ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Слуга Божы Мельхіёр Фардон. Святы пры жыцці

З жыцця Касцёла

Знакаміты айцец францысканец з Гродна нікому не адмаўляў у просьбах. Пасля яго смерці паток прасіцеляў не спыніўся: людзі прыходзяць ужо да магілы спачылага, спадзеючыся на падтрымку з Неба. Сёння ад вернікаў з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай, дзе знаходзяцца астанкі святара, можна пачуць, што маленні да Слугі Божага а. Мельхіёра Фардона палягчаюць ім жыццё.
Нараджэнне святара
    Улетку далёкага 1846 года ў Гродне ў збяднелай шляхецкай каталіцкай сям’і Фардонаў прыйшоў на свет Юзаф Якуб. Праз некаторы час ён залатымі літарамі ўпісаўся ў гісторыю горада…
    Можна лёгка ўявіць, як немаўля хрысцілі ў катэдры, як падлетак наведваў св. Імшу ў пабернардынскім касцёле, як юнак здаў аптэкарскі экзамен, але агучыў бацькам рашэнне паступіць у духоўную семінарыю. Складаней намаляваць вобраз ксяндза, які падчас пілігрымкі перавязвае сцёртыя ногі паломнікаў, які цалуе рукі клерыкам у знак пашаны да духоўнага стану, які адмаўляецца ад транспарту і ўсюды ходзіць пешшу, які аддае свой абутак сустрэтаму валацузе.
Уражвае і той факт з жыцця ксяндза, што ён, маючы за плячыма 20 гадоў служэння дыяцэзіяльным святаром, вырашыў пайсці па слядах святога бедачыны з Асізі і ўступіў у кляштар айцоў францысканцаў. Так кс. Юзаф склаў вечныя манаскія абяцанні, атрымаў новае імя і стаў а. Мельхіёрам.
    У Гродне ён выконваў сваю паслугу і ў якасці дыяцэзіяльнага святара, і ў якасці манаха з францысканскага ордэна. Увесь гэты час служыў у парафіі Маці Божай Анёльскай.
   
    Нястомны спаведнік
    Вялікае значэнне ў сваёй душпастырскай дзейнасці а. Фардон надаваў сакраманту споведзі. Часта ён прыходзіў у канфесіянал а 5-ай гадзіне раніцы і выходзіў толькі пасля 8-ай вечара. У вольныя хвіліны, пакуль чакаў людзей, чытаў набожныя кнігі, адгаворваў францысканскі Вяночак, маліўся на ружанцы, разважаў.
    Быў моцна патрабавальным да тых, у кім бачыў жаданне далейшага духоўнага развіцця. І адначасова выказваў вялікую цярплівасць і міласэрнасць да людзей, якім было цяжка падняцца з граху. Вернікі бачылі ў асобе святара настолькі добрага духоўнага настаўніка, што прыязджалі да яго на споведзь у Гродна нават з аддаленых парафій.
    Аднойчы а. Мельхіёр наведваў цяжка хворага парафіяніна і прапанаваў яму скарыстацца з сакраманту споведзі. Пачуўшы ў адказ адмову, манах пакінуў церпячага і ўвесь зваротны шлях прайшоў на каленях. Гэты жэст а. Фардон учыніў дзеля ўзнагароджання перад Госпадам і выратавання чалавека, які мог ужо не мець шансу аблегчыць сваё сэрца. Падобныя гісторыі, якія перадавалі з вуснаў у вусны гараджане, сведчаць аб тым, што айцу францысканцу ўдалося спасцігнуць тую Любоў, да якой у многіх не атрымалася нават дакрануцца.
   
