ГРОДНА
Пятніца,
03 мая
2024 года
 

Зялёныя святкі: павеў Святога Духа ў кожны дом

Хрысціянскія традыцыі

zeslanie4Спасланне Святога Духа можна лічыць пачаткам, нараджэннем Касцёла. Яно дапаўняе аб’яўленне Бога людзям. У Старым Запавеце з’яўляецца Бог Айцец, пазней Ён пасылае ў свет Сына, які ў ахвяру за чалавецтва памірае на крыжы, але на 3-ці дзень паўстае з памерлых. Пасля чаго Святы Дух сыходзіць на сабраных у вячэрніку апосталаў, Марыю і жанчын, адорваючы іх шматлікімі дарамі. Іншымі словамі, Спасланне Святога Духа з’яўляецца ўслаўленнем 3-яй Асобы Божай, пасланай у свет, каб тое, што Айцец стварыў, а Сын збавіў, было зацверджана і асвечана.
    Спасланне Святога Духа таксама лічыцца адным з найважнейшых касцёльных свят. Нягледзячы на тое, што ўрачыстасць рухомая (дата ў календары залежыць ад Вялікадня), яна заўсёды прыпадае на росквіт вясны – у самую прыгожую пару года. Напэўна, па гэтай прычыне свята Спаслання Святога Духа мае таксама другую, не менш папулярную назву – Зялёныя святкі.
Народныя традыцыі, звязаныя з гэтай урачыстасцю, заўсёды адзначаліся весялосцю. Вясковы люд ладзіў шматлікія забавы на зялёным улонні прыроды, дзяўчаты плялі прыгожыя вянкі. Жыхары дамоў аздаблялі сваё жыллё галінкамі лісцевых дрэў, у асноўным, бука, бярозы, ліпы, якія таксама закладвалі за абразы. Акрамя таго ўпрыгожвалі дзверы і вокны, вароты і весніцы, якія вядуць у загарадзь, нават платы і студні. Гэта сімвалізавала адкрыццё зялёных брам для Святога Духа, каб захацеў наведаць дамы для асвячэння сэрцаў і думак жыхароў. Між іншым, такія дэкарацыі мелі двайную функцыю: служылі не толькі ўпрыгожаннем, але і аховай ад камароў, блох і іншых насякомых.
    Элементам святкавання таксама былі ўрачыстыя працэсіі, спевы і малітвы з просьбай да Бога аб добрым ураджаі і захаванні ад стыхійных бедстваў. У некаторых парафіях пасля св. Імшы вернікі на чале са святаром, які нёс Найсвяцейшы Сакрамант, абыходзілі межы палёў. Падчас працэсіі затрымліваліся каля прыдарожных каплічак, аздобленых з гэтай нагоды галінкамі і кветкамі.
    Зялёныя святкі часта супадалі з першым выганам быдла на пашу. Жывёлу ўпрыгожвалі вянкамі, сцябалі зялёнымі галінкамі і акраплялі асвечанай вадой, пасля чаго выводзілі на поле.
    Паўсюднай традыцыяй на Зялёныя святкі было развядзенне вогнішчаў на змярканні. Іх палілі побач з пашамі і палямі, падкідваючы драўніну дрэў і кустоў, якім прыпісваліся ахоўныя ўласцівасці. Гарэлі галіны ядлоўцу, піхты, елкі, цёрну, часам пучкі сушанай крапівы і дзядоўніку. Існавала перакананне, што попел, рассыпаны на палях, гарантуе лепшы ўраджай. З хрысціянскага пункту гледжання, палаючыя падчас свят вогнішчы злучаліся з агнём Святога Духа, спасланага на апосталаў.
    У сувязі з тым, што сучасныя пакаленні пасвяць усё менш быдла, а ў гарадах не так шмат зеляніны і месцаў для вогнішчаў, да гэтага часу з багатых абрадаў Зялёных святак датрывалі толькі пэўныя элементы. У некаторых рэгіёнах нашай дыяцэзіі захаваўся звычай дэкарыравання дамоў зелянінай, асаблівым чынам у тых мясцовасцях, дзе ў свята Спаслання Святога Духа адзначаецца парафіяльны адпуст. У гэты дзень вернікі ўпрыгожваюць таксама святыні і касцёльныя падворкі. Аднак назаўсёды нязменным застаецца вымярэнне ўрачыстасці, прысвечанай Святому Духу. Гэта дзякуючы Яму ў людскія сэрцы пранікае жывое слова Святога Пісання, а ўсе падзеі жыцця з верай успрымаюцца як праяўленне Божай дзейнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  243

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.