ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 17 ліпеня 2018 года
«Касцёл без мучанікаў
– гэта Касцёл без Хрыста»
/ Папа Францішак /

Нас паклікала Панна Марыя

На шляху да святасці

У бягучым годзе Легіёну Марыі, які існуе пры парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне, спаўняецца 10 гадоў. Хочам падзяліцца невялікім вопытам свайго служэння, распавесці аб тых кроплях нашай працы, якія ўліваюцца ў агульную дзейнасць Легіёнаў свету.
Ля вытокаў
    Усё пачыналася проста і нават нечакана. Аднойчы пасля св. Імшы ў нашай парафіі выступалі прадстаўнікі Легіёна Марыі з Маладзечна. Яны прыехалі, каб дапамагчы арганізаваць Легіён пры нашым касцёле. Многія ўважліва слухалі выступоўцаў, імкнучыся зразумець: што ўяўляе сабой супольнасць, што ў ёй патрэбна рабіць. Напэўна, кожны думаў па-свойму: “Што мне дадуць гэтыя спатканні?”, “Ці варта ахвяраваць на тое свой час?”. Штосьці супраціўлялася і ўнутры мяне: “Ці патрэбна гэта цяпер?”. Але ўсё ж цвёрдым крокам накіравалася ў капліцу, куды нас запрасілі легіянеры.
    І закруцілася. Ахвотныя пачалі разам сустракацца, чытаць малітвы ў інтэнцыях навяртання людзей, што страцілі сэнс веры, плёну святарскіх місій, чысціні ўзаемаадносін у моладзевым асяроддзі, любові і ўзаемапавагі ў сем’ях, мудрасці для кіраўнікоў дзяржаў і інш.
    Сваю практычную работу распачалі ў 4-й гарадской клінічнай бальніцы. Размаўлялі з жанчынамі, якія вырашыліся на аборт. Спрабавалі данесці да іх свядомасці, што ў будучым такі выбар можа прывесці да цяжкіх дохоўных праблем, самотнасці, дэпрэсіі, розных захворванняў.
Вядома, не заўсёды нас слухалі. Часцей за ўсё жанчыны апраўдвалі сваё рашэнне тым, што не хапае матэрыяльных сродкаў на забеспячэнне яшчэ аднаго дзіцяці. Іншы раз чулі і такое: “Гэтая цяжарнасць нечаканая, а ў мяне праца”, “Там яшчэ нічога няма, пра якое дзіця вы гаворыце”. Пасля мы захацелі сустракацца з такімі няшчаснымі ў жаночай кансультацыі, дзе ім выдаюць накіраванне на аборт. Там была б большая верагоднасць адгаварыць маці ад страшнага кроку, праз які яна забівае ў сабе бясцэнны дар жыцця. Але, на жаль, мы не атрымалі на тое дазвол.
   
   Па прыкладзе ахвярнасці Марыі
   
Легіён Марыі – гэта каталіцкая супольнасць, заснавальнікам якой быў Фрэнк Даф з Ірландыі. Пры жыцці ён глыбока зразумеў ролю Найсвяцейшай Маці ў ратаванні грэшнікаў: Яна змагаецца за душу кожнага чалавека на зямлі, вучыць разумець Божы Провід і прымаць сваё месца перад Усявышнім.

   Духоўны кіраўнік супольнасці  кс. Ян Этэль SCJМы яшчэ не зусім усведамлялі, што праз сваё служэнне становімся нібы закваскай Божага народа, актыўнымі ўдзельнікамі выратавальнай місіі Касцёла і сведкамі яго жыццёвай сілы. Але ўжо добра разумелі, што павінны працаваць над сабой, духоўна расці, каб быць валанцёрамі, каб аддаваць сябе, як вучыць Марыя, Маці Касцёла. Усведамлялі і тое, што патрэбны веды, каб тлумачыць людзям, якія жывуць у секулярызаваным грамадстве, праўду аб Нябеснай Каралеве і тым самым праслаўляць Езуса Хрыста, нашага Пана, дапамагаючы бліжняму прыблізіцца да Яго.
    З цягам часу мы пачалі больш дасканала вывучаць палажэнні і сутнасць паняцця “Legio Mariae”, прынцыпы, метады і формы працы. Лепш пазналі адзін аднаго, наладзілі паміж сабой цесныя кантакты. Паступова ў нас склалася свая сістэма валанцёрскага служэння: сходы ў кожную нядзелю, малітвы ў спецыяльных інтэнцыях, практычная работа (заданні), сустрэчы з памочнікамі, якія падтрымліваюць малітвамі, індывідуальныя кансультацыі.
   
