ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Вастрабрамская Маці здаўна аберагае гродзенскія землі

Хрысціянскія традыцыі

Многія касцёлы на Гродзеншчыне прысвечаны Маці Божай Вастрабрамскай, культ якой моцна ўкаранёны ў сэрцах мясцовых вернікаў

16 лістапада – урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. На працягу 25-ці гадоў Яна апекуецца Гродзенскай дыяцэзіяй як галоўная заступніца.
Цудатворны абраз Маці Міласэрнасці займае цэнтральнае месца ў многіх дамах нашай краіны. Гэта адна з нешматлікіх выяў, дзе Марыя прадстаўлена адна, без свайго Боскага Сына, што трапна заўважыў св. Максімільян Кольбэ і склаў малітву:
    “Маці Божая Вастрабрамская,
    Ты не маеш на руках Дзіцятка Езус,
    дык вазьмі мяне на рукі
    і пранясі шчасліва праз усё жыццё”.

    Амаль 400 гадоў на літоўскай зямлі валадарыць Вастрабрамская Панна, Маці Усходу і Захаду. Свеціць бляскам прыгожых шатаў праз акно капліцы ў Вільні, бачная здалёк. Але слава цудоўнага абраза ўжо даўно перайшла межы Літвы, бо рукі Маці Божай без Дзіцятка Езус нібы хочуць прытуліць кожнага, выслухаўшы ўсе радасці, праблемы і перажыванні.
    Хто калісьці наведваў Вастрабрамскую капліцу ў Вільнюсе, напэўна, выходзіў адтуль у захапленні, духоўна ўзбагачаны. У простых белых сценах, дзе няма ні мармуру, ні жэмчугу і каштоўных камянёў, ні каралеўскіх дароў, вісяць толькі срэбныя бляшкі ў форме ног, рук, вачэй, сэрцаў... На некаторых з іх можна ўбачыць нязграбныя надпісы, быццам надрапаныя шпількай. Найбагацейшае вота – вялікі срэбны паўмесяц, які займае ўсю ніжнюю частку алтара. Такі характар Вострай Брамы. Такая пашана, якую там атрымлівае Маці Міласэрнасці, што чула ахінае цэлы свет.
Св. Імша ў капліцы Маці Божай Міласэрнасці ў Вільні з удзелам пілігрымаў з Беларусі    Выпрошваючы ў Бога дары, Марыя пацвярджае, што міласэрнасць Яе Сына не ведае межаў і даходзіць да ўсіх без выключэння. Задуменная, заслуханая ў літанію просьбаў, прымае кожнага, хто туды прыбывае. Яна Маці ўсіх людзей. Менавіта Марыя праз згоду на прыняцце Божага Сына адкрыла свету шлях да атрымання міласэрнасці. Яе Бог выбраў для вялікай справы. Марыя “ўвайшла ў санктуарый Божай міласэрнасці, таму што ўнутрана ўдзельнічала ў таямніцы Яго любові” (Папа Францішак, Misericordiae vultus 24). Айцец напоўніў сэрца Беззаганнай той жа міласэрнасцю, якую сам удзяляе грэшнікам і якая схіліла Хрыста выдаць сябе за грахі свету. Таму ў Ёй і праз Яе рэалізуецца справа Божай міласэрнасці, што адтымала рысы сапраўднай мацярынскай любові.
    Марыя ніколі не затрымлівае наш позірк на сабе, а скіроўвае яго да Сына, перад якім сама схіляецца. Прагне, каб у цэнтры ўвагі была Божая міласэрнасць, найбольш поўна раскрытая ў Езусе, трываючая “з пакалення ў пакаленне” (Лк 1, 50). Папросім жа Яе, каб навучыла адчувальнасці сэрца і міласэрнасці да другога чалавека. Падзякуем за тое, што мае ў асаблівай апецы Касцёл на Гродзеншчыне.
    Няхай залатая Вастрабрамская Панна прытуліць сваімі далонямі тых, хто вагаецца ці ў роспачы. Няхай няшчасным дасць выратаванне, усім сляпым пакажа каштоўнасці і скарбы рэлігійнага жыцця, а заблукалых выведзе на дарогу сапраўднай веры.
   
Марына БуйніцкаяМаці Міласэрнасці... Як толькі чую гэтыя словы, на душы становіцца светла, а сэрца напаўняецца радасцю і супакоем.
    Да сустрэчы з Маці Божай у Вастрабрамскім абліччы я пачынаю рыхтавацца адразу пасля таго, як вяртаюся з чарговага пешага паломніцтва ў Вільню. Кожны раз заўважаю, што маю шчасце судакрануцца ў пілігрымцы з людской набожнасцю і адчуць паўсюднасць Святога Касцёла. Прыкладам таму з’яўляюцца паломнікі – вернікі з Польшчы, Беларусі і Літвы. Ажно 11 разоў я ішла ў Пешай экуменічнай пілігрымцы Беласток – Гродна – Вільня.
    Усё пачалося з таго, як мама запрасіла да нас на начлег жанчыну з Зялёнай Гуры, якая пілігрымавала ў Вільню. Акурат у той час у мяне былі праблемы са здароўем. Памятаю, яна сказала бацькам: “Дачка ў вас такая прыгожая, шкада, што так моцна хварэе”. Тады ў мяне з’явілася адчуванне, што я, нягледзячы на недамаганне, змагу падняцца і дайсці да цудадзейнай іконы, як некалі ў дзяцінстве паўстаць перад Яе непаўторным абліччам. І так сапраўды сталася. Дзякуючы Езусу і Марыі я вылечылася ды аднавіла свае духоўныя і фізічныя сілы.
    У Вастрабрамскай літаніі ёсць словы, у якіх пілігрымы просяць: “Вызначы маршрут, складаны маршрут, але добра вядомы. Дай нам дайсці да Твайго неба праз Вострую Браму”. Таму хачу з упэўненасцю сказаць, што з Марыяй усё магчыма. Адвагі! Рыхтуйце свае сэрцы і далучайцеся.
Марцаліна МарцінчыкЯ з’яўляюся парафіянкай касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці ў Гродне (Аўгустовак). Таму у адпустовую ўрачыстасць, якая прыпадае 16 лістапада, разам з бацькамі наведваю святыню і прымаю ўдзел у св. Імшы ў гонар галоўнай апякункі парафіі і дыяцэзіі.
    Мая сям’я звяртаецца да Маці Міласэрнасці не толькі ў дзень Яе літургічнага ўспаміну, але і ў штодзённых малітвах. Маем дома абраз Маці Божай Вастрабрамскай, перад якім просім Марыю апекавацца нашай сям’ёй. Шчыра верым, што Яна заўсёды выслухае і дапаможа ў цяжкія хвіліны.
    Дадавяраць свае просьбы Маці Міласэрнасці мяне навучылі тата і мама, паколькі самі некалі бралі прыклад са сваіх бацькоў.
Віталій РабянокВельмі часта звяртаюся ў сваіх малітвах да Маці Божай Вастрабрамскай. Бязмерна ўдзячны, што ў найбольш важныя моманты жыцця Яна заўсёды побач.
    Маці Міласэрнасці ўшаноўваю не толькі праз малітву, але таксама праз удзел у пілігрымцы ў Вільню. Мне падабаецца дух і атмасфера гэтага паломніцтва: можна і паспяваць, і патанчыць, і задумацца ў цішы над пэўнымі рэчамі. Ідучы ў Вострую Браму, мы шмат молімся, прымаем удзел у канферэнцыях, знаёмімся з гісторыяй, культурай і традыцыямі літоўскага народа.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.