ГРОДНА
Нядзеля,
28 красавіка
2024 года
 

Умацоўвайце свае сем’і разам з Маці Божай Тракельскай!

Інтэрв'ю

25-годдзе ўстанаўлення дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў, 10-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза, а таксама 220 гадоў з моманту пабудовы мясцовага касцёла – такія важныя падзеі святкуе сёлета парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (дэканат Радунь). Як мясцовыя вернікі рыхтуюцца да юбілейных урачыстасцей? Чым на працягу ўсяго года жыве санктуарый? Якія намаганні прыкладаюцца для таго, каб Тракелі былі вядомым духоўным і турыстычным цэнтрам? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кусташ сактуарыя кс. Юрый Бяганскі.
– Кс. Юрый, сёлетнія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай адбудуцца 12–13 ліпеня пад дэвізам: “Марыя, атулі нашы сем’і!”. Чаму выбраны менавіта гэтыя словы?
    – Марыя – Маці, якая слухае сваіх дзяцей, атуляе іх сваёй пяшчотай, дапамагае несці крыж, разам усміхаецца і плача. Яна ніколі не саромеецца быць з людзьмі, не пагарджае іх зямным, духоўна абмежаваным жыццём і пакутамі.
З матчыным клопатам і ласкай Марыя атуляе людскія душы, асвячае іх і лечыць.
    Задача кожнай маці ў сям’і – прывесці сваіх дзяцей да Бога. Менавіта таму Найсвяцейшая Маці прыходзіць да нас, каб сказаць, што ў жыцці так важна паяднацца з Айцом, бесперапынна і пастаянна трываць у малітве. Сапраўдны Касцёл знаходзіцца там, дзе людзі моляцца разам з Марыяй і апосталамі. Калі ў нашых сям’ях не будзе малітвы, то не прыйдзем да Хрыста. Не зменіцца сітуацыя, калі мы не пераменімся да лепшага, калі не адродзіцца вернасць Богу і Яго наказам.
    Марыя – прыклад для кожнай сям’і, якая імкнецца трываць у шчасці, любові. Таму так шмат людзей моляцца праз заступніцтва Маці Божай Тракельскай за адзінства і святасць у сем’ях. Заклікаю: умацоўвайцеся разам з Марыяй! Яна мае час для кожнага чалавека, мае жаданне слухаць, дапамагаць, атуляць па-мацярынску. Праз усё гэта Маці Божая перадае нам матывацыю на лепшае жыццё, сілы пасля падзення, выбар паміж сапраўдным і штучным. Прыслухайцеся да Марыі! Яна многае падкажа: і як асвяціць сем’і, і як зрабіць іх моцнымі.
   
    – Хутка будзе агучана праграма ліпеньскага свята. Прыадкрыйце, калі ласка, заслону: што чакае пілігрымаў, якія прыбудуць пакланіцца Марыі ў цудатворным абразе?
    – Вялікіх змен у праграме сёлетніх урачыстасцей, у параўнанні з мінулымі гадамі, не будзе. Але, тым не менш, ёсць некаторыя асаблівасці. Зменіцца час св. Імшы, якую адправяць новапрэзбітэры: яна адбудзецца ў першы дзень увечары. Таксама будзе арганізавана канферэнцыя на тэму сям’і. Акрамя традыцыйных пунктаў праграмы запланавана аднаўленне шлюбных абяцанняў і сведчанні сем’яў, якія некалі даручылі Маці Божай Тракельскай свае праблемы і цяжкасці, а зараз хочуць расказаць пра незвычайныя ласкі, якія атрымалі дзякуючы малітвам перад цудатворным абразом. Вельмі спадзяёмся, што на сёлетнія ўрачыстасці прыбудзе больш пілігрымаў, чым звычайна.
   
