ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

На шляху да еднасці

З жыцця Касцёла

Хутка ў свеце распачнецца Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. Яго дэвізам стануць словы: “Імкніся да справядлівасці” (Дрг 16, 20).
Цыклічнае свята экуменізму з больш за стогадовай гісторыяй мае важнае значэнне таксама для вызнаўцаў Хрыста з Беларусі. Чаму мы павінны маліцца аб тым, каб стаць адной аўчарняй, над якой чувае адзін Пастыр? Якія экуменічныя мерапрыемствы Касцёла існуюць на Гродзеншчыне? На гэтыя і іншыя пытанні ў сённяшнім нумары “Слова Жыцця” адказвае кс. канонік Уладзімір Гуляй, старшыня сінадальнай камісіі па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу.


   

– Ксёндз Уладзімір, чаму Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян настолькі важны для Касцёла?
    – Спачатку трэба адзначыць, што Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян мае свае вытокі ў святарскай малітве Хрыста, які прасіў Айца, каб тыя, хто паверыць у Яго, “былі з’яднаныя ў адно” (параўн.: Ян 17, 20–23). Містычным целам Езуса з’яўляецца Касцёл. Таму і ідэя вяртання да адзінства надалей актуальная. Яна таксама служыць пацвярджэннем вернасці навучанню Збаўцы.
    Малітва ў інтэнцыі адзінства з’яўляецца сяганнем да супольных каранёў, г. зн. да Хрыста – адзінага Адкупіцеля чалавека. Касцёл Пана – непадзельны з боскага боку – быў раздзелены чалавекам. Асноўная мэта Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян заключаецца ў імкненні да пераадолення бар’ераў. Але не для таго, каб іх сціраць, а каб знаходзіць штосьці супольнае і на гэтым будаваць адзінства праз малітву, сумесныя дзеянні, абарону хрысціянскіх і евангельскіх каштоўнасцей, а таксама арганізацыю культурных і навуковых падзей. Таму штогод з 18 да 25 студзеня, у перыяд ад колішняга свята катэдры св. Пятра да свята Навяртання ап. Паўла, хрысціяне розных канфесій з усяго свету сустракаюцца на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртах...
   
    – Католікі жывуць не ў нейкім адасобленым, закрытым свеце, а сярод людзей, якія належаць да розных Цэркваў. Падзяліцеся, калі ласка, уласным экуменічным досведам. Як на справе выглядае экуменічны дыялог у Гродзенскай дыяцэзіі?
    – Беларусь – шматканфесійная краіна, таму істотным аспектам евангелізацыйнай місіі Каталіцкага Касцёла з’яўляецца дзейнасць на карысць еднасці хрысціян. Католікі прагнуць лепш пазнаць іншыя Цэрквы, таму ахвотна ўдзельнічаюць у экуменічных падзеях і сустрэчах, а асабліва ў супольных малітвах аб адзінстве.
    Цяжка адназначна сказаць штосьці пра экуменічную дзейнасць на тэрыторыі нашай дыяцэзіі. У асобных рэгіёнах яна фарміруецца па-рознаму. Адно можна сцвердзіць з упэўненасцю: як хрысціяне мы ўсё лепш усведамляем аксіёму, што ўсіх нас яднае той самы хрост, які далучыў да Хрыста. Згодна апошнім афіцыйным звесткам, сёння на тэрыторыі Гродзенскай вобласці функцыянуе 440 зарэгістраваных хрысціянскіх супольнасцей.
    Вельмі важным крокам наперад лічу тое, што людзі пачалі засяроджваць сваю ўвагу на момантах, якія яднаюць, а не раздзяляюць. Такі падыход спрыяе ўзрастанню сярод вернікаў пачуцця братэрства, таму што сапраўдны экуменізм нараджаецца ў сэрцы кожнай асобы, каб затым рэалізавацца ў яе ўласным жыцці, у сям’і, у супольнасці.
   
    – Аднак не ўсе маюць пашану да поглядаў іншых. Як схіліць да экуменізму моцна прывязаную да ўласнай рэлігійнай тоеснасці асобу, якая лічыць сваю канфесію найлепшай?
    – Хрысціянін павінен памятаць, што верыць у Хрыста – значыць прагнуць еднасці. Прагнуць еднасці – значыць прагнуць Касцёла, а прагнуць Касцёла – значыць прагнуць камуніі (супольнасці) ласкі, якая адпавядае задумцы Айца, запланаванай на пачатку вякоў. У гэтым заключаецца сэнс малітвы Хрыста, “каб былі адно”, у гэтым заключаецца сэнс усякай экуменічнай дзейнасці.
    Гледзячы на рэлігійнае, грамадскае жыццё, можам смела сцвердзіць: клопат аб еднасці з’яўляецца нашым пакліканнем. Чаму? Таму што “Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет [...] і даў нам слова паяднання” (2 Кар 5, 19). І паколькі мы павінны пераймаць Езуса, станавіцца Ім у гэтым свеце, то наша місія ў Касцёле, у сям’і, у горадзе, у народзе – паяднанне!
   
