ГРОДНА
Пятніца,
03 мая
2024 года
 

Святы Максімільян – узор для сучаснага свету

З жыцця Касцёла

14 жніўня ў літургічным календары каталіцкага Касцёла адзначаецца ўспамін св. Максімільяна Марыі Кольбэ, заснавальніка рэлігійнага часопіса “Рыцар Беззаганнай” і аднайменнага апостальскага таварыства. Падчас Другой сусветнай вайны святар дабравольна прыняў ў Асвенціме мучаніцкую смерць замест незнаёмага яму чалавека.
Напярэдадні 75-й гадавіны смерці аднаго з апекуноў Гродзенскай дыяцэзіі асаблівым чынам ушанавалі ў парафіі ў Каробчыцах, куды былі ўнесены яго рэліквіі. Падзея адбылася ў парафіі св. Максімільяна Кольбэ і св. Станіслава 13 жніўня. Рэліквіі ўрачыста ўнёс у святыню біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што, абраўшы сваім заступнікам св. Максімільяна, парафіяльная супольнасць даверылася штодзённай апецы вялікага святога. Іерарх заахвоціў вернікаў выпрошваць праз яго Божае бласлаўленне для сябе, блізкіх, парафіі і ўсёй дыяцэзіі.
    З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Аляксандр Мацкевіч. Ён падкрэсліў, што сваім прыкладам святы вучыць сучаснага чалавека аддаваць сябе ў дар іншаму. “У святога Максімільяна не адабралі жыццё – ён сам аддаў яго з любові да бліжняга”, – адзначыў святар.
    Напрыканцы ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Ян Рушніцкі падкрэсліў, што рэліквіі будуць спрыяць духоўнаму ўзрастанню вернікаў і пабуджаць парафіяльную супольнасць развіваць культ Маці Божай, верным слугой якой быў св. Максімільян.

   Жыццёвы шлях св. Максімільяна Кольбэ звязаны з Гроднам
Падчас урачыстага ўнясення рэліквій св. Максімільяна Кольбэ – вялікага сведкі міласэрнасці    У горад над Нёманам а. Максімільян Кольбэ прыехаў у 1922 г. па распараджэнні кіраўнікоў супольнасці айцоў францішканаў. Цягам пяці гадоў ён нёс паслугу ў парафіі Маці Божай Анёльскай. У архівах францішканаў да сённяшняга дня захоўваецца ліст а. Максімільяна да маці, напісаны адразу пасля прыезду ў Гродна. У ім апісваецца жыццё ў кляштары, гродзенскі францішканскі касцёл (у прыватнасці абразы св. Антонія і св. Францішка, якія ў той час карысталіся асаблівай пашанай, а таксама абраз Маці Божай Анёльскай, у якім айцец адчуваў прысутнасць Марыі).
    У Гродне малады святар займаўся тыповай душпастырскай дзейнасцю: дапамагаў пры парафіі, спавядаў вернікаў, час ад часу прамаўляў пропаведзі ды катэхізаваў дзяцей. Паводле сведчанняў парафіян, а. Максімільян быў ветлівы і цярплівы, заўсёды адкрыта і сардэчна размаўляў з маленькімі вернікамі.
    У кляштары францішканін заснаваў выдавецтва, дзе друкаваўся “Рыцар Беззаганнай”. Гэта была цяжкая праца, якая патрабавала шмат намаганняў. А. Кольбэ самастойна уладкоўваў фінансавыя справы, рыхтаваў змест і графічнае афармленне часопіса, шукаў аўтараў, разам з братамі францішканамі насіў пачкі “Рыцара” на чыгунку, каб адправіць у Польшчу. А. Максімільян пісаў: “Маці Беззаганная правяла свайго «Рыцара» праз самыя крытычныя хвіліны. Аднак, ён не толькі не ўпаў, але нават апрануўся ў каляровую вокладку і адшукаў новых чытачоў”.
    Айцец клапаціўся, каб часопіс быў даступны самым бедным. Гэта атрымлівалася дзякуючы ахвяраванням заможных людзей, сярод якіх былі не толькі католікі, але таксама праваслаўныя і габрэі. Справа Максімільяна развівалася, бо айцец гарэў сваёй ідэяй, валодаў харызмай ды дарам яднання паплечнікаў. Гэты чалавек дакладна ўсведамляў, чаго ад яго хоча Бог, і таму ўпэўнена ішоў дарогай свайго паклікання.
    Апроч усяго, праз выдавецкую дзейнасць а. Максімільян аказваў уплыў на маладых людзей. Мясцовыя юнакі прыходзілі ў кляштар, каб дапамагчы айцам друкаваць і сшываць часопіс. Маладыя хлопцы бачылі, што манаскае жыццё – гэта не заўсёды нешта старое і кананічнае, што яно таксама можа быць звязана з сучаснасцю. Працуючы ў друкарні, кандыдаты ў ордэн пазнавалі францішканскую харызму і спраўджвалі сваё пакліканне.
    У горадзе над Нёманам а. Максімільян пазнаёміўся з а. Мельхіёрам Фардонам, які аказаў вялікі духоўны ўплыў на святога. А. Фардон стаў для маладога святара спаведнікам, дарадцам і сябрам. Быў, бадай, адзіным, хто разумеў ідэалы Максімільяна і цяжкасці, якія той перажываў.
    З а. Фардонам звязана адна цікавая гісторыя. У верасні 1915 г., пасля таго, як расійскія войскі адступілі і частку горада заняла нямецкая армія, францішканін выратаваў ад расстрэлу трынаццаць пажарнікаў, абвінавачаных у шпіянажы на карысць рускіх. Айцец паручыўся за іх нявіннасць уласным жыццём. Гісторыя стала мясцовай легендай. Некаторыя з даследчыкаў жыцця св. Максімільяна бачаць у ёй пачатак роздуму святога аб тым, ці можа адзін чалавек аддаць жыццё за другога. І прытрымліваюцца думкі, што прыклад самаадданасці старэйшага духоўнага брата стаў пачаткам да мучаніцтва а. Кольбэ.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  243

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.