ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Нядзеля, 23 верасня 2018 года
«Кроў мучанікаў
– заклік да еднасці хрысціян»
/ Папа Францішак /

Кожны, хто шукае Бога, знойдзе Яго

На службе Богу

“Слова Жыцця” прадстаўляе ўвазе чытачоў праект пад назвай “На службе Богу”, прысвечаны Году кансэкраванага жыцця. З гэтага часу ў газеце будуць публікавацца гісторыі пакліканняў кансэкраваных асоб, якія жывуць і працуюць у Гродзенскай дыяцэзіі. Свет патрабуе сведкаў, якія ўкажуць іншым сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці і сваім жыццём і радасцю спаткання з Уваскрослым абудзяць свет.
Сёння сваю гісторыю распавядае сястра Філатэя з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
   
    Мае бацькі не ведалі Бога
    “Я нарадзілася ў Гродне ў сям’і працоўных. Мае бацькі жылі без Бога, але гэта не было іх свядомым выбарам. У савецкія часы вера жорстка праследавалася і вынішчалася. А як казаў апостал Павел, вера ад слухання. Не было людзей, якія маглі б перадаць веру маім бацькам, а яны – нам, сваім дзецям”.
    І хоць маці не ведала Бога, была цвёрда перакананая, што дзяцей трэба хрысціць. Дзяўчынка, якую назвалі Наталля, была ахрышчана ў гродзенскім Пакроўскім саборы. Гэта стала пачаткам яе жыцця ў Богу, але, на жаль, дар духоўнага жыцця дзяўчыны доўгія гады не развіваўся. Адзінае, што яна магла чуць пра Бога, – сцвярджэнне, што Яго няма. Так вучылі ў школе. †
“І хоць ніхто пра Госпада мне не расказваў, памятаю, што з самага дзяцінства я пастаянна насіла ў сабе пачуццё тугі па нечым. Як казаў святы Аўгусцін, «стварыў Ты нас, Божа, для Сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не спачне ў Табе»”.
    У юнацкім узросце дзяўчына часта задавала сабе пытанні аб сэнсе жыцця. Яна не магла пагадзіцца з тым, што са смерцю ўсё заканчваецца. І каб напоўніць жыццё сэнсам, Наталля пачала жыць па камуністычных ідэалах. “Чалавек – істота рэлігійная, створаная Богам, каб усёй сваёй існасцю імкнуцца да Яго. І калі чалавек не пакланяецца жывому Богу, ён будзе служыць ідалам. Так, на нейкі час, і я супакоіла сваё сэрца, жывучы камуністычнымі ідэямі, але ў глыбіні душы ўсё роўна адчувала тугу па Богу, якога яшчэ не ведала. Памятаю, якой катастрофай для мяне стаў час перабудовы, калі руйнаваліся ідэі, якіх я прытрымлівалася. І тады я зноў задалася пытаннем, у чым жа сэнс жыцця”.
   
    Першую Камунію я прыняла ва ўзросце 18 гадоў
    Дзяўчына паступіла ў політэхнікум. Нішто не вылучала яе сярод іншых. Любіла сустракацца з сябрамі, хадзіла разам з імі на танцы. Займалася плаваннем, наведвала заняткі па аэробіцы. Аднойчы Наталля прызналася сваёй сяброўцы Ганне, што хацела б верыць у Бога. І была здзіўлена: тая ходзіць у касцёл. Менавіта тады прыйшло ўсведамленне, што, можа быць, яна жыве сярод вернікаў, але проста гэтага не ведае.
    Праз нейкі час Ганна прывяла Наталлю ў касцёл. З часам дзяўчына даведалася, што ўпершыню трапіла ў святыню на Грамніцы, у дзень, калі мы молімся за кансэкраваных асоб. Ці не сімвалічна? Пасля стала рэгулярна збірацца ў нядзелю на Імшу. Прыходзіла, таму што адчувала ў душы радасць і супакой. Калі даводзілася прапусціць нейкую нядзелю, сэрца агортваў сум.
    Аб тым, што Наталля ходзіць у касцёл, Ганна распавяла дома. І тады цёця прапанавала запрасіць сяброўку ў госці, каб паразмаўляць з ёю наконт Першай Камуніі. Такім чынам, гэтая сям’я паклапацілася аб тым, каб Наталля прыняла адзін з самых важных сакрамантаў.
    “Я памятаю, як цёця распавядала мне пра Езуса. Я ўсім сэрцам слухала тое, што яна мне казала, адчувала вялікую радасць. З моманту Першай Камуніі, якую я прыняла ў 18 гадоў, пачаўся мой свядомы шлях да хрысціянскага жыцця. На гэтым шляху Бог акружыў мяне людзьмі глыбокай веры, за што я вельмі Яму ўдзячная. Я бачыла, што Усявышні з’яўляецца для гэтых людзей рэальнай асобай, а не абстракцыяй. Гледзячы на іх жывую веру, я хацела пазнаць жывога Бога і ўсяляк да гэтага імкнулася”.
   
