ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Субота, 23 чэрвеня 2018 года
«Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца
прароцтвам дзялення з самымі малымі і беднымі»
/ Папа Францішак /

Моладзь – надзея Касцёла і грамадства

З жыцця Касцёла

З 3 па 28 кастрычніка 2018 года ў Ватыкане будзе праходзіць Сінод Біскупаў, прысвечаны праблемам сучаснага маладога пакалення на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Прыняць непасрэдны ўдзел у перадсінадальнай працы могуць і самі маладыя людзі з розных куткоў свету. Для гэтага трэба адказаць на пытанні прапанаванай анкеты. Яна адрасавана моладзі ва ўзросце 16–29 гадоў.
    У інтэрнэце па адрасе youth.synod2018.va створаны спецыяльны рэсурс, дзе можна азнаёміцца з прыкладным планам працы сінода, даведацца пра маладых сведкаў веры, у тым ліку і пра святых, прачытаць пасланні Святога Айца, скіраваныя моладзі. Там жа кожны жадаючы малады чалавек можа запоўніць спецыяльную анкету. Яе мэта – дапоўніць меркаванні біскупскіх канферэнцый і прадставіць рэальны вобраз таго, чым жыве сённяшняя моладзь. Такім чынам, Касцёл прагне прыслухацца да голасу маладых людзей, ад якіх залежыць будучыня грамадства і супольнасці вернікаў.
Сёння рэдакцыя “Слова Жыцця” прапануе маладым людзям з Гродзенскай дыяцэзіі адказаць на некаторыя пытанні анкеты, створанай у рамках падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

Вікторыя Петрусевіч, 27 гадоў, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Падумай пра сябе, калі быў(-ла) дзіцём і цяпер. Наколькі станоўча на Твой асабісты рост паўплывалі наступныя фактары: школа, сям’я, сябры, СМІ (у тым ліку тэлебачанне, інтэрнэт), супольнасці і згуртаванні маладых людзей (спорт, школа, Касцёл), рэлігійная адукацыя, хобі і вольны час, чытанне, музыка?
Свядомае жыццё чалавека пачынаецца, вядома, у школе. Гэта адкрыццё свету ведаў, сур’ёзных зносін з сабе падобнымі. Менавіта ў юнацкія гады я вучылася разбірацца ў людзях, у іх шчырасці і намерах. Яшчэ ў школе з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры распазнавала сваё жыццёвае пакліканне. Гэта яна натхніла несці святло роднай мовы. Увогуле, школа больш-менш дапамагла мне развіцца як асобе, маім талентам.
    Ва ўніверсітэцкія часы здабыла сапраўдных сяброў. Не ўяўляю нават, як можна без іх! Сябры – гэта падтрымка. Людзі, якіх не пужаюць выпрабаванні часам: яны застаюцца побач, калі табе і добра, і дрэнна; падказваюць, калі памыляешся; могуць пакрычаць, але, разам з тым, і пашкадаваць. І гэта павінна быць узаемна. Імкнуся быць добрым сябрам для іншых таксама.
    Калі разважаць пра веру, то ў мяне быў свой “Ян Хрысціцель”. Ён дапамог паглыбіць веды пра Касцёл, бо, шчыра прызнаюся, на той момант “плавала” на паверхні. Штодня з удзячнасцю ўспамінаю пра гэтага чалавека ў малітве. Праз яго пазней набыла новых, цудоўных знаёмых, з якімі працягвала развіваць сваю веру. Нейкімі новымі цікавосткамі з хрысціянскага жыцця дзялілася з дзецьмі на ўроках, таму што лічыла сваёй задачай выхаваць грамадзяніна-хрысціяніна... Такі вось ланцужок атрымліваецца, дзе адно чапляецца за другое.
    З гэтага і сплятаецца своеасаблівы ружанец жыцця.
    Не так даўно я перажыла вялікую радасць – мы з мужам ажаніліся. Гэта было наша асэнсаванае рашэнне. Абодва разумеем:
    у сужэнстве вельмі важна захоўваць узаемапавагу, быць прыкладам для дзяцей. Усведамляем, што сям’я павінна быць падмуркам, таму яе неабходна будаваць на хрысціянскіх ідэалах: сумесна наведваць касцёл, святкаваць (не фармальна) урачыстасці, выхоўваць дзяцей з першых дзён жыцця ў веры. Будзем прыкладваць на гэтай “будоўлі” ўсе свае намаганні! Спадзяюся, з Божай дапамогай у нас атрымаецца быць шчаслівымі сужэнцамі і бацькамі.


