ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Якое імя Вы выбралі для свайго дзіцяці?

З жыцця Касцёла

Гэтае сакраментальнае пытанне задаюць бацькам падчас хросту іх дзіцяці.
    У 2017 годзе ксяндзы ў Гродне ўсё часцей чулі ў адказ наступныя імёны: Зоф’я, Дар’я, Ксенія, Паліна, Анастасія, Аліса, Арына, Вікторыя, Ульяна, Валерыя, Мілана, Арцём, Максім, Аляксандр, Міхал, Мікіта, Кірыл, Мацвей, Уладзіслаў, Глеб, Аляксей. Прычыны, якімі кіраваліся мамы і таты пры выбары імя для свайго патомства, былі самыя разнастайныя. Для адных вырашальным фактарам стала мода, для другіх – вера.
“Добрая” і “дрэнная” мода
    Звычайна бацькі задумваюцца над выбарам імя для свайго дзіцяці задоўга да прыходу немаўляці ў свет, бо гэта адно з самых складаных рашэнняў. Імя з’яўляецца распазнавальным знакам чалавека, акрэслівае, хто ён, а таксама ўплывае на жыццё.
Сёння існуе тэндэнцыя даваць арыгінальныя імёны. “Мы хацелі, каб наша дачка вылучалася з натоўпу іншых, каб паклікаўшы яе на вуліцы, я была ўпэўнена, што адвернецца толькі яна, таму назвалі дзиця Віёрыка, – расказвае Анастасія. – Канешне, мы з мужам не раз задумваліся пра тое, што будзе, калі гэтае імя не спадабаецца дачцэ або ў будучым дзеці з падворка ці з класа будуць выказвацца, што яно занадта дзіўнае. Але ўрэшце прыйшлі да высновы, што менавіта так хочам звяртацца да сваёй дзяўчынкі. Кожны з бацькоў дае такое імя, якое хоча. І я згаджаюся з іншымі, хоць вялікі працэнт надаваных імён мне не падабаецца”.
   
Польскія сацыёлагі звяртаюць увагу на пэўную заканамернасць: арыгінальныя, мудрагелістыя імёны выбіраюць часцей за ўсё людзі бедныя, неадукаваныя. Праз гэта яны хочуць вылучыць дзіця, вырваць з банальнасці, лічачы, што тым самым забяспечаць яму лепшы лёс.

    Хоць выбар імя для дзіцяці здаецца цікавым і захапляльным, часта гэта становіцца сапраўднай праблемай. “Шукаючы імя, кожны член сям’і хацеў уставіць свае 5 капеек, – скардзяцца маладыя бацькі Андрэй і Кацярына. – Мы выслухалі мільёны каментарыяў. Некаторыя далікатна пыталіся: «Чаму такое імя? Ужо столькі гэтых Мілан!». Іншыя гаварылі проста: «У спалучэнні з прозвішчам гэтае імя будзе гучаць жудасна!». У дзядуль і бабуль былі свае перавагі, і яны, канешне, хацелі пераканаць нас спыніцца менавіта на іх прапановах. Нарэшце мы проста перасталі адказваць на пытанні пра імя і пачалі гаварыць, што прымем рашэнне, калі дачка народзіцца і мы ўбачым яе. Назвалі дзяўчынку Міланай, як і хацелі, а падчас хросту надалі ёй 2-ое імя – Марыя”.
    Імя павінна не толькі падабацца. Добра, калі для бацькоў яно мае нейкае большае значэнне, каб праз гады яны маглі растлумачыць дзіцяці, чаму назвалі яго менавіта так, а не інакш, па якіх пэўных важных для іх прычынах. “Я малілася праз заступніцтва св. Антонія аб дары патомства. Паабяцала сабе, што калі народзіцца сын, дам яму імя Антоній, – апавядае Алена. – Спачатку на свет з’явілася дачка, пазней – хлопчык. І мы разам з мужам вырашылі, што назавём яго Антоніем. Думаю, у будучым наша дзіця будзе ганарыцца сваім імем, таму што яно сапраўды прыгожае і мае цудоўнае пасланне. Шкада, што сёння бацькі ўсё часцей кіруюцца модай і выбіраюць імёны, якія не маюць нічога супольнага з хрысціянскай традыцыяй”.
   