   
Ніхто не насыціць мяне так, як Бог
    Праз нейкі час Наталля трапіла ў неакатэхуменальную супольнасць пабернардынскага касцёла.
    “У супольнасці я адказвала за малітву ў песні. Спявала, каб служыць людзям. Бачу ў гэтым дар Бога”.
    Члены супольнасці шмат часу прысвячалі малітве Божым словам, разважанням над ім. Праз гэтую практыку дзяўчына спазнала любоў Бога, якая захапіла яе. Прыйшло ўсведамленне таго, што ніхто не насыціць яе так, як Бог, і захацелася ўсё сваё жыццё прысвяціць Яму. У гэты ж час Наталлі ў рукі трапіў дзённік святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Дзяўчына ўсвядоміла, што сястра Тэрэза бачыла Бога вачыма веры кожны дзень, у розных паўсядзённых сітуацыях. Яна зразумела, што хоча перажываць такія ж адносіны з Богам.
   
  З сяброўкай Ганнай  Як брат ажэніцца, пайду ў манастыр
    Першыя думкі аб манаскім жыцці ўзніклі ў дзяўчыны за тры гады да ўступлення ў манастыр. Але тады яна была яшчэ не гатова прыняць канчатковае рашэнне. Яно наспявала паступова. Калі ёй споўнілася 22 гады, жаданне прысвяціць сваё жыццё Богу стала мацней. Але была і часцінка сумневу – ці хоча гэтага Бог. Наталля малілася аб распазнанні свайго паклікання. У сваіх малітвах яна таксама прасіла, каб брат сустрэў дзяўчыну, з якой створыць добрую сям’ю. Тады Бог зможа яе забіраць, бо бацькі будуць спакойныя, што дачакаюцца ўнукаў, якіх вельмі хацелі.
    “Так і здарылася. Брат ажаніўся, а праз месяц я пайшла ў манастыр. Я яшчэ была сведкай у яго на вяселлі. Шлюб пара брала ў пабернардынскім касцёле”.
   
    Новае імя – новае жыццё
    “Памятаю, я любіла прыгожа апранацца. Калі давялося збіраць дакументы для паступлення, пайшла да пробашча за характарыстыкай. У размове са мной ён зрабіў акцэнт на тым, што ў кляштары дадуць толькі адну сукенку. Я тады падумала: але ж яна будзе найлепшая”.
    Дзяўчыну прынялі ў пастулят, малодшае паслушэнства. Яна жыла разам з сёстрамі, малілася, прыглядалася да іх ладу жыцця. Адначасова з гэтым вучыла дзяцей рэлігіі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы. Праз год перайшла на наступны этап – навіцыят. Яго мэта – усталяваць глыбокія і індывідуальныя адносіны з Богам.
    “У навіцыяце нам даюць белы вэлюм і новае імя. Новае імя – новае жыццё. Я хацела, каб у мяне было імя, якое б сімвалізавала маю місію, жыццёвы кірунак. Калі прачытала кнігу Францішка Сальскага, у памяці засталося імя Філатэя. Праз яго Францішак звяртаўся да душы чытача, што азначала «душа, якая любіць Бога». Я падумала, што хацела б, каб маёй місіяй было любіць Госпада, адказваць любоўю на Яго любоў. Хоць разумею, што любоў – гэта ахвяра, уменне забыць пра самога сябе. Вось ужо 20 гадоў, як я жыву з гэтым імем і вучуся сапраўднай любові да Бога. Поўнасцю маё імя цяпер гучыць – Марыя Філатэя ад Святой Тройцы”. Пасля двух гадоў навіцыяту сястра Філатэя склала першыя манаскія абяцанні, на год. Далей – юніярат. На працягу чатырох гадоў яна працавала катэхеткай у Навагрудку. Перад самымі вечнымі шлюбамі паехала ў Варшаву на гадавую падрыхтоўку. Там выконвала розныя абавязкі: працавала ў пральні, сталовай, на кухні. Больш часу прысвячала малітве і паглыбленню асабістых адносін з Богам, каб навечна сказаць Яму “так”.
   
 
Бласлаўленне маці падчас вечных шлюбаў   Мы ўзрастаем у Богу
    У жніўні 2002 года ў касцёле сясцёр назарэтанак у Гродне сястра Філатэя склала вечныя шлюбы. Пасля засталася ў родным горадзе і працавала катэхеткай на Дзевятоўцы.
    “Як я ўжо прыгадвала, мае бацькі не ведалі Бога, таму ім было нялёгка зразумець мой выбар. Бацька, здаецца, аж да самай смерці не мог пагадзіцца з гэтым... Цяпер, я спадзяюся, ён нават рады майму рашэнню” (усміхаецца).
    Маці з часам пагадзілася з выбарам дачкі. Каля 10 гадоў таму яна таксама прыйшла да веры і стала свядома яе вызнаваць.
    Сёння сястра Філатэя з’яўляецца настаяцельніцай супольнасці сясцёр назарэтанак у Гродне. Акрамя гэтага, адказвае за падрыхтоўку да вечных шлюбаў сясцёр, якія знаходзяцца ў юніяраце.
    “Некаторыя людзі, напэўна, думаюць, што ў манастыры сабраліся анёлы, што там няма ніякіх цяжкасцей. Не, мы таксама людзі, якія толькі імкнуцца да святасці. Мы проста ведаем, што калі ўсё аддаём Богу і перажываем з Ім, то ўзрастаем у Яго любові”.

 

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  100

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.