    – Неаднойчы можа скласціся ўражанне, што экуменічны дыялог патрэбны толькі тэолагам. Ці можна ўбачыць яго рэзультаты ў жыцці звычайных людзей?
    – Заданне будавання еднасці хрысціян не толькі з’яўляецца адным з напрамкаў дзейнасці Касцёла, але і датычыць усіх вызнаўцаў Хрыста. Кожны з нас павінен клапаціцца аб устанаўленні поўнай камуніі паміж хрысціянамі, ніколі не забываючыся, што яна з’яўляецца ў першую чаргу дарам ад Бога, аб якім павінны нястомна прасіць.
    Прагну ўзгадаць тут адну падзею. У маі 1999 года ў Румынію прыбыў з візітам папа Ян Павел ІІ. Нягледзячы на тое, што гэта краіна з глыбокай праваслаўнай традыцыяй, Святога Айца прынялі надзвычай сардэчна, у тым ліку і Праваслаўная Царква. На заканчэнне св. Імшы, цэлебраванай Пантыфікам у сталіцы, тлум католікаў і праваслаўных пачаў крычаць: “Unitate! Unitate!” – што значыць “Паяднанне! Паяднанне!”. Святы Айцец быў вельмі ўзрушаны гэтай сцэнай і неаднаразова вяртаўся да яе ў сваіх навучаннях. Румынам сказаў тады, што ў іх сэрцах упісана асаблівае экуменічнае пакліканне – пакліканне да паяднання. Кожны хрысціянін павінен гэта ўсведамляць.
   
    – Хрысціянскія Цэрквы розных канфесій ва ўсім свеце ўжо даўно пачалі супольна браць голас не толькі ў рэлігійных пытаннях, але і ў важных сацыяльных справах, што закранаюць праблемы беднасці, эмігрантаў, абароны стварэння і інш. У Беларусі таксама ладзяцца якія-небудзь супольныя звароты і ініцыятывы?
  Папа Францішак з патрыярхамі і лідэрамі хрысціянскіх Цэркваў на Блізкім Усходзе  – Зададзенае пытанне датычыць т. зв. “практычнага экуменізму”. Каталіцкі Касцёл у Беларусі бачыць магчымасці для рэальнага супрацоўніцтва паміж хрысціянскімі канфесіямі ў розных галінах жыцця, асабліва ў рамках супольных намаганняў на карысць справядлівасці, міру, прагрэсу, праў чалавека, сямейнага жыцця, абароны стварэння, дапамогі бедным, даючы такім чынам канкрэтнае сведчанне служэння і, у той жа час, адказваючы на ўсё новыя і новыя выклікі, якія паўстаюць перад чалавецтвам.
    Прыкладам такіх практычных намаганняў з’яўляецца дзейнасць Каталіцкага дабрачыннага таварыства “Карытас”. Арганізацыя заклікае да таго, каб духавенства і свецкія вернікі актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных акцыях разам з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій.
    Вялікая надзея ўскладзена на маладых людзей – валанцёраў. Яны паходзяць з розных асяроддзяў, рэгіёнаў і культур. Знаходзячыся побач, разам вучацца, працуюць, адпачываюць – жывуць. Усё гэта, а таксама дынамізм і адкрытасць, якой яны валодаюць, дазваляе ставіць больш высокія патрабаванні да іх ролі ў практычным экуменізме.
    Важным абавязкам Каталіцкі Касцёл у Беларусі лічыць падтрымку ўсякай супольнай дзейнасці вызнаўцаў Хрыста ў галіне распаўсюджвання хрысціянскай культуры і супрацьстаяння патоку псеўда-культуры, парнаграфіі і іншых сацыяльна шкодных з’яў. Такім чынам, арганізуюцца міжканфесійныя канцэрты рэлігійнай песні, праводзіцца сумесная дзейнасць на карысць абароны зачатага жыцця і г. д.
    Не апошнюю ролю ў практычнай экуменічнай дзейнасці адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі (інтэрнэт, выдавецтва, радыё і інш.). Можна сказаць, што амаль не існуе такой сферы жыцця, дзе не было б магчымым пэўнае супрацоўніцтва паміж вызнаўцамі Хрыста.
   
    – Вы з’яўляецеся старшынёй сінадальнай камісіі па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу. Што належыць да задач і мэт гэтай камісіі? Якія тэмы і праблемы агаворваюцца падчас пасяджэнняў?
    – Наша камісія мае на мэце папулярызацыю адзінства хрысціян услед за словамі нашага Пана Езуса Хрыста “каб былі адно”, а таксама пашаны, супакою і дыялогу паміж канфесіямі. Сваю задачу камісія рэалізуе на 4-ох узроўнях:
    1) навуковым – папулярызуючы вывучэнне дакументаў, якія датычаць экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу;
    2) духоўным – заахвочваючы і асабіста далучаючыся да малітвы аб еднасці хрысціян і пашане паміж прадстаўнікамі іншых рэлігій;
    3) практычным – умела ўводзячы ў жыццё тое, што будзе выпрацавана на 2-ух вышэй названых узроўнях;
    4) міжасобаснага супрацоўніцтва – на сямейным, сяброўскім і прыяцельскім падмурку, дэманструючы неабходнасць згоды паміж усімі, хто верыць у аднаго Бога.
    Сінод Гродзенскай дыяцэзіі прагне быць выразам удзелу ў экуменічнай справе Касцёла, а разам з тым заклікам да дзейнасці на карысць еднасці Хрыстовага Касцёла.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.