    Варта, каб дзіця атрымала імя святога
    У хрысціянскай традыцыі існуе перакананне аб сувязі імя з лёсам яго ўладальніка. Ужо ў Старым Запавеце чытаем: “Не бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе па імені твайму; ты Мой” (Іс 43, 1). У Евангеллі знаходзім наступныя словы: “Авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх” (Ян 10, 3).
    Па Бібліі тое, што Бог надае імя чалавеку, азначае яго ўваход на новую дарогу жыцця. Выбраныя Панам атрымліваюць канкрэтныя заданні: Абрам становіцца Аўраамам, Якуб – Ізраэлем, Сымон – Пятром, а Саул – Паўлам.
    Катэхізіс каталіцкага Касцёла сцвярджае, што “ў хросце імя Пана асвячае чалавека і хрысціянін атрымлівае сваё імя ў Касцёле. Гэта можа быць імя святога – вучня Хрыста, які пражыў сваё жыццё ва ўзорнай вернасці свайму Пану” (ККК 2156). Дзякуючы гэтаму, дзіця адначасова атрымлівае прыклад для пераймання, а таксама заступніка ў Небе. У Катэхізісе падкрэсліваецца таксама, што “імя кожнага чалавека святое. Імя – ікона чалавека.
    Яно патрабуе павагі да сябе на знак годнасці таго, хто яго носіць” (ККК 2158), а атрыманае імя застаецца назаўсёды, і “ў Валадарстве Нябесным заззяе ў поўным бляску таямнічы і непаўторны характар кожнай асобы, пазначанай Божым імем” (ККК 2159).
   
На старажытным Усходзе імя адыгрывала найважнейшую ролю. Таго, што не мела імя (назвы), не існавала.

    “У Кодэксе кананічнага права гаворыцца, што «бацькі, хросныя і пробашч павінны клапаціцца аб тым, каб не надаваць дзіцяці імя, чужое хрысціянскаму духу» (ККП, кан. 855). «Павінны клапаціцца» – гэта значыць, што Касцёл не можа патрабаваць, каб імёны, якія надаюць дзецям, заўсёды былі «святымі». Аднак калі бацькі хочуць назваць сваю дачку ці сына інакш і маюць на гэта канкрэтныя прычыны, просім падумаць пра 2-ое імя падчас хросту, каб дзіця атрымала заступніка, – тлумачыць кс. Руслан Мазан. – Святы апякун павінен дапамагаць ахрышчанаму ў дарозе да Бога і быць для яго прыкладам. Таму калі малое падрасце, бацькам трэба паказаць яму прыгажосць постаці заступніка, такім чынам тлумачачы свой выбар. Варта таксама навучыць яго малітве да Бога праз заступніцтва свайго апекуна. Для некаторых бацькоў надаванне 2-га імя падчас хросту з’яўляецца выдатнай нагодай, каб праявіць пашану да сваіх родных. Жадаючы ўшанаваць дзядулю, бабулю ці іншага члена сям’і, бацькі вырашаюць назваць дзіця яго імем. Дастаткова таксама сужэнстваў, якія такім чынам хочуць увекавечыць ці выразіць удзячнасць пэўнай асобе, спатканай на іх жыццёвым шляху”.
    Святар падкрэслівае, што выбар імя з’яўляецца важным і прыгожым заданнем. Таму бацькі павінны не толькі клапаціцца пра тое, каб імя ім падабалася, але і таксама падумаць пра тое, як дзіця будзе адчуваць сябе з ім у будучыні.
   
   
Кс. Юрый Гурскі, вікарый парафіі Святой Сям’і ў ЛідзеНекаторыя дзяўчаты і хлопцы, якія яшчэ толькі мараць аб тым, каб узяць шлюб, задаюцца пытаннем, якое імя маглі б даць у будучыні свайму дзіцяці. Прычыны, якімі людзі кіруюцца, самыя разнастайныя. Некаторыя хочуць назваць сваіх дзяцей імёнамі папулярных акцёраў, спевакоў ці герояў тэлевізійных серыялаў. Для іншых гэтае пытанне мае накірунак у глыбіню іх веры – шукаюць святога апекуна для сына ці дачкі.
    Калі паглядзець на школьныя дзённікі, то можна заўважыць, што ў некаторых класах, як правіла, нейкія імёны пераважаюць. Вядома, тут няма нічога дрэннага. Важна, аднак, каб рашэнне бацькоў як назваць дзіця было свядомым і абдуманым, народжаным з веры. У маёй святарскай практыцы ёсць некалькі маладых сужэнстваў, якія ў апошні час выбіралі імёны добра вядомых нам людзей, што пэўным чынам упісваюцца ў іх жыццё: Стэфанія, Ян, Павел, Дамініка...
    У апошнія гады ў нашай парафіі ў рамках падрыхтоўкі да сакраманту канфірмацыі моладзь вельмі адказна ставіцца да выбару імя святога заступніка. Відаць, што для многіх сам момант вызначэння з’яўляецца па-сапраўднаму важным. Калі праз некалькі гадоў вяртаемся да таго факту, аказваецца, падзея была звязана з глыбокімі перажываннямі, якія пакінулі ў жыцці маладых людзей значны след.
    Гэтак жа бацькам варта нагадваць сабе, што імя павінна мець “глыбіню”. Калі называем хлопчыка імем бацькі, дзеда ці іншага продка, яно адразу ж наладжвае сувязь з гісторыяй сям’і. А калі даём імя з імпартнай мыльнай оперы, аб якой праз некаторы час усе забудуцца?..
    Няхай пад імем дзіцяці хаваюцца глыбокія перажыванні яго бацькоў. Хай імя спее разам з імі і будзе плёнам гісторыі іх жыцця, веры ў Бога і працы ўсяго Касцёла.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.