    У духу ласкі Маці Божай
    Сёння важным напрамкам нашай дзейнасці з’яўляецца абарона жыцця зачатых дзяцей. Молімся аб навяртанні жанчын, медыкаў у паліклініках горада. Распаўсюджваем праўдзівую інфармацыю аб шкоднасці кантрацэпцыі, “пробных” шлюбаў сярод моладзі. Дзелімся духоўнай літаратурай. Супрацоўнічаем з іншымі групамі, якія працуюць у накірунку абароны жыцця: “Адкрытыя сэрцы”, “У абароне жыцця і сям’і”.
    Традыцыйна збіраемся на сумесную св. Імшу, супольна адгаворваем Ружанец у 4-й гарадской клінічнай бальніцы і ў хоспісе на базе 3-й гарадской клінічнай бальніцы. Наведваем хворых у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
    З даўняга часу падтрымліваем кантакты з гарадскім Домам ветэранаў. Наведваем самотных людзей, дапамагаем у вырашэнні іх індывідуальных праблем, асабліва тых, якія датычаць веры. Запомніўся выпадак з адной жанчынай, пакінутай блізкімі. Не размаўлялі з ёю і суседзі, бо лічылі, што ў той, можа, не ўсё ў парадку з розумам. Высветлілася, у гады вайны жанчына цяжка працавала ў Германіі. З цягам часу адышла ад веры. Мы выслухалі яе, разам памаліліся. І яна адгукнулася на прапанову сустрэцца са святаром. Паспавядалася, прыняла св. Камунію і як хрысціянка адышла да Пана Бога.
    У кожную першую суботу месяца наш духоўны кіраўнік кс. Ян Этэль SCJ адпраўляе ў Доме ветэранаў св. Імшу.
    У апошнія гады там адбываюцца сустрэчы з польскімі харцэрамі і скаутамі, якія прывозяць ветэранам калядныя падарункі, разам моляцца.
    Акрамя таго, мы даглядаем за старымі гарадскімі могілкамі па вул. Антонава (прыбіраем забытыя магілы). Ахопліваем увагай навучальныя ўстановы і некаторыя месцы бяздумных (грэшных, па сутнасці) гульняў – начныя клубы. Мы добра разумеем тую шкоду, якую прычыняе сабе чалавек. Верым у сілу малітвы і прыходзім да гэтых месцаў маліцца.
   
    Нягледзячы на перашкоды
    У дзейнасці нашага Легіёна было нямяла цяжкасцей, непаразуменняў. І цяпер не без гэтага, бо мы звычайныя людзі. Спачатку на малітву прыходзіла шмат жадаючых, якія пасля сталі членамі Легіёна. Але паступова некаторыя адыходзілі. Хтосьці называў прычыну “работа, не паспяваю”, “патрэбна больш часу на сям’ю”, “у мяне ўнукі” і г. д. Безумоўна, справа не толькі ў гэтым. Як мне здаецца, людзі не ўбачылі вялікага сэнсу Легіёна Марыі, не захацелі бескарысліва аддаць частку свайго часу бліжняму.
   
Мэта Легіёна – праслаўленне Бога ў малітвах і сумеснай працы ў межах новай евангелізацыі. Задача – несці Марыю свету, дапамагаць іншым адкрываць у сабе Божую Маці. Легіянер павінен імкнуцца да марыйнага стылю жыцця. Штотыдзень ён ідзе на заданне, якое атрымлівае на агульнай сустрэчы Легіёна.

    У служэнні нам даводзіцца сустракацца з цяжкасцямі і ў кантактах з людзьмі, далёкімі ад Касцёла, якія перажываюць жыццёвыя праблемы, хваробы, розныя крызісы. Трэба сказаць, што некаторыя нават веруючыя людзі не хочуць прыняць складаную сітуацыю, супрацівяцца ёй, задаючы пытанні: “Чаму мне?”, “За што?”.
    На жаль, многія не разумеюць, што цярпенне надае паўнату жыццю і сведчыць аб блізкасці чалавека да Збаўцы. Вельмі няпроста растлумачыць, што важна ахвяраваць сваё цярпенне, напрыклад, за навяртанне грэшнікаў, моладзь, цвярозасць у сем’ях і інш. Стараемся заўсёды падтрымаць асобу ў цяжкай сітуацыі, заахвоціць яе прыняць Езуса – не толькі ўваскрослага, у ззянні радасці і хвалы, але і на Галгофе, які цярпліва ўзяў на сябе людскія правіны.
   
    У якасці Божай прылады
   Удзельнікі “гродзенскага” Легіёна Марыі Праз сваё служэнне ў Легіёне мы вучымся дысцыпліне, пакорнасці, цярплівасці. Спазнаём ісціны Катэхізіса і даносім іх да іншых.
    Пад апекай Марыі прагнем убачыць Хрыста, асабліва ў тых, хто патрабуе дапамогі, знаходзіцца ў роспачы, церпіць духоўную нястачу (іншы раз і матэрыяльную). Усведамляем, што абмежаванасць, слабасць, нейкія недахопы не перашкаджаюць у еднасці з Богам. Сіла Святога Духа пабуджае да пераадолення розных цяжкасцей, перабудовы ў характары, паступовага адрачэння ад таго, што не падабаецца Марыі. Малітва на кожны дзень – “Праслаўляй, душа мая, Пана”. У ёй мы злучаемся з усімі Легіёнамі Марыі ў свеце.
    Праца ў Легіёне дазваляе лепш зразумець “kairos” – добры час, выбраны Богам з мэтай выпрабавання асобы, яе гатоўнасці да змянення. Служэнне паступова “зацягвае”, і ўжо нішто не перашкаджае – ні дождж, ні халодны вецер, ні боль ад няўдалых спроб у запланаванай практычнай дзейнасці. Легіянер проста выконвае сваю справу, імкнучыся да дасканаласці ў сціплым служэнні. І ў той жа час памятае, што ў хвіліны, калі Марыя кліча да ўдзелу ў жыцці бліжняга, ён толькі прылада ў ажыццяўленні любой добрай справы.
    Праца ў Легіёне – гэта служэнне бліжняму, дзе кантралёрам з’яўляецца сумленне легіянера, яго псіхалагічная гатоўнасць, духоўны стан, здольнасць адарвацца ад звычайнай паўсядзённасці і клопатаў, без чаго дзейнасць у духу Панны Марыі не мае сэнсу.
    Сардэчна запрашаем у Легіён Марыі ўсіх, хто хоча працаваць пад сцягам Маці Божай – ціхай, пакорнай, міласэрнай!

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  168

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.