ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

“Мы павінны не толькі гаварыць пра Езуса, але і паказваць Яго, даючы сведчанне веры і любові”

На шляху да святасці

Так акрэсліваюць сваю ролю кансэкраваныя асобы. Іх жыццё – гэта найбольш спецыфічная, а таму таксама найбольш незвычайная форма паклікання, якую Бог прапануе чалавеку на гэтай зямлі. Кансэкраваная асоба – гэта хтосьці пакліканы асаблівым чынам пераймаць Хрыста і аддаваць Яму сябе ўсім сэрцам (параўн. 1 Кар 7, 34).
Сястра Марыя  Магдаліна Кулай сястра кармелітка ад Дзіцятка ЕзусЯ пайшла ў кляштар, паколькі яшчэ з дзяцінства хацела служыць Богу, менавіта такой бачыла сваю асноўную ролю ў жыцці. Усім сэрцам я адчувала гарачую патрэбу прысвяціць сваё жыццё Хрысту, я дакладна ведала, што гэтая служба – тое, чаго я шукаю і прагну. Такім чынам я набралася адвагі і вырашыла пайсці за Езусам. Яго любоў паклікала мяне і павяла гэтым шляхам. На дадзены момант мая асноўная місія палягае на катэхізацыі. У трох парафіях я вяду заняткі рэлігіі, рыхтую малодшых вернікаў да Першай святой Камуніі, а таксама праводжу катэхезу для моладзі, якая прыступае да сакраманту канфірмацыі. Маё асноўнае заданне – найменшых прывесці да Бога, расказаць ім пра Стварыцеля, паказаць шлях да Хрыста, умацаваць у веры.
    На маю думку, роля кансэкраванай асобы перш за ўсё заключаецца ў тым, каб адкрыўшы любоў Хрыста, ісці гэтым шляхам, а таксама весці іншых. Бо Езус, калі паклікаў за сабой вучняў, наказаў ім не толькі самім ісці следам, але таксама іншых прыводзіць да Яго. Адкрываючы сваё пакліканне, я адкрываю таксама сваю ролю: збавіць сябе і іншага чалавека, весці людзей да Бога.
У сённяшні час перад кансэкраванымі асобамі стаіць шмат выклікаў. Па-першае, мы жывём у дастаткова складаным свеце. Адной з самых актуальных праблем з’яўляецца праблема адказу на Божы выбар і заклік. Сучасны чалавек мае іншыя жаданні, ён імкнецца да абсалютнай свабоды без адказнасці, клапоціцца не пра духоўнае, а пра матэрыяльнае. Зараз Бог ужо не знаходзіцца на тым узроўні, што быў раней. Людзі губляюць асноўныя жыццёвыя вартасці, таму заданне кансэкраваных асоб – умацоўваць у людзях тое духоўнае, што яшчэ ў іх засталося, нанава абуджаць веру. Але гэта нялёгкая справа. Хоць зараз няма перашкод для таго, каб хадзіць у святыню, адкрыта дэманстраваць сваю веру, людзі цураюцца Бога. І калі ў часы ганенняў духоўныя асобы былі для веруючых падтрымкай, то зараз яны павінны склікаць людзей у касцёл.
    Кожны год у Дзень кансэкраванага жыцця наша супольнасць збіраецца разам. Гэта цудоўная магчымасць не толькі сустрэцца, але, гледзячы адзін на аднаго, яшчэ больш умацавацца. Дзякуючы такім сустрэчам я бачу, што акрамя супольнасці, у якой жыву, ёсць яшчэ іншыя. І хоць прадстаўнікі розных супольнасцей маюць розных заснавальнікаў, жывуць у розных харызмах, маюць свае абавязкі, яны аб’яднаны агульнай мэтай: поўнасцю прысвячаць сябе Богу і служэнню людзям.
   
