ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Нядзеля, 23 верасня 2018 года
«Кроў мучанікаў
– заклік да еднасці хрысціян»
/ Папа Францішак /

Св. Юзаф Себасцьян Пельчар: заступнік хворых, убогіх і эмігрантаў

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Юзаф Пельчар прадстаўляецца ў біскупскай вопратцы.

Біёграфы, спрабуючы адлюстраваць духоўнае жыццё святога, акрэслівалі яго як “homo marianus” (“чалавека марыйнага”), вернага сына Касцёла, апекуна ўбогіх, руплівага пастыра душ або мілосніка Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Дэвізам свайго жыцця, якое прысвяціў на Божую хвалу і збаўленне душ, Юзаф выбраў словы: “Усё для Найсвяцейшага Сэрца Езуса праз Беззаганныя Рукі Найсвяцейшай Панны Марыі”.
Узрушаны глыбокім клопатам пра маральнасць
    Юзаф нарадзіўся 17 студзеня 1842 года ў Корчыне каля Кросна (Польшча) у сям’і Войцеха і Мар’яны, земляробаў сярэдняга дастатку. Яшчэ да нараджэння сына набожная маці ахвяравала яго Найсвяцейшай Панне Марыі.
    Будучы святы рос у глыбока рэлігійнай атмасферы. З 6-гадовага ўзросту быў міністрантам у парафіяльным касцёле. Пасля школы паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пшэмыслі. У 1864 годзе прыняў святарскія пасвячэнні, а пасля іх на працягу паўтара года служыў вікарыем у Самбожы.
У 1865–1868 гадах праходзіў дактарантуру ў Рыме адначасова на 2-ух аддзяленнях: кананічнага права і тэалогіі. Глыбокае ўнутранае жыццё і вывучэнне прац падзвіжнікаў прынеслі плён у выглядзе работы пад назвай “Духоўнае жыццё, ці хрысціянская дасканаласць”. На працягу дзясяткаў гадоў ёю шмат карысталіся як святары, так і свецкія асобы. З Вечнага Горада, апрача паглыбленых ведаў, Юзаф вынес вялікую любоў да Касцёла і папства.
    Пасля вяртання ў краіну працаваў выкладчыкам у семінарыі ў Пшэмыслі, прафесарам і рэктарам Ягелонскага ўніверсітэта. Акрамя гэтага актыўна займаўся касцёльна-грамадскай дзейнасцю. Быў вельмі старанным і мудрым у вырашэнні важных спраў, меў дасканалую памяць. Адным са шматлікіх доказаў яго працавітасці з’яўляецца багатая пісьменніцкая спадчына: тэалагічныя, гістарычныя працы і кнігі з вобласці кананічнага права, падручнікі, малітоўнікі, пастырскія лісты, прамовы і казанні.
    Вылучаўся стараннасцю і асаблівым набажэнствам да Найсвяцейшага Сакраманту, Сэрца Божага і Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1894 годзе заснаваў у Кракаве Кангрэгацыю Сясцёр Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанкі), мэтай якой з’яўляецца распаўсюджанне Валадарства Божага Сэрца ў свеце.
    У 1899 годзе стаў дапаможным біскупам, а праз год – ардынарыем Пшэмысльскай дыяцэзіі. Як руплівы пастыр клапаціўся аб святасці вернікаў. Натхненне і моц да апостальскай працы чэрпаў у Найсвяцейшай Ахвяры і палымянай малітвы. Аб’ектам яго асаблівага клопату было жыццё ўбогіх і хворых. Ашчадны ў адносінах да сябе, ён шчодра падтрымліваў усе добрыя і патрэбныя ініцыятывы. Спачуваў нягодам працаўнікоў, шмат увагі прысвячаў праблемам эміграцыі і алкагалізму.
    Памёр у Пшэмыслі 28 сакавіка 1924 года ў арэоле святасці. Быў беатыфікаваны ў 1991 годзе, кананізаваны – у 2003 годзе. Рэліквіі святога знаходзяцца ў катэдры ў Пшэмыслі.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Юзафа Себасцьяна Пельчара?
    У сучасныя неспакойныя часы святы вучыць нас адчувальнасці да іншых, асабліва да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, гасціннасці да людзей, якія не маюць даху над галавой ці кавалка хлеба або нават не чуюць добрага, падбадзёрваючага слова.
   
    Цікава!
    Калісьці кс. праф. Караль Вайтыла спытаўся ў алюмнаў, над якім духоўным чытаннем яны схіляюцца. Клерыкі адказалі, што чытаюць “Біскупа Пельчара” і іх уражвае старасвецкасць формы. На гэта будучы Папа адказаў: “Хлопцы, хлопцы… Там лавіны праўды!”.
   
    З вуснаў святога
    “Мы павінны любіць Пана Бога, бо Ён – самы міласэрны Стварыцель, самы літасцівы Пан, самы дасканалы Айцец, і таму слушна, каб стварэнні любілі свайго Стварыцеля, слугі – свайго Пана, дзеці – свайго Айца” (“Духоўнае жыццё, ці хрысціянская дасканаласць”).
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Юзафа Себасцьяна Пельчара 19 студзеня.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  100

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.