ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 23 мая 2018 года
«Зарадзіце батарэю свайго сэрца
і заставайцеся на сувязі з Хрыстом!»
/ Папа Францішак /

Прыняць Хрыста як Валадара і Пана

На шляху да святасці

26 лістапада каталіцкі Касцёл адзначае апошнюю нядзелю літургічнага года. Яго падсумаваннем становіцца ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, які пануе ў Небе і на зямлі. Св. Амброзій навучаў, што там, дзе ёсць Хрыстос, там ёсць жыццё і Яго Валадарства. Збаўца – Цар людскіх сэрцаў.
    Моцай сваёй ласкі Ён робіць так, што кляймо нашага эгаізму, ляноты, недахопу розуму ці добрай волі становіцца сцяблом ружы.
З гісторыі ўстанаўлення ўрачыстасці
    Свята Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, увёў у літургічны каляндар у 1925 годзе папа Пій ХІ сваёй энцыклікай “Quas Primas”, прыгадваючы такім чынам аб месцы, якое належыць Пану Езусу ў жыцці чалавека, грамадстваў і краін. “Хрыстос валадарыць у свядомасці людзей – не столькі таму, што мае глыбокі розум і вялізныя веды, колькі таму, што Ён сам з’яўляецца Праўдай, а чалавек павінен зачарпнуць праўды ад Яго і паслухмяна яе прыняць. Гаворыцца, што Ён валадарыць таксама ў волі людзей – не столькі таму, што бездакорная чалавечая воля поўнасцю падпарадкоўваецца найсвяцейшай Божай волі і слухаецца яе, але таму, што Ён нашу вольную волю схіляе і сваім натхненнем яе падпарадкоўвае, каб мы запаліліся да самых высакародных учынкаў. Урэшце, Хрыстос з’яўляецца Валадаром сэрцаў – па прычыне сваёй любові, якая пераўзыходзіць навуку, па прычыне лагоднасці і асалоды, якія прыцягваюць да сябе душы; таму што не было і не будзе нікога, хто быў бы так любімы ўсімі, як Езус Хрыстус”, – занатавана ў энцыкліцы Папы.
Святы Айцец наказаў, каб ва ўсіх касцёлах у апошнюю нядзелю перад Адвэнтам пасля галоўнага набажэнства перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам адгаворваліся літанія да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Акт прысвячэння людскога роду Яго Найсвяцейшаму Сэрцу. Устанаўленне ўрачыстасці на гэты дзень звязана з біблійным разуменнем часу, што, разам з тым, перадае сэнс літургічнага года, які мае на мэце прыгадаць вернікам найважнейшыя падзеі ў гісторыі Збаўлення.
   
    Езус валадарыць з вышыні крыжа
    У выяўленчым мастацтве ўжо са старажытнасці Хрыста прадстаўляюць як Усеўладара, што сядзіць на троне, а на Зямлю, як на падножку, апірае ногі або трымае Зямны шар у далоні. Так адлюстроўвалі Езуса даўнія іконы і мазаікі. Так Яго неаднаразова паказвае і Апакаліпсіс: Хрыстос сядзіць на троне, а ўсё стварэнне пакланяецца Яму.
    Евангеллі дэманструюць іншае вымярэнне панавання Божага Сына – Ён валадарыць з вышыні крыжа.
    У ментальнасці тагачасных людзей Езус быў лідарам збунтаваных яўрэяў. Аднак не тое было галоўным для нашага Збаўцы. Збіты, з цярновым вянком на галаве Ён сказаў Понцію Пілату: “Валадарства Маё не адгэтуль” (параўн.: Ян 18, 33–40).
    На крыжы Хрыста віднеўся надпіс: “Езус Назаранін, кароль Юдэйскі” (Ян 19, 19). Гэтыя словы чыталі тлумы людзей: члены Высокай Рады, жаўнеры, пасіўныя сведкі і інш. Бачыла іх і Марыя. Аднак тое, што Яго каты планавалі як пакаранне і прыніжэнне, стала знакам моцы і панавання. Змучаны і пакутуючы Месія ў акце абсалютнай Ахвяры паказаў моц хвалы і веліч справы збаўлення чалавека. Праз смерць на крыжы даказаў сваю любоў да ўсіх людзей, адкупіў іх грахі і паяднаў з Айцом.
    Назіраем, як нават зло можа паслужыць дабру: “Закон жа ўвайшоў, каб памножыўся грэх. А дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка; каб як грэх запанаваў з прычыны смерці, так і ласка запанавала праз справядлівасць дзеля жыцця вечнага праз Езуса Хрыста, Пана нашага” (Рым 5, 20–21).
   
