Добрую Навіну, якую яны пачулі на занятках, далей у свае дамы.
    З іншага боку, заўсёды прымаю блізка да сэрца, калі бачу, што нехта з вучняў перастаў удзельнічаць у катэхезе і аддаліўся ад Касцёла. У такіх выпадках стараюся паведаміць бацькам. Але гэта не заўсёды прыносіць плён, і “авечка” губляецца. Разам з тым я ўдзячна Богу, што амаль усе хлопцы і дзяўчаты наведваюць катэхезу, пачынаючы з пачатковых і заканчваючы апошнім класам школы.
    Я адчуваю ўдзячнасць ад Госпада за сваё служэнне на кожным кроку жыцця. Самым вялікім дарам лічу магчымасць штодня ўдзельнічаць у Эўхарыстыі ў новапабудаваным касцёле ў Астрыне пасля знішчэння былога. Таксама я шчаслівая мець добрага, любячага мужа і дзяцей, якімі ганарымся.
    Асаблівае прызнанне атрымліваю і ад сваіх падапечных, калі адчуваю, што заслужыла іх давер. Неаднаразова тое ці іншае дзіця звярталася да мяне за падтрымкай ці за парадай. У такія моманты разумею, што спаўна рэалізоўваюся ў сваім служэнні.
   
    Надаць бляск святыні
    ППелагея Аляшкевіч, прыбіральшчыца ў касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гроднеершы самы яскравы ўспамін, што датычыць катэдральнага касцёла, сягае часоў маёй маладосці. У той час я яшчэ не была парафіянкай галоўнай святыні горада, але штодня праходзіла побач, спяшаючыся на працу.
    Быў 1961 год, хутка пасля знішчэння Фары Вітаўта. Я паўтарала свой штодзённы шлях і, параўняўшыся з катэдрай, убачыла, што на прыступках кленчаць людзі. Падумала, што вернікі прыйшлі памаліцца, але касцёл пакуль зачынены. Калі вярталася дадому пасля працы, гляджу – усё яшчэ стаяць. Пасля даведалася, што ўлады хацелі разбурыць і катэдру, а людзі такім чынам баранілі яе. Вернікі кленчылі амаль месяц – удзень і ноччу – падмяняючы адзін аднаго. Давялося і мне быць сярод іх. Аднойчы ў нядзелю, калі мы з сяброўкамі ішлі на танцы, каля катэдры нас затрымаў ксёндз. Растлумачыўшы, у чым справа, папрасіў, падмяніць людзей і памаліцца. Мы засталіся, адгаворваючы Ружанец. Узгадваючы той выпадак, разумею, што гэта быў мой першы выразны клопат пра касцёл, пра які ў будучыні буду дбаць штотыдзень.
    І вось ужо амаль на працягу 20-ці гадоў я рэгулярна наводжу парадак у катэдры. Добра памятаю, як вырашыла ўзяцца за гэтую справу. Пэўным разам прыйшла на св. Імшу, стала на калені і адчула, як непрыемна коле ногі пясок. Можа, нядобрасумленна прыбраліся? Падумала, што было б цудоўна, калі б мне дазволілі выдаліць смецце. А праз некаторы час даведалася, што касцёлу патрэбна прыбіральшчыца. Апранула лепшы капялюш, шубку і пайшла ў канцэлярыю. Кс. Ян Кучынскі, пробашч, якраз чакаў гасцей з Польшчы, прыняў мяне за адну з візіцёрак.
   Усміхнуўшыся, пагадзіўся на прапанову. Па сённяшні дзень я прыходжу прыбіраць, як кажуць, “пры парадзе”. Маё служэнне – гэта той шчаслівы выпадак, калі на працу – як на свята.
    Выконваю свае абавязкі двойчы ў тыдзень і перад святамі. Мыю падлогу, праціраю пыл з паверхняў: лавак, статуй, канфесіяналаў. У касцёле ўжо на працягу доўгага часу ідзе рэстаўрацыя, таму налёту заўсёды шмат. Узбіраюся і на хоры, каб задбаць пра арган. Аднойчы трапіла яшчэ вышэй – на вежу з гадзіннікам, каб памыць лесвіцу. Усё жыццё баюся вышыні, але гэтую задачу выканала без цяжкасцей, дзякуй Богу.
    Звычайна спраўляюся за 5 гадзін. Даўжэй атрымалася толькі аднойчы, калі наш касцёл перажываў трагедыю – гарэў алтар. Як звычайна, прыйшла раніцай на працу, гляджу – унутры ўсё чорнае ад дыму. І мы на працягу дня расчышчалі смецце, мылі паверхні. Натрудзіліся, але паспелі, каб раніцай наступнага дня касцёл ужо быў адчынены, і вернікі маглі сабрацца на св. Імшу.
    Сёння маю 88 гадоў. Разумею, што знаходжуся ў хісткім узросце. Таму ўдзячна кс. Яну, што дазваляе працягваць служэнне, бо я ўжо не ўяўляю жыцця без сваёй сціплай місіі. Мяне гэтая праца падбадзёрвае і натхняе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  241

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.