    “Дзівак” Фардон, або незразумелыя ўчынкі міласэрнасці
  А. Мельхіёр быў чалавекам вялікай пакоры і эмпатыі. Пра яго адданасць Богу і клопат пра кожную чалавечую душу гаворыць тое, што святар не пакідаў людзей у бядзе.
   Даведаўшыся, што адна жанчына, якая займалася прастытуцыяй, зараз пакутуе ад тыфу, а побач няма ніводнай асобы, якая захацела б ёй дапамагчы, айцец францысканец узяў хворую пад сваю асабістую апеку. Прыбіраўся ў яе пакоі, карміў, забяспечваў неабходнымі лекамі. Дзякуючы намаганням святара хвароба жанчыны адступіла. Гэта дало ёй шанс на лепшае жыццё.
    У выніку вялікадушнай дзейнасці а. Мельхіёра дарога да больш годнага існаваня была адкрыта далёка не аднаму чалавеку. У памяці людзей жыве гісторыя пра небараку, які не мог супрацьстаяць спакусе красці. Калі стала вядома пра прыграшэнні мужчыны, ніхто не хацеў браць яго на працу: баяліся панесці страты. А. Фардон стаў адзіным, хто даверыўся гора-чалавеку і запрасіў яго служыць у святыні закрыстыянінам. Ніводнага выпадку крадзяжу з таго часу не паўтарылася.
    Тыя, хто меў магчымасць напрамую сутыкнуцца з айцом францысканцам, ужо пры жыцці ўсведамлялі багацце і годнасць яго асобы. Пэўная сужэнская пара, выбіраючы імя для дзіцяці, нават вырашыла ахрысціць яго Фардонам, у гонар свайго пробашча. Даведаўшыся пра гэта, манах запярэчыў: “Гэта ж прозвішча! Няма такога імя! Няма такога святога!”. “Але ойча, – адказалі парафіяне, – Вы – святы!”.
   
    Гатовы на смерць дзеля бліжняга
    Адным з самых яскравых здарэнняў, дзякуючы якому а. Мельхіёр заслужыў асаблівую пашану, было выратаванне ад смерці гродзенскіх пажарнікаў. Эпізод меў месца ў 1915 годзе, падчас І Сусветнай вайны, калі мясцовыя землі трапілі пад фашысцкую акупацыю. Нямецкія салдаты западозрылі пажарных у шпіёнстве: нібыта тыя падавалі з вежы сігналы святлом адступаючай рускай арміі. Было абвінавачана 13 чалавек, якіх прыгаварылі да расстрэлу.
    Вось як апісваюць далейшыя падзеі самі асуджаныя: “Нас правялі на могілкі каля кляштара і паставілі тварам да сцяны. Два нямецкія афіцэры зайшлі ў касцёл, дзе шмат людзей хавалася ад разрыву снарадаў. Сярод сабраных быў і а. Мельхіёр Фардон. Немцы звярнуліся да людзей, каб тыя пазналі сярод арыштаваных знаёмых. Ніхто з прысутных не асмеліўся вымавіць слова ў нашу абарону. Аднак а. Мельхіёр падышоў да афіцэраў, пацалаваў ім рукі і папрасіў, каб у замен за пажарнікаў расстралялі яго. Фанабэрыя акупантаў не мела межаў! Але пакорная просьба айца была напорыстай: нямецкім афіцэрам давялося сілай адпіхвалі святара. А. Мельхіёр вяртаўся, патрабавальна прасіў і цалаваў ім рукі” (вытрымка з “Паказання Гродзенскай дабравольнай пажарнай варты”).
    Цуд адбыўся – немцы адмянілі загад. Пажарныя вярнуліся на працу ўпэўненыя, што вярнуліся з таго свету. За гэта ратавальнікі моцна дзякавалі а. Фардону, аб’явіўшы яго на агульным сходзе пажарнай варты сваім вечным ганаровым членам і капеланам. Дарэчы, у сценах гродзенскай пажарнай вежы дагэтуль захаваўся партрэт а. Мельхіёра, а ў экспазіцыі музея пажарнай аховы прадстаўлены яго асабістыя рэчы.
   