    – А ці сярод вернікаў шмат гатовых дапамагаць, штодня ахвяраваць свой час і здольнасці?
    – Валанцёраў, дзякуй Богу, хапае. Я на працягу доўгага часу нёс служэнне ў Лідзе, таму на сённяшні дзень маю там шмат знаёмых. Многія з іх гатовы зрабіць свой унёсак у развіццё санктуарыя.
    У асноўным, гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 30-ці гадоў, якія ўжо абзавяліся сем’ямі. Яны не хочуць згубіць сваю маладосць упустую, маюць актыўную жыццёвую пазіцыю і жадаюць пакінуць нейкі след пасля сябе. Ды і мясцовыя вернікі не абмінаюць падтрымкай і добрымі справамі. Нават старэйшыя людзі актыўна ўключаюцца ва ўсе ініцыятывы. Спачатку яны даволі крытычна ставіліся да маіх наватарскіх ідэй, а зараз у адзін голас кажуць, што мараць пажыць даўжэй, каб паглядзець, якім стане санктуарый, калі рэалізуюцца ўсе задуманыя планы.
   
    – Санктуарый у Тракелях прымае пілігрымаў не толькі  ў ліпені. Чым жыве дом Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў на працягу года?
    – Сапраўды, людзей, якія нясуць свае інтэнцыі, падзякі і просьбы да Марыі, ніколі не бракуе. Прыязджаюць пілігрымы з усёй Беларусі, Польшчы, Літвы. Для іх заўсёды адкрыты не толькі сама святыня, але і дамы мясцовых вернікаў. Таксама працуе ўтульны Дом пілігрыма на 18 спальных месцаў, дзе падведзены ўсе камунікацыі.
    У санктуарыі традыцыйна праходзяць сустрэчы такіх груп вернікаў, як Апостальства вечнай малітвы за святароў “Маргарытка”, Колаў Жывога Ружанца, Францішканскага ордэна свецкіх, арганізоўваюцца рэкалекцыі для святароў.
    Узнёслай і кранальнай падзеяй стала святкаванне ўрачыстасці Святой Сям’і. Сабралася шмат парафіян і паломнікаў. 15 пар аднавілі шлюбныя абяцанні і ўспомнілі, як пачыналася іх сямейнае жыццё. Сярод іх былі тыя, хто разам ужо 52 гады, i тыя, хто толькі год у шлюбе.
    Можна адно парадавацца:
    людзі вераць, што моц бласлаўлення спашле на іх сем’і і блізкіх Божыя ласкі, а просьбы, якія яны трымаюць у сваіх сэрцах і давяраюць Марыі, будуць выслуханы. Не так даўно, калi Гродзенская дыяцэзiя адзначала Дзень мацi, у тракельскім санктуарыі сабраліся мамы з бліжэйшай акругі, каб у сваіх малітвах падзякаваць за цудоўны дар мацярынства. Асабліва кранальным момантам былі сведчанні некаторых з іх. Агучаныя гісторыі кранулі сэрцы і не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных. Варта адзначыць, што такі Дзень маці праходзіў упершыню. Спадзяёмся, гэта стане добрай традыцыяй.
    А ўжо неўзабаве ў нашай парафіі пачнуцца святыя місіі. На працягу цэлага тыдня дзень у дзень будзем ахвяраваць свой час і сваю ўвагу Божаму слову. У касцёле адбудуцца адмысловыя набажэнствы, св. Імшы, катэхезы. Некаторыя з іх адрасаваны ўсім вернікам, некаторыя – асобным групам, напрыклад, моладзі альбо дзецям. Таксама выйдзем за межы святыні: пройдзем Крыжовым шляхам па вуліцах вёскі.
   
    – Многія заўважылі, што санктуарый Маці Божай у Тракелях стаў прысутным у інтэрнэт-прасторы. Гэта жаданне ісці ў нагу з часам?
    – Я не адкрыю таямніцу, калі скажу, што зараз большасць людзей чэрпае інфармацыю ў інтэрнэце. Таму мы вырашылі зарэгістравацца ў сацыяльных сетках ВКонтакте, Instagram, а таксама стварыць уласны сайт trokiele.by, каб як мага больш людзей даведалася пра святое месца ў Тракелях. Там публікуем цікавыя звесткі пра санктуарый, пра жыццё мясцовай парафіі, таксама змяшчаем малітвы да Маці Божай, бо менавіта праз Яе мы крочым да Хрыста. Усе гэтыя намаганні – дзеля пашырэння культу цудатворнага абраза і прамоцыі святыні, якая адкрыта для кожнага, хто хоча зведаць радасць сустрэчы з Марыяй і пакланіцца Ёй.
   
    – Дзякуй за размову!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  248

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.