ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Пусціць у сэрца Божы прамень

Лісты чытачоў

Пражыўшы нямала гадоў, я думкамі вяртаюся да мінулых падзей. Аналізую ўчынкі свае і іншых людзей, а таксама тое, што я бачыла. Магчыма, таму я так хачу, каб адмеранае Богам жыццё людзі пражывалі ў шчасці і радасці, каб былі добразычлівымі, не зайздросцілі шчасцю і радасці іншага чалавека. Як сцвярджае Вільгельм фон Кэплер, “шчасце – гэта калі іншага зробіш шчаслівым, радасць – калі іншаму прынясеш радасць”.
Чалавек нарадзіўся для таго, каб радавацца, бо радасць – гэта патрэба, сіла, сэнс жыцця. І гэтай радасцю, казаў Францішак з Асізі, ёсць Бог. Для нашай радасці Бог выставіў перад сваім домам сонца. Яно не абходзіць нікога, хіба толькі таго, хто хаваецца ў цень. Бог даў дзень – святло, ноч – цемру. Як жа лёгка і радасна на душы, калі свеціць сонца. І як сумна і цяжка, калі змрочны дзень. Арыентавацца ў цемры няпроста, часам нялёгка знайсці згубленую рэч. Куды цяжэй знайсці ключ, згублены ў цемры грамадства, які б мог адкрыць душы, куды б увайшоў промень сонца.
Змяняецца час, змяняецца мода, людзі. Не змяняюцца таямніцы жыцця і смерці. Ці задумваемся мы над гэтым пытаннем? Ці ўпускаем у свае сэрцы промень сонца, што выходзіць з Божага дома?
    Толькі той, хто ідзе ў Божы дом з адкрытым сэрцам і чыстым сумленнем, разумее, што сапраўдную веру нічым не вымераць, яна дае надзею на лепшае, светлае, радаснае, сагравае людзей і робіць іх больш шчаслівымі. Менавіта для пазнання ніколі не ўміручай тэмы існавання Бога, веры ў Яго і ачышчэння душ існуюць святары.
    Ці лёгка быць ксяндзом? Каб адказаць правільна, трэба ўявіць сябе на гэтым месцы і ўсвядоміць адказнасць за давераную справу ў вырашэнні праблем, звязаных з ёй. Ксёндз – гэта гаспадар касцёла, паручыцель вернікаў перад Богам, духоўна багаты чалавек.
    У апошні час матэрыяльныя каштоўнасці “паглынаюць” людзей. Сёння, калі мы некуды бяжым і не задумваемся аб тым кароткім прамежку часу, які адмераны нам на гэтай зямлі, мне хочацца сказаць: “Людзі, на хвілінку спыніцеся. Хай адпачне вашае сэрца і душа”.
    Як выразна, даступна да свядомасці даносіць тэму духоўнасці ксёндз Павел Ствол у парафіі Рэпля. Пастар тлумачыць, што апрача вялікага зла, якое існуе на свеце, ёсць сонца, што з дня ў дзень узыходзіць і сагравае нас святлом і цеплынёй сваіх промняў. Кожная навука ксяндза павучальная, усяляе веру, надзею, любоў да бліжняга. Пастар хоча, каб людзі ішлі роўнай дарогай, не спатыкаліся. А пры кожным падзенні (калі гэта здараецца) уставалі на ногі і дастойна ішлі далей правільным шляхам.
    Мудры, душэўны, адказны за сваю справу, якую выконвае неабыякава, ён стараецца дасягнуць мэты і жыве надзеяй на самае лепшае ў гэтай парафіі. Бо як інакш? Без надзеі жыццё было б іскрынкай, якая адскочыла ад распаленага вугля і тут жа згасла.
    Нічога вечнага няма, і тое, што будавалася на вякі, пачало разбурацца. Увесь гэты час святар развязвае заблытаны вузел пытанняў. Усе сумленныя парафіяне разумеюць гэта і стараюцца дапамагчы ксяндзу. Аднак часам бывае цяжка вырашыць праблему, у якой ёсць накладка момантаў. Усяго год мінуў, як ксёндз Павел Ствол служыць у нашай парафіі. А колькі яшчэ трэба часу, сіл, цярпення...
    Часам думаю, чаму так часта ў людзей баліць сэрца? Чаму на галаве сівінкі-валасінкі? Тут, хіба, адзін адказ: “У людзей, што навокал, няма да іх добразычлівасці, душэўнай цёплай іскрынкі”.
    Сёння, у Дзень нараджэння ксяндза Паўла, хочацца падзякаваць нашаму пастару за яго запал, старанні, мудрыя даступныя пропаведзі. Жадаю, каб ніколі не балела сэрца, не з’яўляліся на галаве сівыя валасы. Няхай добразычлівасць парафіян напаўняе энергіяй цеплыні і любові, сілай, дадае моцы для аднаўлення касцёла, які з’яўляецца прадаўжэннем памяці нашых продкаў, месцам духоўнасці і з’яднання. Няхай Бог аберагае і дае здароўе, а Маці Божая атуляе сваім плашчом.
    Мець адданага сваёй справе ксяндза – вялікае шчасце. Я нізка схіляю галаву перад мудрасцю, якой ксёндз Павел дзеліцца з намі праз навуку. Няхай гэтая крыніца ўліваецца ў вялікую раку і цячэ бясконца, напаўняючы сэрцы вернікаў цеплынёй, любоўю і сапраўднай верай да Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.