    Дабрадзей для гродзенцаў
    За час свайго прабывання ў горадзе а. Фардон шмат зрабіў на карысць тутэйшых жыхароў. Ён заснаваў ІІІ Ордэн св. Францішка, праводзіў сустрэчы цвярозасці, на ўласныя сродкі пафарбаваў францысканскі касцёл і аднавіў кляштар, аддаўшы яго частку пад пачатковую школу.
    Святар сябраваў з а. Максімільянам Кольбэ. Калі той прыбыў у парафію з ідэяй адкрыць выдавецтва, сутыкнуўся з моцнай крытыкай – рэалізацыя патрабавала шмат сродкаў, якіх не было. Ініцыятыву падтрымаў толькі а. Мельхіёр. У выніку свет убачыў часопіс “Рыцар Беззаганнай”, які паспрыяў зараджэнню і развіццю мясцовай каталіцкай прэсы.
    Шмат увагі а. Фардон прысвячаў бедным: паставіў у святыні адмысловы кошык, куды парафіяне збіралі прадукты харчавання для патрабуючых, арганізаваў дармовую сталовую. Усю сваю маёмасць раздаваў абяздоленым, практыкаваў суровае жыццё. Шмат пасціўся: хлеб еў толькі сухі і амаль не спажываў мяса. Дзеля ўмярцвення плоці насіў жорсткую валасяніцу, спаў на голых дошках і ў пятніцы абвязваў сябе жалезным ланцугом. Рабіў гэта дзеля перапрашэння Госпада за чалавечыя грахі. “Маю шчаслівую ўцеху, што згубіў здароўе не на мізэрныя рэчы гэтага свету, а працуючы над збаўленнем несмяротных душ, стоячы заўсёды на варце, як салдат Хрыста”, – адзначыў а. Мельхіёр на схіле жыцця.
   
    Нябесны заступнік
    А. Фардон адышоў у вечнае жыццё ва ўзросце 65-ці гадоў – святар хварэў на туберкулёз лёгкіх. З ім развітваўся ўвесь горад: тысячы людзей на працягу некалькіх кіламетраў ішлі за труной, якую неслі на плячах пажарнікі.
    Святар спачыў на гарадскіх пабернардынскіх могілках. У 2003 годзе яго астанкі былі ўрачыста перанесены ў касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе служыў. З таго часу ў парафіі штодня пасля кожнай св. Імшы гучыць малітва з просьбай аб далучэнні а. Мельхіёра Фардона да супольнасці бласлаўлёных.
    Напрыканцы 2018 года папа Францішак выдаў дэкрэт аб распачацці беатыфікацыйнага працэсу айца францысканца з Гродна. У дакуменце Святы Айцец прызнаў гераічнасць цнот манаха: пацвердзіў яго заслугі перад Богам і людзьмі, нагадаў пра яго няпросты жыццёвы шлях і асаблівую місію ў Касцёле.
    Завяршэннем працэсу беатыфікацыі з’яўляецца далучэнне Слугі Божага да ліку бласлаўлёных. Але для гэтага небходна, каб праз яго заступніцтва быў здзейснены цуд: аздараўленне, навяртанне, выхад з залежнасці, вызваленне сям’і з крызісу... Такім чынам, ці атрымаем новага нябеснага заступніка, залежыць толькі ад гарачыні нашых малітваў.
   
Усемагутны вечны Божа, Крыніца ўсялякай святасці і Айцец бясконцай дабрыні, выслухай нашу пакорную малітву і ўчыні, каб Твой Слуга а. Мельхіёр Фардон, прыклад Тваёй невымоўнай дабрыні і лагоднасці, верны вучань Твайго Сына Езуса Хрыста, паслядоўнік св. Францішка, бедачыны, з Асізі, дасягнуў хвалы Тваіх алтароў і стаў для нас пасрэднікам Тваёй вялікай міласэрнасці. Які жывеш і валадарыш праз усе вякі вечныя. Амэн. Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.