    Адзіная надзея
    Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, звяртае ўвагу на канчатковую мэту чалавечага жыцця – з’яднацца з Богам і аддацца пад панаванне Любові ў Яго Валадарстве. Там не кіруюць людскімі правамі, бо яно збудавана не на зямных структурах, але на трывалым фундаменце любові і моцы Святога Духа. У ім не навязваецца свая воля і ўлада, не выкарыстоўваюць іншых для ўласнай выгады. Там цярпліва чакаюць кожнага, хто па ўласным жаданні ў пакоры наблізіцца да Бога, каб зачарпнуць з крыніцы Збаўлення.
    Наша штодзённае жыццё павінна быць нястомным падпарадкоўваннем Збаўцы. Толькі Ён можа дапамагчы вызваліцца з-пад улады грахоў, самалюбства, амбіцый і жаданняў. З вышыні крыжа Хрыстос прагне супакоіць наш боль, вылечыць параненыя сэрцы, суцешыць і прытуліць іх да сваіх збаўчых ран.
   
Кс. Павел ЭйсмантУрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, прыпадае дакладна на ХХХIV Звычайную Нядзелю, якая адначасова з’яўляецца апошняй нядзеляй літургічнага года. Вернікі прыходзяць у святыню, каб паўдзельнічаць у св. Імшы, выслухаць Божае слова і прыняць Хрыста ў Камуніі пад выглядам Хлеба. Гэтая рэчаіснасць набывае асабліва ўзвышаны характар, таму што ўзгадваем Сына Божага, які для нашага збаўлення нарадзіўся ў чалавечым целе, памёр і ўваскрос, Валадара людскіх розумаў, волі і сэрца.
    Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, адносна “маладая”. Тым не менш, яе змест паходзіць з Бібліі, а дакладней – з Евангелля, дзе сам Хрыстос гаворыць пра сябе, што Ён, Сын Чалавечы, прыйдзе “ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў” (Мц 25, 31–32).
    Гэтая ўрачыстасць нагадвае тым, хто верыць у Хрыста, што Ён – Пан і Валадар усяго свету, Бог-Чалавек, Стварыцель і Адкупіцель чалавецтва. І хоць Езус мог прэтэндаваць на тытул зямнога караля Ізраіля, бо паходзіў з дому і роду Давіда, юдэйскага цара, Яго Валадарства не з гэтага свету. Яно пераўзыходзіць зямныя каралеўствы, аднак распачынаецца на зямлі – у сэрцах вернікаў, у хрысціянскіх супольнасцях, сярод тых, хто жыве паводле Божых запаведзей і евангельскай навукі Хрыста. Заданнем кожнага, хто лічыць сябе вучнем Пана, з’яўляецца пашырэнне Божага Валадарства на зямлі праз асабістае сведчанне хрысціянскага жыцця, здзяйсненне добрых учынкаў.
   
Кс. Ян РаманоўскіУжо на працягу многіх гадоў Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у супольнасці Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі з’яўляецца асаблівым часам. Гэты дзень у нашай дыяцэзіі называецца “семінарыйнай нядзеляй”. Выхаваўцы і алюмны выязджаюць у розныя парафіі дыяцэзіі, каб даваць сведчанне сваёй веры і свайго паклікання. Такім чынам мы можам, у пэўным сэнсе, “зрабіць рэкламу” духоўнай семінарыі, наблізіць яе жыццё і паказаць, што надалей, не зважаючы на крызіс каштоўнасцей у сучасным свеце, на крызіс пакліканняў, ёсць маладыя людзі, гатовыя пазітыўна адказаць на запрашэнне Хрыста і пайсці за Ім.
    Гэтая ўрачыстасць, звязаныя з ёй выезды і спатканні дазваляюць семінарыстам сустрэцца з моладдзю, міністрантамі, каб прадэманстраваць, як можна ў радасці і разам з Хрыстом перажываць найпрыгажэйшы этап свайго жыцця – маладосць. Паказаць, што алюмны – гэта не сумныя людзі, а асобы, напоўненыя жыццёвай энергіяй, крыніцай якой з’яўляецца сам Езус.
    Ад імя супольнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне хочацца асаблівым чынам падзякаваць у гэты дзень усім вернікам нашай дыяцэзіі за малітоўную і матэрыяльную падтрымку, якую яны аказваюць навучальнай установе. Гэта Ваш асабісты ўклад у будучыню Касцёла ў нашай краіне і ў развіццё паклікання заўтрашніх святароў, якія будуць служыць побач з Вамі. Няхай Хрыстос, Валадар Сусвету, адорыць усіх сваім бласлаўленнем, дарамі і ласкамі, патрэбнымі ў штодзённым жыцці. Семінарыйная супольнасць памятае пра кожнага з Вас у сваіх малітвах.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  223

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.