   

Аляксандр Сергяюк, 16 гадоў, школьнік

Разважаючы пра слова “пакліканне”, што прыходзіць на розум (самарэалізацыя, план жыцця, Божы заклік, служэнне, вера, сужэнства, сям’я, святарства, кансэкраванае жыццё, свабода, сумненне, страх, запрашэнне, падарунак, ціск, сутыкненне)?
Кожны чалавек да нечага пакліканы. І ён яшчэ нават не нарадзіўся, а ў Бога ўжо ёсць план для яго. Неабходна адразу з пакорай прыняць праўду: кім мы будзем, вырашае Стварыцель. Але наша задача – распазнаць гэты план, каб найлепшым чынам яго рэалізаваць. Таму вельмі шмат чаго ў жыцці залежыць ад нас саміх.
    Вядома, памыліцца ў выбары шляху можа кожны. Але калі ігнаруем тое, што нам наканавана, сэрца заўсёды будзе адчуваць неспакой, прагу. Каб дакладна вызначыць сваю жыццёвую місію, трэба маліцца і чакаць адказу ад Бога. Думаю, самае галоўнае ў распазнанні паклікання – не баяцца сказаць Усявышняму: “Так, я гатовы пайсці за Табой!”.
    Зараз я таксама знаходжуся ў роздумах. Чаго ж ад мяне хоча Бог? Ці павінен я стаць добрым святаром, ці добрым бацькам? У такія хвіліны разважанняў на розум прыходзіць любімая цытата з Бібліі: “Плыві на глыбіню” (параўн.: Лк 5, 4). Глыбіню разумею як пакліканне. Прытрымліваюся меркавання, што варта не баяцца ісці за Хрыстом. Ён заўсёды побач. Усведамляю, што ў любым выпадку рэалізацыя паклікання палягае на служэнні: ці як муж – жонцы і дзецям, ці як святар – усім людзям.
    Мне здаецца, паняцце “пакліканне” бліжэй да Божага закліку і плану жыцця.


   

Вольга Снітко, 18 гадоў, студэнтка

Ці згодны(-на) Ты з наступным выказваннем: большасць людзей заслугоўвае майго даверу? Вызначы сваё меркаванне па шкале ад 1-го да 5-ці.
Напэўна, гэтае выказванне ў адносінах да сябе магу ацаніць на 4. Я давяраю людзям, магчыма, таму што ніхто да гэтага часу мяне не падводзіў.
    Давер – гэта ўпэўненасць у іншым чалавеку, вера ў яго шчырасць. Прытрымліваюся, можа, наіўнай тэорыі, але калі ты шчыры з чалавекам, то і ён – з табой. Давяраю бацькам, бо бліжэй за іх нікога не маю. Гэтыя людзі мяне выгадавалі, выхавалі. Вядома, яны жадаюць свайму дзіцяці толькі дабра. Давяраю сябрам, якія заўсёды побач, гатовы падтрымаць, з кім не баюся раздзяліць нейкую таямніцу або да каго магу звярнуцца з просьбай. Зразумела, кожны з нас давярае ўрачам, настаўнікам. Іначай як атрымаць ад іх дапамогу? Аказваючы людзям давер, пускаем іх глыбока ў свой свет, а яны, у сваю чаргу, становяцца для нас апорай.
    Часта ў сучасным свеце здараецца так, што некаторыя выкарыстоўваюць давер іншага чалавека дзеля ўласнай карысці. Нягледзячы на гэты непрыемны факт, не перастаю давяраць тым, хто мяне акружае, натуральна, цалкам кантралюючы сітуацыю. Мне здаецца, давер – адна з найважнейшых частак чалавечых адносін, мазаіка, з якой складаецца наша жыццё.
    Упэўнена, нават калі выкрыты падман ці крывадушнасць, варта даць чалавеку другі шанс. Бо сам Езус Хрыстус заўжды нам даруе! Даруе падчас кожнай споведзі праз святара тыя цвікі, тыя грахі, якімі мы прыбіваем Яго да Крыжа. “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34). Быць можа, менавіта наш давер, нягледзячы на здраду з другога боку, абудзіць у тым чалавеку нешта светлае, прымусіць задумацца над жыццём і змяніць да яго сваё стаўленне.


