ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Калючыя іголкі

Дзіцячы куточак

“Як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам”
(параўн.: Пс 133 (132), 1)
У адным лесе жылі па суседству два вожыка. Днём яны збіралі грыбы і ягады, грэліся на сонейку, а па начах кожны залазіў пад сваю елку.
    Трэба сказаць, што ноччу ў лесе было вельмі холадна і мокра. Яшчэ з вечара пачынаў слацца густы туман, акутваючы траву, кусты і дрэвы белай заслонай. Вожыкі збіралі лісточкі і траву, каб зрабіць сваё сховішча цяплейшым. Але гэта не вельмі дапамагала, і па начах яны трэсліся ад холаду. А раніцай з першымі промнямі сонца яны выбіраліся на палянку і грэліся там.
Аднойчы раніцай па палянцы прабягаў зайчык і ўбачыў вожыкаў, якія дрыжалі ад холаду.
    – Што з вамі здарылася? – спытаў зайчык у вожыкаў.
    – Мы мерзнем халоднымі начамі, – адказалі вожыкі.
    – А мы, зайцы, не мерзнем, – весела сказаў зайчык. – Мы ўсе збіраемся ў сваю вялікую нару, прыціскаемся адзін да аднаго, і нашыя кажушкі становяцца як адна вялікая футравая коўдра. Нам вельмі цёпла і добра!
    І зайчык паскакаў далей, пакінуўшы вожыкаў у задуменні.
    – Але ў кожнага з нас сваё сховішча пад елкай, – сказаў адзін вожык.
    – І ў кожнага пад гэтай елкай свае запасы ягад і грыбоў, – сказаў другі.
    Вожыкі паглядзелі адзін на аднаго і разышліся кожны ў свой бок.
    Да вечара неба над лесам зацягнула чорнымі хмарамі. Падняўся моцны вецер. Стала вельмі холадна, пайшоў дождж. Вожыкі разбегліся пад свае елкі. Але дождж быў такі моцны, што прабіваўся скрозь касматыя яловыя галінкі. Вечарам холад толькі ўзмацніўся. Бедныя мокрыя вожыкі проста трэсліся ад холаду.
    І раптам адзін з іх узгадаў пра тое, што сказаў зайчык. “А можа, і праўда, трэба пайсці да суседа? Разам нам будзе цяплей”, – падумаў вожык і высунуў нос з-пад сваёй елкі. У лесе стаяла цёмная ноч і бушавала непагадзь. Пераадольваючы страх, вожык панёсся да свайго суседа.
    – Як добра, што ты прыйшоў! – усклікнуў адзін з вожыкаў. – Я ўжо хацеў бегчы да цябе. Давай паспрабуем прыціснуцца адзін да аднаго, як зайцы, і накрыемся лісцем. Можа, нам будзе цяплей.
    І вожыкі паспрабавалі абняцца.
    – Ой! – закрычаў адзін.
    – Ай! – абурыўся іншы.
    – Ты колеш мяне сваімі іголкамі! – усклікнулі яны ў адзін голас і пакрыўджана паглядзелі адзін на аднаго.
    Але тут ударыў гром і бліснула маланка. Ад страху вожыкі апусцілі свае калючкі і цесна прыціснуліся адзін да аднаго. Яны забіліся пад самыя карані дрэва, накрыліся ад страху лісцем і... раптам адчулі, як ім стала цёпла і прыемна. – Ух, ты! – здзівіўся адзін.
    – Вось як! – усклікнуў другі.
    – Трэба было ўсяго толькі схаваць іголкі! – прамовілі яны ў адзін голас.
    І сагрэўшыся, шчаслівыя вожыкі заснулі пад шум начнога дажджу. На наступную раніцу яны вырылі адну вялікую норку пад самай густой елкай, а затым нацягалі туды травы і лісточкаў. І яшчэ побач яны збудавалі агульную норку для захоўвання запасаў. Разам ім жылося добра і ўтульна.
    Сустрэўшы знаёмага зайчыка, яны не забыліся падзякаваць яму за добрую параду. Вестка пра двух вожыкаў, якія дружна жывуць разам, разнеслася па ўсім лесе. Да іх сталі прыходзіць лясныя жыхары, каб даведацца, як у іх гэта атрымліваецца – жыць у адным сховішчы і не сварыцца. Вожыкі расказвалі кожнаму свой сакрэт, і лясныя жыхары нібыта адна сям’я станавіліся ўсё больш дружнымі.
    Пад старой елкай вожыкі вырылі вялікую нару. Днём яны збіралі запасы, адчуваючы цяпло і клопат адзін за аднаго. Калі наступіла зіма, вожыкі правялі яе ў цеплыні, сытасці, а галоўнае, у любові і клопаце, прыціснуўшы свае іголкі і думаючы адзін пра аднаго.
    Усім, хто жыў у лесе, перадавалася іх цяпло – цяпло любові, дабра і сяброўства.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.