ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Навучыцца дараваць на словах і ў сэрцы

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю ўсіх чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра цану прабачэння, моц духа і межы сэрца. Даведаемся, як правільна дараваць і дзе гэтаму навучыцца.
   Што ж, наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам” (Эф 4, 32).
   Каб адчуць міласэрнасць Бога, трэба прыняць Яго прабачэнне. Яно дае магчымасць па-сапраўднаму дараваць іншым. Пакаянне пашырае межы сэрца і робіць чалавека дабрадушным.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб усе маглі адчуваць міласэрнасць Бога, які да гэтага часу нястомна нам даруе
   Божая міласэрнасць бясконцая. Але Гасподзь выдатна бачыць розніцу паміж людзьмі, шчырымі ў сваім пакаянні, і людзьмі, якія выкарыстоўваюць Яго міласць толькі для заспакаення свайго сумлення. Бог не церпіць крывадушнага пакаяння і злоўжывання Яго міласэрнасцю, але шчодра пралівае ласку на тых, хто прыходзіць да Яго са шчырай пакорай.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    дараванне
   Дараванне – гэта здольнасць адпускаць правіны крыўдзіцелю, рашэнне забыцца пра ўчыненае зло. Чалавек, як правіла, не кіруецца эмоцыямі, а свядома праяўляе міласць у адносінах да бліжняга. Іншым словам, дараванне – гэта дар чыстага сэрца.
    Хтосьці можа меркаваць, што даруюць слабыя і няўпэўненыя ў сабе людзі, і што гэта супярэчыць законам справядлівасці. Але трэба браць вышэй! Над аб’ектыўнымі правіламі існуе нешта больш высокае. На міласэрнасць здольны толькі па-сапраўднаму моцны і светлы духам чалавек.
    Па тым жа прынцыпе і мы не павінны нікому навязваць свае перакананні. Гарманічныя ўзаемаадносіны са светам грунтуюцца на павазе і разуменні.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   навучыцца дараваць на словах і ў сэрцы
   Нярэдка чалавеку цяжка дараваць бліжняму. Гэтаму можа перашкаджаць пыха, моцная эмацыйная траўма і інш. Але мы разумеем, што павінны. Таму і здараецца, што дзеянне на словах і ў сэрцы разыходзіцца.r />    Кожны раз, калі мы не даруем свайму крыўдзіцелю, то нібы завязваем ў сваёй душы нябачны вузялок. Шматлікія крыўды – гэта мноства вузельчыкаў, якія пачынаюць нас душыць. А калі даруем, на душы адразу становіцца лягчэй. Няхай жа сэрца і розум сустрэнуцца ў прыгожым дуэце на дарозе прабачэння.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   дараваць таму, хто гэтага патрабуе, але не просіць
   Часта людзі чакаюць прабачэння з боку сваіх крыўдзіцелей. Але Гасподзь вучыць нас, што сапраўднае дараванне – гэта не рэакцыя на просьбу аб прабачэнні, а рэакцыя на саму крыўду. Дараванне ніколі не бывае заслужаным. Гэта высілак душы, які мае высокую цану: праз акт міласэрнасці чалавек прыпадабняецца да самога Бога. Паспрабуем узняцца на маральную вышыню, “выпусціўшы” са сваёй душы пачуццё непрабачэння.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Умей дараваць”, “Божы дотык”
   Выканаўца заклікае дараваць, нават калі сэрца нагадвае келіх горкіх слёз. Дараваць крыўдзіцелям “святым промнем дабра”, “бо Бог тады твае малітвы чуе, калі ў табе гарыць даравання святло”.

 КНІГА МЕСЯЦА:

   “Шлях да прабачэння”, , а. Уільям А. Менінджэр
   Аўтар падрабязна адказвае на пытанні, што датычацца сэнсу і цаны прабачэння. Кніга складаецца з трох частак: “працэс”, “дзевяць вандроўцаў” і “інструменты прабачэння”. У першым раздзеле разглядаюцца этапы прабачэння, у другім – асобасныя тыпы, сярод якіх можна ўбачыць сябе, а ў трэцім – спосабы дасягнення поўнай духоўнай цэласнасці. Кніга пачынаецца з малітвы аб прымірэнні.
 

АСОБА МЕСЯЦА:
    святы Францішак Ксаверый
   Святы Францішак паходзіць з іспанскай шляхецкай сям’і. Нарадзіўся 7 красавіка 1506 года ў замку Хаўер. Ва ўзросце 19 гадоў адправіўся вучыцца ў Парыж. Падчас навуковай дзейнасці пазнаёміўся і пасябраваў з Ігнаціем Лаёлам. Сумесна з ім і іншымі яго вучнямі ўдзельнічаў у стварэнні Таварыства Езуса.
    Пасля святарскага пасвячэння ў 1537 годзе працаваў місіянерам і займаўся дабрачыннымі справамі. Напісаў статут езуіцкага ордэна пад назвай “Формула інстытута”, які быў зацверджаны ў 1540 годзе булай папы Паўла III.
    Хутка па просьбе партугальскага караля адправіўся на місію ў Індыю. Там прапаведаваў хрысціянства і займаўся стварэннем душпастарскіх пунктаў. З 1545 года працаваў на Малукскіх астравах, а ў 1549 годзе адправіўся з місіяй у Японію. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, арганізаваў там некалькі хрысціянскіх супольнасцей. Наступнай мэтай быў Кітай. Францішак прыбыў на востраў Шанчуань – адзінае месца ў Кітаі, якое дазвалялася наведваць еўрапейцам.
    Не дасягнуўшы кантынента, памёр 3 снежня 1552 года. Беатыфікаваны папам Паўлам VI 25 кастрычніка 1619 года, кананізаваны папам Рыгорам XV 12 сакавіка 1622 года адначасова з Ігнаціем Лаёлам. У 1927 годзе папа Пій ХІ абвясціў святога Францішка заступнікам каталіцкіх місій. Ён таксама лічыцца заступнікам Аўстраліі, Барнэа, Кітая, Індыі, Гоа, Японіі і Новай Зеландыі.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў снежні?
 Св. Францішак (3 снежня),
  св. Мікалай (6 снежня),
  св. Леакадзія (9 снежня),
  св. Люцыя (13 снежня),
  св. Адэлаіда (16 снежня),
  св. Элеанора (19 снежня),
  св. Пётр (21 снежня),
  св. Вікторыя (23 снежня),
  св. Ян (27 снежня),
  св. Яўген (30 снежня),
  св. Меланія (31 снежня).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.