   

Ірына Радзевіч,    25 гадоў, журналіст

Якія пытанні Ты лічыш асабліва актуальнымі для Касцёла сёння (сацыяльныя праблемы, жыццё ў малітве, ахова праўд веры, супакой у свеце, акружаючае асяроддзе, дыялог з іншымі рэлігіямі, прапаганда і абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, сур’ёзная маральная ўзгодненасць паводзін і заяўленых каштоўнасцей, вывучэнне спосабу зносін з сённяшнім светам)? Выберы 3 варыянты ў парадку важнасці.
Я бы расставіла найважнейшыя пытанні наступным чынам: 1 – жыццё ў малітве, 2 – адносіны з сённяшнім светам, 3 – супакой у свеце.
    Малітва для хрысціяніна – гэта аснова жыцця. І зараз, і 100 гадоў таму, і 500. Кожны вернік пакліканы мець пастаянныя, жывыя адносіны з Богам. Найбліжэйшы шлях да ўсталявання цеснага кантакту са Стварыцелем – гэта малітва. Касцёл увесь час пра тое нагадвае, сведчыць, заклікае. Гэта лічу найбольш актуальнай тэмай.
    У той жа час мы жывём у свеце, які заўсёды развіваецца, рухаецца наперад. Разам з ім, мяркую, павінен развівацца і Касцёл. Сачыць за тэндэнцыямі, настроямі ў грамадстве. Трэба адзначыць, што зараз Касцёл даволі актыўны ў такіх сферах, як, напрыклад, навука, палітыка, СМІ. Аднак варта нястомна і далей прыкладваць намаганні, каб быць не далёкім ад сучаснасці, а зразумелым свету.
    За мір і супакой у свеце Касцёл выступаў заўсёды. Вернікі штодня моляцца аб мiрным вырашэнні розных спрэчных пытанняў, канфлiктаў. “Госпад усёмагутны, дапамажы спыніць усе войны, суняць варожасць, як старыя, так і сучасныя канфлікты”, – такімі словамі часта молiцца папа Францішак. Бясспрэчна, пытанне аб супакоі ў сённяшнім нестабільным свеце з’яўляецца вельмі важным і адным з найбольш актуальных.


   

Павел Кійко, 29 гадоў, будаўнік

Ці можаш коратка расказаць эпізод, у якім быў(-ла) прама ці ўскосна ўцягнуты(-та) і які лічыш станоўчым прыкладам таго, як Касцёл можа суправаджаць маладых людзей у іх выбары, што надае каштоўнасць і задавальненне ў жыцці?
Раней я жыў як хрысціянін, вера якога абмяжоўвалася наведваннем касцёла па нядзелях. А аднойчы мой сябар прапанаваў прыйсці на сустрэчу душпастырства моладзі “OPEN”. Напрыканцы спаткання прагучала прапанова да жадаючых іграць у музычным гурце. Дагэтуль я чуў яго выступленне на св. Імшы. Прызнаюся, мяне гэта вельмі ўразіла.
    Я, насамрэч, ужо даўно марыў навучыцца іграць на электрагітары. Таму вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў запрашэнне. Трошкі ўмеў перабіраць струны – моладзь у гурце мяне падтрымала. Затым разам ігралі на Дыяцэзіяльных днях моладзі, давалі канцэрты для пілігрымаў. Сёлета нават удзельнічалі ў музычным фестывалі “Дастукацца да нябёсаў”. І вось думаю: я проста хацеў іграць на гітары... Ніколі сабе не мог уявіць, што буду служыць Богу праз музыку!
    Без сумненняў магу адзначыць, што душпастырства “OPEN” бліжэй пазнаёміла мяне з Усемагутным. Тут я па-сапраўднаму даведаўся, што такое малітва, адарацыя. Тут сустрэўся з Жывым Створцам, які стаў мне вельмі блізкім і востра неабходным. Цяпер я моцна веру ў нашага Айца! Веру ў тое, што ў Бога ёсць асаблівы план для кожнага. Трэба проста даверыцца Яму, аддаць усе радасці, цяжкасці і трывогі. Штодня дзякую Усявышняму, што напаўняе мяне любоўю і дабрынёй для пераадолення новых жыццёвых выпрабаванняў. І цешуся магчымасці праслаўляць Яго сваімі здольнасцямі праз музыку.


   

Запоўніць анкету на сайце youth.synod2018.va можна да 31 снежня бягучага года. На аснове адказаў апытаных паўстане „Instrumentum laboris” (працоўны дакумент нарады сінода).

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  192

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.