Айцец  Антоній Пажэцкі OFMConv  пробашч парафіі Маці Божай  Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл)Я адчуў сваё пакліканне яшчэ ў дзяцінстве. У той час я хадзіў у францішканскую святыню, чытаў шмат літаратуры, прысвечанай святому Францішку і святому Максімільяну Кольбэ. Асобы гэтых святых асаблівым чынам паўплывалі на мой жыццёвы выбар, аб чым я ніколі не шкадаваў. Я вельмі цешуся, што магу служыць святаром і належаць менавіта да манаскага ордэна францысканцаў. Таксама важную ролю ў выбары маёй жыццёвай дарогі адыгралі духоўныя асобы, якія неслі сваю паслугу ў парафіі Маці Божай Анёльскай. Яны сваёй паставай, адданасцю і верай з’яўляліся для мяне прыкладам.
    Калі казаць пра ролю манаскага жыцця, то я бачу яе перш за ўсё ў тым, каб пачуўшы Божы заклік, старацца адказваць на яго належным чынам. Кансэкраванай асобе трэба кожны дзень пацвярджаць той выбар, які яна аднойчы зрабіла і афіцыйна пацвердзіла ў храме, трэба захоўваць вернасць манаскім абяцанням. Святы Францішак казаў, што вобраз, стыль жыцця францысканцаў заключаецца ў тым, каб жыць паводле Евангелля. Свет, у якім жывуць людзі, можа змяняцца, а Евангелле заўсёды актуальнае. Я лічу, што асобы, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, становячыся манахамі і манахінямі, яшчэ раз павінны сабе і іншым людзям паказаць актуальнасць Евангелля і ў сённяшні час. Наша жыццё павінна быць узорам і прыкладам таго, што сёння неабходна жыць згодна з Божым словам. Мне падаецца, што не варта прыдумваць нешта новае, трэба перш за ўсё старацца будаваць свет вакол нас у адпаведнасці з вучэннем Хрыста. Трэба не толькі слухаць Божае слова і разважаць над ім, але яшчэ паказаць, што гэтым Словам можна кіравацца ў штодзённым жыцці.
   
Сястра Марлена JSSM (злева) Шанштацкі Інстытут  Сясцёр МарыіУ маёй кансэкрацыі самым важным для мяне з’яўляюцца мае асабістыя адносіны з Богам. У гэтых адносінах ёсць два моманты: Божы заклік і тое, што я яго чую, а таксама мой адказ на гэты заклік.
    Кожная кансэкраваная асоба некалі здзейсніла гістарычны факт: пачула голас Бога і адказала Хрысту “так”. Аднак, адносіны з Богам нельга раскласці ад пачатку да канца. Заклікі заўсёды новыя, таму нічога нельга запланаваць, трэба кожны дзень прысвячаць сябе служэнню Езусу. Кансэкрацыя ў жыцці жанчыны застаецца таямніцай абмену любоўю: жанчына хоча адчуваць і адчувае сябе любімай Богам, а дзякуючы гэтаму яна здольна любіць іншых. Інакш кажучы, манаская сястра ўкладвае ўсё сваё сэрца і ўвесь энтузіязм у тых, за каго моліцца ці да каго паслана ў межах атрыманай харызмы.
    У сучасным свеце чалавек не хоча мець абавязкаў, яму не хапае адказнасці скончыць пачатае. А я сваім жыццём хачу паказаць, што вернасць Хрысту магчымая. Сёння свет вельмі секулярызаваны: чалавек можа ўсё растлумачыць, усё купіць, Бог яму не патрэбны. А таму перад кансэкраванай асобай стаіць задача несці Бога ў гэты свет.
    Айцец Юзаф Кэнтэніх, заснавальнік Шанштацкага руху, да якога я належу, хацеў мець сясцёр, якія былі б поўнасцю адданыя Богу і адначасова знаходзіліся побач з іншым чалавекам, былі нібы мастом паміж Богам і светам. Наша задача – напаўняючыся Божай любоўю і дабрынёй, дзяліцца імі з іншымі. Пакліканне з’яўляецца таксама выключным заданнем, якое патрабуе дысцыпліны, мудрасці, каб трываць у сувязі з Богам, а праз сваю праўдзівасць даваць сучаснаму чалавеку сведчанне і весці яго на Божую дарогу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.